Беларусь — радзіма сланоў. І Расійскай імперыі
Да такога не дадумаўся нават паважаны намі Зянон Станіслававіч Пазняк. Новыя асновы беларускай ідэалогіі канчаткова сцвярджаюць нашу краіну як, не пабаюся гэтых слоў, дамінуючую і цывілізацыйна-вызначальную на ўсім еўразійскім кантыненце. Гэта значыць, не толькі ў Еўропе, але і ў Азіі.

Жартаўлівы сцяг Беларускай імперыі. Малюнак з pikabu.ru
Вось усе думалі, што Лукашэнка ціхенька прадае Беларусь Расіі. Яго нават «васалам Расійскай Федэрацыі» называлі. А аказалася, ён у чарговы раз усіх абхітрыў, стварыўшы надзвычай шчыльную дымавую заслону. І за гэтай дымавой заслонай ён распрацоўваў беларускую ідэалогію, якая можа ў будучыні дазволіць нашай краіне прэтэндаваць на самыя розныя тэрыторыі. Аж да стварэння новай беларускай імперыі «ад мора да мора». Або «ад Лісабона да Уладзівастока» — як каму больш падабаецца.
Уся справа ў дырэктыве №12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы», падпісанай кіраўніком Беларусі на днях. Як паведамляе яго прэс-служба, дакумент накіраваны на павышэнне эфектыўнасці ідэалагічнай работы, а таксама на актуалізацыю нарматыўна-прававой базы, якая рэгулюе гэтую сферу.
Мэтай ідэалагічнай работы называецца вызначэнне пабудовы «сацыяльна справядлівага грамадства праз фарміраванне ўсебакова развітай асобы, якая адстойвае нацыянальныя інтарэсы» — у гэтым няма нічога новага, практычна такая ж фармулёўка сустракаецца і ў канстытуцыях Беларусі розных узораў (за выключэннем фразы пра «нацыянальныя інтарэсы»).
Але самае цікавае, што ў гэтым дакуменце нам упершыню за ўсе гады стварэння ідэалогіі патлумачылі, адкуль яна ёсць пайшла і з чым яе ядуць.
«Ядром фарміравання беларускай дзяржаўнасці лічацца Полацкае і Тураўскае княствы. Таксама гістарычнымі формамі беларускай дзяржаўнасці, якія належаць і ўсім іншым датычным народам, з'яўляліся Старажытнаруская дзяржава, Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя. Пачатак станаўленню нацыянальнай беларускай дзяржаўнасці дала Кастрычніцкая рэвалюцыя. Яе вынік — абвяшчэнне 1 студзеня 1919 года ССРБ (пасля — БССР), якая ў якасці раўнапраўнага суб'екта выступіла адной з заснавальніц СССР. Рэспубліка Беларусь з 1991 года з'яўляецца правапераемніцай БССР», — тлумачыцца ў дырэктыве.
Вы разумееце, што і Рэч Паспалітая, і Расейская імперыя, аказваецца, з'яўляюцца «гістарычнымі формамі беларускай дзяржаўнасці»? І шкада, што на СССР замахнуцца духу не хапіла, хоць і адзначаны той факт, што БССР — таксама заснавальніца Саюза. Падаецца, мы (не мы, канешне, але ўсё ж) упершыню агалосілі свае імперскія амбіцыі.
Паводле вызначэння дзяржаўнасці, яна — «асаблівая прыкмета, стан развіцця пэўнага грамадскага ўтварэння (нацыі, групы народнасцяў, народа), які здолеў стварыць уласную дзяржаву, нацыянальную прававую сістэму або аднавіць гэтыя інстытуты, страчаныя ў сілу розных прычын... Дзяржаўнасць ёсць сутнасць, якасць дзяржавы. Дзяржава ж — праява, форма дзяржаўнасці».
І калі «гістарычнай формай беларускай дзяржаўнасці» ёсць Расійская імперыя, то атрымліваецца, што тая самая Расійская імперыя — гэта беларуская дзяржава. Таму што «дзяржава — гэта форма і праява дзяржаўнасці».
А значыць, калі мы — нашчадкі Расійскай імперыі, то падайце нам сюды «Кемску воласць»! А калі не воласць, дык у нашай дзяржаве былі і Крым, і Фінляндыя, і Уладзівасток разам з Калінінградам і Варшавай (не забывайцеся, што Рэч Паспалітая — гэта таксама «беларуская дзяржаўнасць» па-лукашэнкаўску).
Калісьці ў добрай газеце «Навінкі» быў комікс пра тое, што ў выніку саюза Беларусі і Расіі студэнты ў Казані і Екацярынбургу вымушаныя вучыць беларускую мову. Выглядае, што Лукашэнка зрабіў яшчэ адзін крок да здзяйснення гэтага жартаўлівага, але прароцтва, і далучэння Расіі да Беларусі.
Праўда, пакуль гэта, па вызначэнні аўтара тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» усяго толькі «вербальныя інтэрвенцыі», але хто ведае... Асабліва ў разрэзе некаторых цэнтрабежных тэндэнцый у самой Расіі, якія падмацоўваюцца паводзінамі расійскіх жа грамадзян.
Так, самі грамадзяне Расіі не вельмі ўпэўненыя ў добрым стане ўласнай эканомікі і ўласнай краіны. «Расійская газета» са спасылкай на статыстыку Цэнтрабанка РФ напісала, што жыхары Федэрацыі за апошнія тры гады ўтрая нарасцілі ўкладанні ў крыптавалюты. Акрамя таго, Цэнтрабанк РФ зафіксаваў шасціразовы рост укладанняў у «металічныя рахункі» — гэта значыць у золата. То-бок, што грамадзяне Расіі з пачаткам вайны ва Украіне (так, гэта як раз тры гады) сталі менш давяраць свайму рублю і ўкладваюцца ў актывы, якія лёгка перавезці з сабой у выпадку грандыёзнага шухеру.
А ў нас на расійскі рынак, і, адпаведна, расійскі рубель, завязана каля 70% экспарту.
Ну і на гэтым тыдні ў мы пачалі рыхтавацца да чарговага раўнду перамоў па будаўніцтве ў Беларусі другой АЭС у рэспубліцы, хоць у нас і першая не вельмі патрэбная і часта ламаецца.
Як заявіў міністр энергетыкі Дзяніс Мароз у эфіры аднаго з дзяржтэлеканалаў, яго ведамства рыхтуецца да таго, каб праводзіць тэхнічныя кансультацыі з Расійскай Федэрацыяй для абмеркавання тэхнічных параметраў другой беларускай атамнай электрастанцыі. Паводле яго слоў, падчас кансультацый плануецца абмеркаваць фінансавыя ўмовы супрацоўніцтва і тэрміны рэалізацыі праекта.
І гэта правільна, бо нам вельмі патрэбныя грошы. А «фінансавыя ўмовы супрацоўніцтва», вядома ж, маюць на ўвазе расійскія крэдыты, якія, як спадзяюцца беларускія чыноўнікі, аддаваць не давядзецца.
А калі гэтыя крэдыты і запатрабуюць назад — заўсёды можна абвясціць дэфолт або аддаць грошы беларускімі рублямі на рахунак у «Беларусбанку». Схема ўжо правераная і абкатаная, так?