Беларусь выключылі з працоўнай групы Еўрапрасторы вышэйшай адукацыі
Праз няспынныя акадэмічныя рэпрэсіі Беларусь страціла месца ў кіраўніцтве працоўнай групы Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Такую прапанову ўнёс Еўрапейскі студэнцкі саюз.

Як паведамляе нямецкае выданьне Forschung & Lehre, такое
рашэнне прынятае на пасяджэнні Балонскай групы ў Славеніі.
Тады ж Беларусі неафіцыйна прапаноўвалася адмовіцца ад
сустаршынства ў групе, але Мінск на гэта не пайшоў.
Беларусь павінна была прыступіць да кіраўніцтва працоўнай
групай у другой палове 2022 году. Паколькі яна не сябра Еўрасаюза, функцыі
належала падзяліць з Чэхіяй. Аднак на пасяджэнні краіны-сябры і міжнародныя
арганізацыі скрытыкавалі рэпрэсіі беларускіх уладаў у дачыненні да выкладчыкаў
і студэнтаў у Беларусі.
Студэнцкія асацыяцыі і ініцыятыва «Грамадзкі Балонскі
камітэт» зарэгістравалі амаль 500 арыштаў студэнтаў, 12 чалавек асуджаныя
паводле «справы студэнтаў», іх прызналі «схільнымі да экстрэмізму». Блізу 180
навуковых супрацоўнікаў пакаралі адміністрацыйнымі штрафамі з палітычных
матываў.
Згодна са звесткамі «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў»,
крымінальныя справы заведзеныя супраць не менш як паўсотні студэнтаў і
выкладчыкаў, справы многіх дагэтуль застаюцца непублічнымі. Усе яны
пераследуюцца за ўдзел у акцыях пратэсту, якія з 1 верасня 2020 году
практычна штодзень праходзілі ў ВНУ. Байцы АМАП затрымлівалі навучэнцаў проста
ў сценах іх альма-матэр.
Беларусь з другой спробы прынялі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі і Балонскі працэс у 2015 годзе. Да таго пытанне здымалася з парадку дня, бо адмысловая рабочая група прыйшла да высновы, што краіна да гэтага не гатовая — няма аўтаноміі ўніверсітэтаў, акадэмічных свабодаў, удзелу студэнтаў у самакіраваньні і іншага.
Паводле «Свабоды».