Беларуса сустрэнеш у кожным горадзе Польшчы

Лёсавызначальныя падзеі 2020 года прывялі да таго, што беларуса знайсці можна ў любым кутку Польшчы.

belarusy_sch_polszczy.jpg

Калі чуем фразу «беларусы ў Польшчы» або «беларуская дыяспара ў Польшчы», як першыя асацыяцыі на думку прыходзяць Варшава і варшаўскія аб’яднанні беларускіх актывістаў і палітыкаў або Беласток і суседнія мясцовасці, дзе акрамя тых, хто з’ехаў з краіны, пражываюць спрадвеку этнічныя беларусы.

Я скантактаваўся з прадстаўнікамі некаторых беларускіх дыяспар з гарадоў іншых, чым Варшава і Беласток, каб даведацца наколькі яны былі свядомыя, што побач пражываюць іншыя землякі, да жніўня 2020. І так Ганна Радзюк, якая пражывае ў Торуні і прадстаўляе дыяспару ў ваяводстве Куяўска-Паморскім сказала, што да першай акцыі салідарнасці яна нават не ведала, што побач ёсць іншыя беларусы:

— У першыя дні я была першай асобай, якая выйшла да помніка Каперніку. Я была адна. А калі я стала пад помнікам, то да мяне далучыліся іншыя асобы. Я раней не ведала, што тут хтосьці жыве з Беларусі. Не цікавілася гэтым.

Вадзім Сцяржанаў, які пражывае ў Кракаве, кажа, што нават калі беларусы ведалі, што ёсць яшчэ іншыя — то часта і так шукалі кантакту з мясцовымі палякамі больш, чым з землякамі. Пасля жніўня 2020 усё змянілася:

— Да ўсім нам вядомых падзей жніўня 2020 года я ведаў, што шмат беларусаў жыве ў Кракаве. Некаторыя з гэтых беларусаў мелі жаданне шукаць адно аднаго і хацелі знаёміцца, але не было нейкага аб'яднаўчага фактара. У адрозненне ад нашых паўднёвых суседзяў украінцаў, беларусы заўсёды стараліся расплавіцца ў грамадстве, у якое яны трапляюць: едуць у Італію і адразу спрабуюць стаць італьянцамі, прыязджаюць у Польшчу — спрабуюць стаць палякамі, не падкрэсліваюць нацыянальную ідэнтычнасць. Калі адбыліся ўсім вядомыя падзеі, у людзей адкрыўся нейкі вакуум унутры і яны шукалі выйсця для сваёй энергіі, сваёй беларускасці, якая ёсць у кожным з нас, і, на шчасце, некаторыя людзі былі ў стане закінуць вуду, скажам так, і спрабаваць прыцягнуць да сябе ўсіх, каму цікава рабіць нешта ў гэтым накірунку.

Узроўні згуртавання могуць быць розныя. Ёсць беларускія аб’яднанні, якія афіцыйна зарэгістраваны, а ёсць і такія, якія працуюць на грамадскай аснове. Афіцыйны фонд зарэгістравалі, напрыклад, беларусы Лодзі, якія дзякуючы гэтаму маюць большыя магчымасці, каб дапамагаць беларускім уцекачам. І Лодзь дзякуючы гэтаму мае сродкі, каб дапамагаць уцекачам, пра што расказаў нам Вадзім Шышко:

— Фонд з’явіўся ўвосені мінулага года — гэта было звязана менавіта з тым, што адбывалася ў Беларусі. Склалася такая сітуацыя, што прыйшла першая хваля нашых спантанных уцекачоў. Людзі беглі амаль ні з чым, вобразна кажучы, голыя, босыя. Людзі збягаюць, бо зразумела, што там іх могуць пасадзіць невядома за што на колькі гадоў, таму яны ратавалі сябе. І калі гэтая хваля прыйшла ў Польшчу, то хаця ў Лодзі мала было беларусаў, тыя хто быў, адразу пачалі думаць: што зрабіць, як дапамагчы гэтым уцекачам. І прыйшлі да высновы, што лепш зрабіць афіцыйную арганізацыю, з дапамогай якой будзе лягчэй аказваць дапамогу ўсім пацярпелым беларусам.

Афіцыйная рэгістрацыя дазваляе арганізацыям падаваць заяўкі на рознага віду праграмы і гранты, якіх у беларускім ці агулам усходнім напрамку і дапамозе ўцекачам з’яўляецца досыць шмат. Важным аспектам гэтай падтрымкі і ўвогуле дзейнасці беларускіх дыяспар у польскіх гарадах з’яўляецца супрацоўніцтва з лакальнай уладай і мясцовым насельніцтвам. У гэтым аспекце ўсе хваляць адносіны як з аднымі, так і з другімі. Уладзімір Крумін з кракаўскай дыяспары гаворыць, што падтрымка гарадскіх улад шматбаковая:

— Калі казаць пра падтрымку польскіх улад — яна разнастайная. Нам падабаецца, што ўлады вельмі добра ставяцца да нашых культурных акцый. Мы адчуваем вельмі вялікую дапамогу ад Кракава, ад мэрыі. Калі казаць пра дапамогу для ўцекачоў — з гэтым больш складана. Тут шмат праблем, але мы таксама іх вырашаем.

А калі казаць пра рэакцыю палякаў, якія праходзяць міма розных акцый беларускай дыяспары, яны таксама вельмі пазітыўна ставяцца да беларусаў. І пра гэта гавораць усе. Найбольш прыкметная падтрымка ад людзей, якія таксама змагаліся за сваю свабоду ў Польшчы ў 80-х гадах:

— Калі я ўдзельнічаў у акцыях, я глядзеў і на беларусаў, і на палякаў, і негатыўных рэакцый не было. Пазітыўныя былі. Ідуць выпадковыя мінакі, і яны неяк нам голасам або жэстам аказваюць падтрымку. Асабліва палякі старэйшага ўзросту, якія прайшлі праз 80-я, праз часы «Салідарнасці». Яны вельмі добра разумеюць, што ў нас зараз адбываецца. У маім працоўным калектыве ў Лодзі ад палякаў таксама толькі пазітыў зыходзіць. Яны ведаюць, што я актывіст, і выказваюць адзін толькі пазітыў.

Прыклад гэтых гарадоў, пра якія мы сёння размаўлялі, паказвае, што беларусы адчуваюць сябе добра не толькі ў вялікай Варшаве і самым блізкім да Беларусі Беластоку, а могуць арганізавацца паўсюль і ў кожным кутку атрымаюць разуменне і падтрымку. Калі камусьці давядзецца з’язджаць з Беларусі праз пераслед або таму, што чалавек баіцца за сябе і за сваіх блізкіх — беларускія дыяспары Польшчы шчыра прымуць гэтых людзей і дапамогуць адчуваць сябе ў Польшчы, быццам ты сярод сваіх.

Альберт Ежы Вяжбіцкі, www.polskieradio.pl