Беларуская мова: lost in translation?

Цяперашні хаос у беларускай мове з’яўляецца і прычынай, і наступствам распаду беларускамоўнай грамады. Ён перашкаджае выкарыстоўваць яе як эфектыўны сродак зносін для жыцця. І гэта праяўляецца, між іншага, у асаблівым, «перакладчыцкім» спосабе карыстання мовай.

1437_chutkasny_rezym.png


Ёсць жарт, які цудоўна тлумачыць гэту праблематыку. «Паняцце якасці перакладу з’явілася тады, калі з’явіўся другі перакладчык». Файны жарт. Вядома, што адну і тую ж думку можна перадаць рознымі словамі і фразамі. А пераклад аднаго і таго ж тэксту рознымі людзьмі практычна заўжды розны. І калі дадаць прынцып «лепшае — вораг добрага», то заўжды можна знайсці цудоўны пераклад, а астатнія ганіць як неідэальныя.
Але пры чым тут спецыфіка перакладу? Большасць актыўных карыстальнікаў беларускай мовы вывучылі яе на аснове рускай і абапіраюцца на яе як на мову арыгінала, перакладаюць з яе. Гэтая ж большасць аточана рускамоўным асяроддзем, чуючы і перапрацоўваючы рускія словы. Ці не чулі, як то тут, то там нехта пытае пра пераклад новага рускага мэма, жарганізму, анекдота? Ці не чулі, як абгрунтоўваюць выбар беларускага слова руска-беларускім слоўнікам? У выніку кожны перакладае па-рознаму, а потым кожны ацэньвае іншых.
Разнабой заканамерны, бо здаровае існаванне мовы — гэта калі яна служыць сродкам зносін, абмену думкамі ўнутры грамады і не звязана ні з якай іншай мовай як мовай арыгінала; гэта калі маўленне людзей — унутраны абмен, а не перапрацоўка іншай мовы. У такой сітуацыі зносіны ў асяроддзі прыводзяць да пэўнай сінхранізацыі, вылучэння больш распаўсюджанага варыянта, фарміравання узусу і нормы. Але ў нас працэсы ідуць у іншым кірунку.
Да энтрапіі ў перакладах дадаюцца і іншыя фактары. Напрыклад, устаноўка саромецца слоў, падобных да рускай, бо нехта некалі высмейваў беларускую як пераробку рускай. «Перакладчыкі» гавораць па-беларуску, азіраючыся на рускую, падбіраючы непадобныя словы. І кожны выбірае сваё непадобнае.
Або такі фактар, як адпрэчванне літаратурнай мовы. Пачуўшы ад палітызаваных папулярызатараў, што літаратурная норма — русіфікаваная, г.зн. несапраўдная і чужая, падманутыя пачынаюць шукаць пераклады ўсюды, але не ў «ганебнай» школьнай мове. Лагічным было б спытаць у папулярызатараў, а якой нормы трымацца, або папрасіць паказаць жывое аднамоўнае асяроддзе, дзе па-беларуску гавораць, не перакладаючы, і дзе кожны беларускамоўны аточаны іншымі беларускамоўнымі. Але не пакажуць. Яны раяць, як не рабіць, але не даюць прыкладу, як рабіць. У выніку людзі знаходзяць кучу альтэрнатыўных слоўнікаў або бяруць наўгад з тэкстаў. І пераклад па розных слоўніках заканамерна ва ўсіх выходзіць розны.
А яшчэ адрозніваюцца пераклады на першую засвоеную (родную) мову і пераклады на замежную (вывучаную). У першым выпадку перакладчыкі схіляюцца перакласці згодна з нормай, узусам, і кола варыянтаў звужаецца, і ў розных перакладчыкаў варыянты перакладу менш адрозніваюцца. Калі ж перакладаць на вывучаную, то такога адчування мовы ў чалавека няма, ён можа выбіраць наўгад або з нейкіх суб’ектыўных меркаванняў.Уявіце школьную алімпіяду па перакладзе на замежную мову складанага тэксту з незнаёмымі словамі, дзе ўдзельнікам далі набор розных слоўнікаў, у тым ліку аўтарскіх, паэтычных, гістарычных, дыялектных і г.д. Уявілі, якая стракатасць у перакладах атрымаецца? А цяпер уявім, што са слоўнікаў прыбралі сучасныя слоўнікі, ухваленыя афіцыйнымі мовазнаўчымі інстытутамі. Вось дзе выйдзе карнавал!
Ці дарма я вінавачу папулярызатараў, што яны спрыяюць узбагачэнню ведаў пра мову, слоўнікавага запасу людзей, ці я заклікаю да абяднення мовы? Ні ў якім разе. Проста не трэба падманваць іншых і сябе самога — для мэтавай аўдыторыі ўсяго гэтага папулярызатарства асновай з’яўляецца не проста руская мова, а руская літаратурная мова, і гэта аснова ў большасці не развіваецца. То-бок, арганізатары модных курсаў могуць, колькі хочуць, казаць, што ніхто ў свеце не гаворыць на літаратурнай мове, але пры гэтым паказваць пераклад з рускай літаратурнай і на рускую літаратурную.
І руская літаратурная (тая, якую вучаць у школах), гэта яшчэ гучна сказана. Часта гэта проста «базавы набор слоў», трохі большы за той, па якім у Расіі экзаменуюць гастарбайтараў. То-бок, нашы папулярызатары неўсвядомлена падтрымліваюць каштоўнасць літаратурнай мовы, але чамусь толькі для рускай мовы, а не для беларускай. І падманваюць іншых і сябе, бо хочуць прышчапіць вучням вытанчаную эстэтыку вышэйшага ўзроўню, мінаючы простыя асновы.
У выніку беларускамоўныя робяцца нібыта перакладчыкамі-эстэтамі, якія ацэньваюць пераклады адно аднаго і лаюць адно аднаго за «дрэнную» якасць.
Перакладаючы беларускія словы буякі, ровар і адзенне, папулярызатары заўжды скажуць голубика, велосипед і одежда. Куды падзелася імкненне да высокіх матэрый? Можна ж было ўжыць небанальныя словы гонобобель, самокат і платье?
Або ўзяць тое ж табло «Выконвайце хуткасны рэжым», якое Лукашэнка сказаў замяніць на рускае. Хаця пра існаванне табло патрыёты беларушчыны ўспомнілі тады, калі яго загадалі зняць, яны былі шчодрыя на прапановы, як правільна мусіла перакладацца «Соблюдайте скоростной режим». І «датрымлівайце», і «прытрымлівайцеся», і «захоўвайце», і «кіруйцеся», і «Не перавышайце хуткасць», і «Ездзіце паціху». І хоць бы хто паставіў пад сумненне рускую фармулёўку! Вось і атрымліваецца, што беларуская мова — нібы палігон для выпрабавання густаў, а руская застаецца сродкам зносін для практычнага жыцця, бо звязана наўпрост з думкамі і досведам і ўстоянасць, унармаванне, кадыфікацыя, пашыранасць дапамагаюць арыентавацца ў выпадку шматзначнасці. Няўжо для беларускай гэта няважна?
Дрэнна, калі людзей пачынаюць вучыць з таго, як няправільна, або па якіх прыкметах вызначыць няправільнае. Заганнасць падыходу ў тым, што сапраўднае навучанне спачатку прышчапляе пэўныя ўзоры, паказвае, як трэба і з чаго пачынаць. Тое, што не ўваходзіць у першыя стадыі навучання, неабавязкова няправільнае. Напрыклад, «гэта табе яшчэ рана ведаць». Або гэта для іншай сітуацыі, гэта для пэўнага кола, гэта з пэўнай вёскі і г.д., і ўжо канкрэтныя выпадкі сапраўды — няправільна. Прычым для носьбітаў мовы навучанне пачынаецца не са школы, яны спазнаюць яе ў асяроддзі. І толькі пасля гэтага ім можна прад’яўляць спіс непісьменных слоў, бо ў яго ўжо ёсць даволі шырокі досвед у мове. Гэта не працуе з тым, хто вывучае мову як наступную, на аснове іншай, гэта збівае яго з панталыку.
Калі прышчапляць такую тактыку адпачатку, то вучань новай мовы робіцца абмежаваным. Ён вынес прысуд і не развіваецца. Тым больш, калі людзей навучаюць выбіраць між падобным да рускага і непадобным да рускага — бо тады замацоўваецца прэзумпцыя ведання рускай мовы. Каб ведаць, як правільна ў беларускай мове, прапануецца вылічваць праз рускую, то-бок для правільнага навучання беларускай трэба ведаць рускую? Гэта непрымальна. Роднасць любой мовы заключаецца ў яе першаснасці пры фарміраванні сувязей з паняццямі ў галаве, гэта «мова думак». Калі адна мова вызначаецца праз другую, то яна не родная.
А яшчэ страшна бачыць, якую блытаніну ўносяць у галовы дзяцей тыя з беларускамоўных бацькоў, калі аддаюць іх у школы, але пры гэтым крытыкуюць школьную мову як няправільную. Далёка не ўсе з бацькоў гавораць без памылак, далёка не ўсе з бацькоў маюць аднастайную мову з іншымі бацькамі, а фізічнае беларускамоўнае асяроддзе дарослых і дзяцей, дзе дзеці маглі б арыентавацца на узус, адсутнічае. Вынік — кагнітыўны дысананс, калі дарослыя аддаюць дзяцей вучыць тое, у што самі не вераць, але і свайго не прапаноўваюць. Заканамерна, што большасць дзяцей беларускамоўных не заставалася беларускамоўнай.Беларускай мове трэба вяртаць яе ролю сродку зносін, безадноснага да іншых моў. Для гэтага трэба раздзяляць яе самадастатковае, аўтаномнае ўжыванне і ўжыванне ў перакладах.