Беларусы. Якія яны ёсць?
Што зрабіў беларус ці грамадзянін Рэспублікі Беларусь для росквіту сваёй дзяржавы незалежна ад таго, на якой ён мове гаворыць дома і ў грамадстве? Вось тут можна заўважыць шмат парадоксаў. Наогул, Беларусь — гэта краіна парадоксаў. Тут раскажу пра парадокс на аснове валодання мовай.
У кожнай краіне пануе свая мова, па якой і вызначаецца нацыя і сама краіна. Ёсць краіны двухмоўныя і нават шматмоўныя. У БССР у адпаведнасці з Канстытуцый 1927 года да 1937 года дзяржаўнымі мовамі былі беларуская руская, польская і яўрэйская. На гэтых мовах і гаварыла насельніцтва ў розных кутках Беларусі ў даваенны час. Цяпер склалася так, што ў краіне пануюць дзве мовы: руская і беларуская. Здарылася, што беларусы карыстаюцца або рускай, або беларускай мовамі, альбо нават мяшанкай («трасянкай»), паказваючы сваю адсталасць і нягоднасць нават «людзьмі звацца». І ў гэтым, трэба сказаць праўдзіва, вінаваты нашы дзяржаўныя ўстановы і кіраўніцтва беларускай дзяржавы, калі мова тытульнай нацыі выціскаецца наўмысна з ужытку. Але сёння гутарка зусім аб іншым.
Што зрабіў беларус ці грамадзянін Рэспублікі Беларусь для росквіту сваёй дзяржавы незалежна ад таго, на якой ён мове гаворыць дома і ў грамадстве? Вось тут можна заўважыць шмат парадоксаў. Наогул, Беларусь — гэта краіна парадоксаў. Тут раскажу пра парадокс на аснове валодання мовай. Вось толькі нядаўна ў Мінску 9 мая праведзены парад Перамогі, які я назваў парадам капітуляцыі. Мне было сорамна. Я вярнуўся на Бацькаўшчыну з Ноўгарада Вялікага, а фактычна я жыву ўжо ў Расіі. Парад праведзены на рускай мове. Гэта да нас ужо прыйшоў русскій мір у сэнсе рускі свет. А дзе ж Беларусь была 9 Мая ў Мінску ? Яе не было зусім. Мне было сорамна. Мне сорамна, што я жыву ў краіне, дзе на такое свята ні аднаго слова не прагучала па-беларуску. Мне сорамна, што ў шматтысячным Магілёве няма ніводнай беларускай школы. Што там адна вучаніца вучыцца па-беларуску.
Дзе ж тады Беларусь? Аб якой незалежнасці пасля гэтага можна гаварыць. Навошта я прыехаў у Беларусь? Для каго я напісаў болей паўтара дзясятка кніг? Дзе тыя беларусы, якія змагаюцца за Беларусь?! Чаму да гэтага часу недабудаваны Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і быту, дзе няма экспазіцыі па такіх рэгіёнах: Панямонне (Гродзеншчына), Усходняе Палессе, Заходняе Палессе і мястэчка? Гэты музей будавалі нават у Савецкім Саюзе, а ў незалежнай Беларусі спынілі ў 1995 годзе. Што гэта? Абсурд. Непавага да сваёй спадчыны.
А цяпер пра саміх беларусаў і рускіх.
У канцы мінулага стагоддзя ў Беларусі жылі два пісьменнікі: Вячаслаў Адамчык, які пісаў кнігі па-беларуску, і Анатоль Казловіч, які працаваў у рускамоўным часопісе «Неман» і пісаў толькі па-руску. Я меў магчымасць быць знаёмым з адным, і з другім. З Анатолем Казловічам я пазнаёміўся ў рэдакцыі часопіса, калі прапанаваў артыкулы з маёй дысертацыі па беларускім вяселлі. Нічога ён не хацеў браць. Тады я, стоячы каля парога, прапанаваў тэму «Першая шлюбная ноч маладых». Тэма яго заінтрыгавала. Я прынёс праз некалькі дзён артыкул на 22 старонкі. Яго прачыталі ўсе ў рэдакцыі, але потым мне прапанавалі скараціць яго да 12 старонак. Напісаць новы ўступ і канцоўку. З уступам я справіўся, але канцоўку (усяго адзін сказ) напісаў Казловіч. Артыкул «Калінкі» быў надрукаваны па волі галоўнага рэдактара Андрэя Макаёнка. Мой навуковы кіраўнік спачатку быў супраць гэтай публікацыі, але пасля публікацыі ён свой погляд змяніў. Ні ў адным беларускім часопісе такі артыкул не надрукавалі б. Усе баяліся, каб чаго-небудзь з ЦК КПБ не сказалі пасля публікацыі пра беларускае вяселле.
У кнігарні я купіў новую кнігу «Чужая бацькаўшчына» Вячаслава Адамчыка. Яна мне спадабалася і я пайшоў да аўтара, каб атрымаць аўтограф. Пісьменнік мяне прыняў у сваёй кватэры ў Мінску, на вуліцы Карла Маркса. Ён мне на першай старонцы напісаў: «Слаўнаму хлопцу, чалавеку і земляку Сымону Барысу — аўтар. 5 кастрычніка 1978 года. Адамчык».
Лёс звёў мяне яшчэ некалькі разоў з А. Казловічам і адзін раз з В. Адамчыкам. Тыя сустрэчы нельга забыць. І вось чаму. Я працаваў у Беларускім дзяржаўным музеі архітэктуры і побыту. Фактычна яшчэ не ў музеі, а ў Рабочай групе па стварэнні гэтага музея, і кожны месяц па адным тыдні ездзіў па Беларусі і як этнограф збіраў экспанаты для музея. Казловіч пра гэта ведаў і захацеў зрабіць дакументальны фільм пра стварэнне Беларускага скансэна.
Сустрэўшы мяне, ён сказаў: «Калі ты нікому не скажаш, то я вазьму на кінастудыі «Беларусьфільм» аператара і разам паедзем збіраць экспанаты. Неафіцыйна зробім такі кінафільм». Я, ведаючы, што на кінастудыі працуе мой знаёмы Вячаслаў Адамчык, звярнуўся да яго, каб ён падтрымаў саму ідэю. З першых яго слоў, я зразумеў, што ён не толькі не дапаможа, але і заваліць тое, што задумаў А. Казловіч. Так і здарылася. Вось такія беларусы.
Казловіч памёр некалькі гадоў таму , і ён незаслужана забыты. Ён нарадзіўся ў сям’і баптыстаў і гэта крыштальна маральна чысты чалавек. Пасля надрукавання артыкула «Калінкі» я рашыў аднесці журналісту падарунак, але ён катэгарычна адмовіўся. Пазней ён працаваў намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Народная воля». У верасні 2001 года ён тэлефануе мне ў рэдакцыю «Беларускага гістарычнага часопіса» і просіць зайсці да яго. Калі я прыйшоў, ён дастае свой кашалёк і выкладвае некалькі рублёў (не памятаю колькі) і кажа: «За артыкул «Беларускі музей над Пціччу — гонар і ганьба». Я кажу: «Ваша рэдакцыя ганар не плаціць» — «А я не ганар плачу, а прэмію ад сябе. Артыкул заслужыў прэмію. А я, як намеснік галоўнага рэдактара, табе плачу і нікому пра гэта не кажы». Я расчуліўся, разгубіўся, але грошы ўзяў, бо друкавацца ў такой газеце для мяне тады было нейкай ступені рызыкай. Аднак праблема, паднятая мной, да гэтага часу не вырашана. Яшчэ раз скажу, што такога высока маральнага, таленавітага журналіста і пісьменніка, як Казловіч, я не сустракаў.
У перыяд з верасня 1994 года па красавік 1995 года ў газеце «Народная воля» друкаваўся цыкл аўтабіяэкалагічных прытчаў «Беларусы паміж небам і зямлёю». За цыкл эсэ «Беларусы паміж небам і зямлёю» Анатолю Мікалаевічу Казловічу была прысуджана ўпершыню Літаратурная прэмія імя Алеся Адамовіча. Нарадзіўся Анатоль Казловіч 16 верасня 1946 года ў Горску Бярозаўскага раёна. Пайшоў з жыцця 14 кастрычніка 2011 года пасля цяжкай хваробы.
У Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору працавала Зінаіда Мажэйка, якая гаварыла толькі па-руску, але яна сумела зрабіць некалькі дакументальных кінафільмаў па беларускіх святах і абрадах. Яна ж падтрымала мяне, калі я даказваў, што ў Беларусі існавалі песні-плачы. Ніхто тады, апрача яе, мяне не падтрымаў. Потым са мной пагадзіўся і Генадзь Цітовіч. А рускамоўны Ігар Лучанок, які шмат напісаў беларускіх песень, якімі мы можам ганарыцца.
Рускамоўная пісьменніца Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі. Безумоўна, кепска, калі самі беларусы цураюцца сваёй роднай мовы. Адной толькі Святлане Алексіевіч можна дараваць, калі ведаць яе біяграфію.
Аднойчы ў 2010 годзе я зайшоў у выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя», да галоўнага рэдактара Генадзя Пашкова, паказваю рукапіс кнігі «Як у нас клічуць? Беларускія імёны», а ён мне кажа: «Зараз паклічу загадчыка аддзела філалогіі Янку Саламевіча. Як ён скажа, так і будзе» . Прыходзіць Я. Саламевіч і не гледзячы рукапіс, адхіляе яго. Бачыце, для яго не той узровень. Не акадэмік жа прыйшоў. Алесь Белакоз скардзіўся на Янку Саламевіча, што матэрыялы Гудзевіцкага краязнаўчага музея выкарыстаў і хоць бы недзе аб гэтым напісаў бы. Нідзе нават не ўспомніў.
Але ў нас ёсць такія беларускамоўныя беларусы, як Адам Залескі (вечная яму памяць), Уладзімір Іскрык, Анатоль Астапенка, якія заслужылі і крытыкі. Не хачу грахі ўспамінаць. Сяргей Таляронак з дапамогай Уладзіміра Замяталіна закрыў выданне часопіса «Беларуская мінуўшчына», бо быў канкурэнтам для «Беларускага гістарычнага часопіса».
Аднойчы я сустрэў на скрыжаванні вуліц Першамайскай і Захарава пісьменніка Барыса Сачанку, які ўзначальваў тады выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя». Ён мяне не ведае, а я яго добра ведаю. Пытаюся ў яго па-беларуску пра нейкі будынак у гэтым месцы. Ён мне вельмі добра растлумачыў па-руску. Я падзякаваў яму і ледзь стрымаўся, каб не сказаць яму: «А для каго вы кнігі напісалі, калі не заўважаеце беларусаў?». Вось такія мы самі. Асцерагаемся, аглядаемся, каб нечага не вышла… Падладжваемся пад чужых. Хто ж мы тады? Тутэйшыя.
У 1977 годзе заходжу я ў кабінет першага намесніка міністра культуры БССР Аляксандра Іосіфавіча Ульяновіча і гавару па-руску, а ён са мной — па-беларуску. Я хуценька зразумеў, што мне трэба гаварыць па-беларуску. І як вынік: мая праблема была вырашана адразу.
У 2008-м па прапанове Наталлі Петкевіч, якая працавала ў Адміністрацыі прэзідэнта, хацелі ў школе скасаваць Гісторыю Беларусі як прадмет, а матэрыял гэтага прадмета вывучаць ва ўсеагульнай гісторыі, як гэта было ў СССР. Ніхто з беларускіх метадыстаў і выкладчыкаў не стаў адстойваць Гісторыю Беларусі. А метадыст гісторыі з Асіповічаў Неаніла Цыганок, якая заўсёды гаворыць толькі па-руску і сама руская, на нарадзе ў жніўні стала патрабаваць пакінуць гэты прадмет. Я вельмі катэгарычна падтрымаў яе: «Скажыце міністру Радзькову, што «калі няма Гісторыі Беларусі, дык няма і дзяржавы Беларусь». Чаму я так катэгарычна заявіў? Бо яна высока ацаніла маю работу ў рэдакцыі і я зразумеў, што я маю на гэта маральнае права і абавязаны падтрымаць настаўніцу. І плён ад таго быў. Гісторыю Беларусі пакінулі ў школе. Праўда, пасля таго я і мой начальнік, галоўны рэдактар Васіль Кушнер пісалі для міністэрства адукацыі тлумачальныя запіскі. Але гэта ўжо для запуджвання мяне.
Нядаўна мне спатрэбіўся карэктар для таго, каб хоць нехта прачытаў адзін раздзел будучай кнігі «Гонар і слава Беларусі». Звярнуўся да добра вядомых мне былых настаўніц беларускай мовы — Валянціны Карлаўны Раманцэвіч і Людмілы Іванаўны Дзіцэвіч. Раманцэвіч мне заявіла, каб я атрымаў дазвол на гэта ад ксяндза Уладзіслава Завальнюка. Пра які дазвол, калі яна будзе чытаць дома, а не ў касцёле? А Дзіцэвіч сказала мне, што яна цяпер ужо псіхолаг і гэта чытанне не для яе. Нават за аплату і падарункі ніводная не згадзіліся прачытаць. А вось былы інжынер МАЗа Ф. П. Чарнецкі прачытаў 2 раздзелы і лепш чым нейкая карэктар. І за сваю працу ён атрымаў кнігу. А Раманцэвіч і Дзіцэвіч такая кніга не патрэбная. Аб чым гэта гаворыць? Пра абыякавасць і адсутнасць патрыятызму. Вярстала гэтую кнігу Лідзія Аляксееўна Талстухіна, руская, якая беларускую мову не ведае. Можа і не хоча ведаць. Але яна не хапуга — некалькі разоў правіла тэкст і за праўку грошы не брала. Ніводная беларуска не стала бы правіць тэкст бясплатна. Вось такія беларусы. Мне сорамна кепска казаць пра беларускую адукаваную інтэлігенцыю, якая горш за расійскую.
І вось яшчэ цікавы адзін штрых. У 1995 годзе рыхтавалася да друку кніга «Сыны і пасынкі Беларусі». Яна павінна была заканчвацца нарысам пра Зянона Пазьняка. Ніхто з такіх асоб, як Васіль Быкаў, Юрый Хадыка, Міхась Ткачоў і Аляксей Марачкін, не згадзіліся напісаць нарыс пра яго. Я асабіста прасіў Васіля Быкава двойчы. Але ён адмаўляўся, не называючы прычыны. А вось кіраўнікі выдавецтва «Полымя» хацелі, каб у кнізе быў нарыс пра З. Пазьняка. Замест Пазьняка быў надрукаваны нарыс Л. Савік пра Барыса Кіта.
Часам атрымліваецца, што рускія па нацыянальнасці робяць для беларускай культуры больш, чым самі беларусы. Назаву некалькі прозвішчаў: Мікола Байкоў, Мікола Шчакаціхін, Аляксей Туранкоў, Генадзь Кісялёў, Уладзімір Мулявін і іншыя..