25 гадоў таму прайшоў рэферэндум: дзяржаўная сімволіка была зменена, а руская мова набыла статус дзяржаўнай
14 мая 1995 года ў Беларусі адбыўся першы рэферэндум. Ён быў арганізаваны з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўнікі апазіцыі ў Вярхоўным Савеце спрабавалі супраціўляцца яго правядзенню, але былі жорстка збітыя.
На плебісцыт былі вынесеныя чатыры пытанні:
— Ці згодныя вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай? (Прагаласавала 83,3% удзельнікаў.)
— Ці падтрымліваеце прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь замест бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні»? (75,1%)
— Ці падтрымліваеце дзеянні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй? (83,3%)
— Ці згодныя Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у дзейную Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі? (77,7%)
Праз некалькі дзён кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў зняў бел-чырвона-белы сцяг з тагачаснага будынка Адміністрацыі і парваў яго.
У выніку рэферэндуму беларуская мова стала актыўна выцясняццца з дзяржаўнага і грамадскага ўжытку, са школаў, а за бел-чырвона-белы сцяг пачалі затрымліваць.
Паводле Нашай Нівы