Беларускія настаўнікі ў пошуках страчанай годнасці свайго рамяства

5 кастрычніка Беларусь будзе святкаваць Сусветны дзень настаўніка, што быў заснаваны ЮНЕСКА ў 1994 годзе з мэтай аддаць павагу настаўніцкай прафесіі і прыцягнуць увагу да правоў педагогаў ва ўсім свеце.

nastaunik.jpg

Аднак у сучаснай Беларусі настаўнікі не маюць ніякай прасторы для творчасці і ініцыятывы, церпяць ад капрызаў школьнай адміністрацыі, мясцовых аддзелаў адукацыі, Міністэрства адукацыі, і нават сына беларускага прэзідэнта.
У той час як беларускія школы імкнуцца да мадэрнізацыі, правы настаўнікаў і прэстыж прафесіі працягваюць пагаршацца. У выніку беларуская моладзь пазбягае кар’еры ў сферы адукацыі, а набор на педагагічныя спецыяльнасці ва ўніверсітэтах застаецца нізкім. У дадатку да пастаяннай працы з паперамі, настаўнікі ў Беларусі павінны працаваць у ролі сацыяльных работнікаў, спецыялістаў па рамонце, групы падтрымкі ўладаў, і нават сезонных сельскагаспадарчых працаўнікоў.

Гонка за высокім балам

Нядаўняе маштабнае апытанне грамадскай думкі сярод настаўнікаў і старшакласнікаў, праведзенае Даследчым цэнтрам Інстытута прыватызацыі і менеджменту (ІПМ), паказала, што беларускія школы аддаюць перавагу знаёмым савецкім догмам у галіне адукацыі. Яны не ў стане даць вучням навыкі і кампетэнцыі, неабходныя ў сучасным грамадстве.
Школьныя адміністрацыі загадваюць настаўнікам выкарыстоўваць адзнакі ў якасці асноўнага паказчыка паспяховасці вучняў, у той час як мясцовыя аддзелы адукацыі патрабуюць іх пастаяннага паляпшэння. Іх цікавяць колькасныя паказчыкі, а не забеспячэнне індывідуальнага развіцця кожнага вучня. Завучванне на памяць і капіяванне матэрыялаў падручнікаў часта лічацца важнейшымі за развіццё творчага патэнцыялу і навыкаў крытычнага мыслення.
Кожны год настаўнікі сутыкаюцца з павелічэннем аб’ёму дакументаў, у тым ліку планаў урокаў і справаздачаў пра адзнакі, класы, вучняў, і іншую дзейнасць. Адной з апошніх навінак ёсць электронны класны журнал, якія настаўнікі павінны запаўняць разам з яго папяровым аналагам. Як правіла, для запаўнення новых журналаў настаўнікі вымушаныя выкарыстоўваць свае персанальныя кампутары.
Настаўнікі таксама нясуць адказнасць за тое, што ўсе вучні мусяць купляць абеды, якія прапануюцца ў школьных сталовых. Санітарныя нормы прадугледжваюць, што дзеці павінны есці кожныя 3,5-4 гадзіны. Калі бацькі не жадаюць, каб іх дзіця ела школьныя абеды, сям’я мусіць прапанаваць альтэрнатыўнае гарачае харчаванне для дзіцяці. Пачынаючы з 2017 года, настаўнікі атрымалі дадатковы абавязак кантраляваць электронныя плацяжы вучняў за школьныя абеды.

Настаўнік або майстар на ўсе рукі?

У дадатак да папяровай працы, настаўнікі мусяць браць на сябе абавязкі сацыяльнага работніка. Школы часта пасылаюць іх правяраць умовы жыцця вучняў, у тым ліку збіраць інфармацыю пра даходы іх бацькоў, колькасць дзяцей у сям’і, а таксама іх рэлігійную прыналежнасць. Вясной 2017 года настаўнікі з некалькіх раёнаў Беларусі атрымалі загад наведаць адрасы ўсіх патэнцыйных «дармаедаў» для вызначэння іх статусу.
Да канца 2016 года школы адпраўлялі непаўналетніх вучняў дапамагаць сельгаспрадпрыемствам збіраць ураджай бульбы. Гэтая савецкая традыцыя тэхнічна з’яўлялася прымусовай дзіцячай працай. Яна спынілася толькі пасля выпадковай трагічнай гібелі 13-гадовай вучаніцы. Аднак на мінулым тыдні беларускія СМІ паведамілі, што ўлады ў Пастаўскім раёне Віцебшчыны прынялі рашэнне замест вучняў выкарыстоўваць настаўнікаў у якасці працоўнай сілы для збору ўраджаю.
Намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка не ўбачыла праблемы ў гэтай сітуацыі. Яна адзначыла, што настаўнікі, магчыма, проста хацелі «дапамагчы [беларускай] сельскай гаспадарцы» і збіралі бульбу паводле ўласнага жадання.
Спіс пазакласных абавязкаў настаўнікаў доўгі. У іх абавязак уваходзіць своечасовы рамонт класаў і збор грошай з бацькоў на гэтыя мэты. Настаўнікі таксама абавязаныя падпісвацца на шэраг дзяржаўных газет, пачынаючы ад «Беларусь Сегодня» да «Зоркі» і «Знамя Юности». Такім чынам, школы прымушаюць настаўнікаў ствараць рынак для афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі, якія не карыстаюцца вялікім попытам.
І апошняе: навучальныя ўстановы служаць выбарчымі ўчасткі падчас выбараў, таму дзяржава прымушае супрацоўнікаў школы ствараць патрэбныя вынікі галасавання. У выніку настаўнікі сталі або пасіўнымі назіральнікамі, або актыўнымі ўдзельнікамі выбарчых фальсіфікацый у Беларусі. Апазіцыйныя партыі папярэджваюць настаўнікаў пра амаральнасць гэтай дзейнасці, але яны больш заклапочаныя захаваннем сваіх працоўных месцаў.

Праверка фактамі

11 верасня беларуская пісьменніца Яўгенія Пастэрнак напісала адкрыты ліст у Міністэрства адукацыі і ўсе мясцовыя раённыя адміністрацыі. Яго мэтай было звярнуць увагу на падзенне стандартаў школьнай адукацыі і адсутнасць павагі да настаўнікаў.
Больш за 9000 чалавек ужо падпісалі петыцыю аб забеспячэнні больш эфектыўнай абароны правоў школьных настаўнікаў, якую стварылі Пастэрнак і яе калега Андрэй Жвалеўскі на платформе change.org. Петыцыя называе дрэнныя ўмовы працы настаўнікаў асноўнай праблемай беларускай адукацыі. Нядаўнія выпускнікі ўніверсітэтаў, якія пачынаюць настаўніцкую кар’еру, могуць разлічваць на $150 у месяц у лепшым выпадку, у той час як дасведчаны настаўнік, які бярэ на сябе дадатковыя абавязкі і дадатковыя заняткі, можа зарабіць да $350 у месяц.
Сярод асноўных паляпшэнняў, прапанаваных петыцыяй, ёсць звядзенне ўсяго існуючага справаводства да класнага журнала, стварэнне пяцідзённага працоўнага тыдня для настаўнікаў, а таксама стварэнне скаардынаванага навучальнага плана без частай змены падручнікаў. Аўтары петыцыі таксама прапануюць аб’яднаць выпускныя экзамены ў школе з уступнымі экзаменамі ў вышэйшыя навучальныя установы, каб увесці больш дакладныя крытэры школьнага навучання. Аўтары спадзяюцца, што гэта дасць магчымасць настаўнікам распрацаваць больш эфектыўныя курсы і ўрокі.
Нарэшце, петыцыя патрабуе, каб настаўнікаў не ставілі ва ўмовы, дзе яны вымушаныя хлусіць або здзяйсняць маніпуляцыі. Напрыклад, школьныя адміністрацыі часта прымушаюць настаўнікаў і вучняў наведваць мясцовыя непапулярныя спартыўныя мерапрыемствы або канцэрты. Настаўнікі пагаджаюцца, бо баяцца страціць свае працоўныя месцы, у той час як вучні наведваюць гэтыя падзеі ў надзеі атрымаць вышэйшыя адзнакі або прапусціць заняткі.
Міністэрства адукацыі ў адказе на ліст Пастэрнак адпрэчыла ўсе крытычныя заўвагі. Яго прэс-сакратарка Людміла Высоцкая назвала ліст смешным, заявіўшы, што “ні адно з пытанняў не патрабуе ўвагі міністэрства або [беларускага] прэзідэнта.
Пакуль беларуская дзяржава падтрымлівае старыя камандныя метады ў галіне адукацыі, настаўнікі не будуць мець слова ні ў пытанні сваіх працоўных правоў, ні ў распрацоўцы рэформаў адукацыі. Ліст Пастэрнак быў праігнараваны сваімі адрасатамі. Тым не менш, ён ускалыхнуў незадаволенасць сярод калег-настаўнікаў. Грамадскія дэбаты пра школьную сістэму могуць стаць першым крокам настаўнікаў у іх імкненні вярнуць страчаную годнасць сваёй прафесіі.
Паводле ostro.by