Беларусы даслалі ўжо каля 350 прапаноў па новай рэдакцыі Канстытуцыі
Беларусы за некалькі дзён даслалі ўжо каля 350 прапаноў па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю, паведаміў намеснік старшыні пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Свіла.
"Да абеду 5 кастрычніка ўжо іх было каля 350 — прапаноў ад грамадзян. Вельмі цікавыя прапановы, мы прыемна здзіўлены такой актыўнасцю", — сказаў Свіла ў інтэрв'ю тэлеканалу СТБ у панядзелак.
У той жа час ён адзначыў, што прапановы, якія паступаюць, "не носяць характар строга сфармуляваных юрыдычных формул, якія бяры прама і ўжывай у Канстытуцыі". "Людзі пішуць, выказваюць свае жаданні. І я так разумею сваю задачу, задачу парламента — апрацаваць гэта ўсё, у дадзеным выпадку парламент выступае як агрэгатар", — адзначыў дэпутат. У выніку, мяркуе Свіла, будзе "выдадзены нейкі выніковы прадукт".
Паводле інфармацыі парламентарыя, прапановы, якія адносяцца непасрэдна да Канстытуцыі як да асноўнага закону, часцей за ўсё тычацца парадку фарміравання тых ці іншых органаў дзяржаўнай улады, выбарчай сістэмы, "парадку абрання прэзідэнта, тэрмінаў і гэтак далей". "Але гэта на сёння, хутчэй, выключэнне", — заўважыў Свіла.
"Сустракаюцца прапановы (і гэта будзе крайняя кропка) вярнуцца да Канстытуцыі 1994 года", — паведаміў дэпутат.
"Другая прапанова крайняя складаецца ў тым, каб не змяняць Канстытуцыю сённяшнюю, таму што, на думку аўтараў, сённяшняя Канстытуцыя цалкам збалансавана, сучасная і адказвае сёньняшняму часу", — працягнуў ён.
Ніжняя палата беларускага парламента паведаміла, што пачынае збор прапаноў па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю рэспублікі 2 кастрычніка. Прымацца яны будуць да 25 кастрычніка.
Паводле interfax.by