Беларусь «заваліць сэсію» Балонскага працэсу?
Беларусь усё ж такі праскочыла ў Балонскі працэс і ўвайшла ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Праскочыла, як дрэнны студэнт — нахаляву. І яна можа стаць першай, хто «заваліць сэсію» ў ЕПВА.
Пра тое, што нашая краіна можа трапіць у Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (ЕПВА) «халяўны чынам», казалася даўно. Яшчэ нядаўна усе сцвярджалі, што сінявокая не выканала ніякіх умоваў для далучэння да Балонскай сістэмы. Тым не менш, мы туды патрапілі.
Некаторыя каментары на гэтую тэму здзіўляюць. Напрыклад, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянскя дэмакратыя» (менавіта моладзевае крыло гэтай партыі займалася праблемай «Балонскага працэсу») Віталь Рымашэўскі заявіў, што «далучэнне адбылося за 5 хвілін. Гэта значыць, што ўсё ўжо было вырашана загадзя і рашэнне падрыхтавана».
Зразумела ж, Беларусь прымалі ў ЕПВА не «за 5 хвілінаў» З 2010 года ўлады спрабавалі ўціснуцца ў гэтую сістэму. У 2012-м годзе заяўка Беларусі была адхіленая, і гэта, дарэчы, было тчэй выключэннем, чым правілам. Адмовы далучэння да Балонскага працэсу, канешне, былі і раней, да сінявокай. Аднак яны рабіліся, хутчэй, «па бюракратычных прычынах». Напрыклад, Ізраіль не ратыфікаваў Еўрапейскую культурную канвенцыю. А такога, каб краіну не ўключылі «за неадпаведнасць крытэрам еўрапейскага стандарту адукацыі» (чытай — па палітычных матывах), то такая краіна адна — Беларусь. Нават далёка не дэмакратычныя Казахстан і Арбайджан увайшлі ў Балонскі працэс з першага раза.
І зразумела ж, усё «было вырашана загадзя». Яшчэ ў мінулым годзе сябра Грамадскага Балонскага камітэта прафесар Уладзімір Дуанеўраіў звярнуць увагу не на Ерэванскае пасяджэнне, а на працу рабочай групы, якая складаецца з некаторых краінаў — сябраў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і некаторых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць альбо рэальны, альбо дарадчы голас. Менавіта гэтая група ў студзені гэтага года прымала рашэнне, якое фармальна зацвердзіла Канферэнцыя міністраў адукацыі.
Станіслаў Шушкевіч у каментары charter97.org назваў рашэнне аб прыяднанні Беларусі да ЕПВА «наступствам гульні ЕС з афіцыйным Мінскам». «Еўрапейцы непаслядоўныя ў дачыненні да Беларусі і дапускаюць мноства памылак», — дадаў ён.
Якраз у гэтым можна не пагадзіцца. Еўрапейцы такім чынам адкупіліся «малой крывёй» за ўсю міратворчую дзейнасць Аляксандра Лукашэнкі на ўкраінскім кірунку. Сапраўды, пасля Мінскага саміту ў «нармандскім фармаце», пасля таго, як Лукашэнка паручкаўся тут з Меркель і Аландам, неяк нягегла выглядае яго далейшае існаванне ў спісе неўяздных у Еўропу. А так еўрапейцы могуць сказаць: «Мы ж вам далі Балонскі працэс! Чаго вы яшчэ ад нас хочаце?». То бок, Беларусь зрабіла крок насустрач Захаду падчас «Мінска-2», а Еўропа зрабіла «крок насустрач» у Ерэване. Да таго ж, з «захаваннем твару» і без прынцыповых палітычных стратаў.
Зараз заходнія палітыкі ізноўку могуць казаць, што «мяч на беларускім полі, мы чакаем далейшых крокаў па дэмакратызацыі Беларусі». І казаць гэта з чыстым сумленнем.
Усе эксперты зазначаюць, што Беларусь атрымала сяброўства ў ЕПВА «авансам», і спадзяюца, што гэты аванс будзе адпрацаваны. Пра гэта ў тым жа каментары казаў Станіслаў Шушкевіч, спадзеючыся, што еўрапейцы такім чынам «падштурхнуць беларускія вну да пераменаў». Эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій Святлана Мацкевіч лічыць, што ўваходжанне ў Балонскі працэс»вымусіць беларускую сістэму вышэйшай адукацыі праводзіць структурныя змяненні». А намесніца старшыні грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай школы» Тамара Мацкевіч у інтэрв’ю БелаПАН выказала спадзяванне, што сам факт прысутнасці ў Балонскім працэсе можа стаць перашкодай для ціску на студэнтаў-іншадумцаў у беларускіх ВНУ.
Сапраўды, да сапразднай «еўрапейскасці» нашай адукацыі нам далёка. І таму еўрапейцы распрацавалі «дарожную карту» для краіны. Пад час дыскусіі аб прыяднанні сінявокай да ЕПВА міністры адукацыі Нарвегіі, Швецыі, Нідэрландаў і Ісландыі заявілі пра неабходнасць выканання Беларуссю ўмоў дарожнай карты па далучэнні да Балонскага працэсу. Прадстаўнік Швецыі, у прыватнасці, падкрэсліла, што адчувае сваю адказнасць за пашырэнне студэнцкіх і акадэмічных свабод у Беларусі, таму, на яе думку, «вельмі важна, каб краіна кіравалася гэтай дарожнай картай».
А міністр адукацыі Ісландыі заявіў: «Дарожная карта — гэта не прапанова, а патрабаванне, якое павінна быць выканана. Важна, каб усе яе ўмовы былі выкананыя як мінімум. Мы павінны вельмі ўважліва сачыць за падзеямі ў Беларусі, ці выконваюцца там акадэмічныя свабоды, прынцыпы мабільнасці і ў цэлым правы чалавека».
Міжнародная экспертная супольнасць гады паўтары таму распрацавала гэтую дарожную карту. У плане ўсяго 3 этапы. На першым патрабуецца вызваліць ВНУ ад функцый праваахоўных органаў. Гэта значыць — спыніць адлічэнні студэнтаў і ціск на выкладчыкаў за ўдзел у палітычных акцыях, незалежных грамадскіх арганізацыях; аднавіць выбарнасць рэктараў; пазбавіць студэнцкае самакіраванне ў ВНУ ад палітычнага кантролю. На другім этапе варта заканадаўча зацвердзіць пераход да еўрапейскіх падыходаў да архітэктуры вышэйшай адукацыі, прызнанне кваліфікацый бакалаўра — магістра — доктара; замацаваць у законе рэальную аўтаномію ВНУ і гарантыі акадэмічных свабодаў для персаналу і студэнтаў. І на трэцім этапе — завяршыць рэфармаванне сістэмы акадэмічных ступеняў і кваліфікацый і сістэмы кантролю якасці.
З бакалаўратам — магістратам у нас усё ў парадку. Ды й наконт «студэнцкага самакіравання» улады сінявокай уцёрлі вочы еўрапецйам, стварыўшы хоць фармальныя, фоць фэйкавыя, але «студэнцкія органы самакіравання», і ўключылі ў органы кіравання ВНУ 25% моцна правераных студэнтаў. Моцныя праблемы ў нас з «палітычнай часткай» гэтай дарожнай карты. Ды з рэальнай аўтаноміяй ВНУ таксама. Карацей, каб выканаць гэтую карту, трэба моцна паламаць выпацаваную палітычную сістэму і «вертыкаль» кіравання ўніверамі.
Ні для каго не сакрэт, што рэктар ВНУ ў нас зацвярджаецца кіраўніком дзяржавы. І гэтую штуку нам таксама прапануецца зламаць. Наўрад ці Беларусь на гэта пойдзе.
І што будзе, калі Беларусь не выканае «дарожную карту»?
Як удакладніў Уладзімір Дунаеў, Балонскі працэс — гэта менавіта прастора вышэйшай адукацыі. «Таму няма ніякага механізму выключыць адтуль краіну альбо прыпыніць яе ўдзел у гэтай прасторы», — сказаў ён. «ЕПВА — справа добраахвотная. Краіны, якія да яго далучаюцца, бяруць на сябе абавязкі прымяняць еўрапейскія стандарты адукацыі добраахвотна. Не хочаце выконваць еўрапейскія патрабаванні да адукацыі — ну і не хадзіце ў Балонскі працэс. Але Беларусь тут — краіна ўнікальная», — кажа ён.
Уладзімір Дунаеў: Беларусь -- краіна ўнікальная
«Справа ў тым, што і фармальнага прыёму ў Балонскі працэс не адбываецца, няма прапісанага механізму прыёму і выхаду з гэтай прасторы. Але сітуацыя ў Беларусі такая, што і ў першы раз яе далучэнне да гэтай прасторы не адбылося, і зараз некаторыя краіны запатрабавалі пісьмовых абавязкаў ад краіны выконваць стандарты Балонскага працэсу», — удакладніў Дунаеў.
Таму гэтыя «пісьмовыя абавязкі», то бок выкананне Беларуссю дарожнай карты, будуць разглядаца ў 2018-м годзе. «Калі Беларусь не выканае дарожную карту, выгнаць яе з Балонскага працэсу неагчыма. Але і супрацоўнічаць з ёй у гэтай прасторы проста перастануць. Беларусь будуць проста ігнараваць», — лічыць Дунаеў.
Беларусь можа вылецець з Балонскага працэсу гэтаксама нечакана, як яна ў яго патрапіла.