Без эмоцыяў і сумлення

У сераду цывілізаваная частка расійскага грамадства развітвалася з лідэрам апазіцыі Барысам Нямцовым, па-звярынаму і подла забітаму ўноч на 28 лютага. Тысячы і тысячы людзей у жалобе, расстрэлам Нямцова абураны ўвесь нармальны свет.



gi_11409_52810_big.jpg

У гэты ж час у той жа Маскве два “вялікія дзяржаўня дзеячы” — Лукашэнка і Пуцін — абмяркоўвалі перспектывы міфічнай саюзнай дзяржавы.

Пуцін хаця б даслаў вянок у Сахраўскі цэнтр, дзе стаяла труна з целам расстралянага пад сценамі Крамля палітыка, а раней накіраваў спачуванні ягонай сям’я. Спадобіўся заехаць на развітанне, хоць і на кароткі час, расійскі віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч, як і галава “Расатама” Сяргей Кірыенка.

Ад беларускага афіцыйнага боку не было нават спачування сям’і Барыса Нямцова. Прынамсі, на момант напісання гэтых радкоў я не бачыў іх ні на сайце БЕЛТА, ні на сайце афіцыйнага беларускага кіраўніка. Які, дарэчы, у тыя хвіліны, калі ў Сахараўскім цэнтры ліліся рэкі слёз па Барысе Нямцове, з удзячнасцю атрымаліваў з рук крамлёўскага правадыра (якога многія лічаць спрычыненцам да трагедыі з загінулым апазіцянерам) ордэн Аляксандра Неўскага.

Мне асабіста падавалася, што больш па-чалавечы было б перанесці гэтыя саміты-ўрачыстасці хоць на дзень. Не верыцца, што два вярхоўныя міжнародныя ізалянты так ужо моцна занятыя, каб не адкласці “тэт-а-тэтчык” на суткі.

Але ім пляваць. Пляваць на гора іншых людзей, на атмасферу, у якой адбываецца імітацыя бурлівай дзейнасці па праблемах згаданае вышэй саюзнае дзяржавы. Ад якой плёну, як самі ведаеце ад каго.

Гэта неяк нагадвае падзеі ў ліпені 1980 года. Самы разгар ХХ летніх Алімпійскіх гульняў у Маскве. 25 ліпеня памірае народны кумір Уладзімір Высоцкі, які, мякка кажучы, не вельмі вітаўся савецкімі ўладамі. Праз некалькі дзён развітацца з вялікім паэтам і акторам да Тэатра на Таганцы прыйшлі многія тысячы людзей. І толькі ўлада адзначылася тым, што сцягнула да Таганскай плошчы тысячы міліцыянтаў — абы чаго не надарылася. Ні вянкоў, ні спачуванняў з нагоды сыходу народнага ўлюбёнца.

Сітуацыя з Нямцовым больш трагічная. Яго застрэлілі. Забілі. У спіну, подла. У цэнтры сталіцы імперыі. І ў гэты час правадыры дзвюх краінаў-хаўрусніцаў робяць выгляд, што нічога не адбылося, і не спрабуюць пераглядзець свае графікі. Ні адмоўных эмоцыяў, ні дэманстрацыі наяўнасці сумлення. Мо, тое, што адбылося а палове на дванаццатую ночы з 27 на 28 лютага 2015 года на Вялікім Маскварэцкім мосце, таксама было ў графіку крамлёўскіх небажыхароў? Магчыма, адказы на гэтыя пытанні ўсё ж паследуюць.

P.S.:

Сам Барыс Нямцоў неаднойчы распавядаў журналістам, што ягоная мама Дзіна выказвала яму сваё меркаванне, што Пуцін заб’е яе сына. Відаць, сэрца маці ўсё прадчувала. Па страшэннай рэчаіснасці, у мамы Барыса Яфімавіча ў дзень ягоных пахаванняў — Дзень нараджэння. Проста жах.