Больш за 74 тысячы рублёў: у палітвязняў працягваюць патрабаваць кампенсацыю за «перакрыццё дарог» на пратэстах

У апошні тыдзень чэрвеня ў мінскіх судах пачаліся грамадзянскія працэсы па пазовах пракурораў Мінску ў інтарэсах «Мінсктранса» да асуджанных палітзняволеных. У іх патрабуюць кампенсацыю шкоды за «перакрыццё дарог» на пратэстах. Так, судзіцца пачалі мінімум з пяццю палітвязнямі. Агульная сумма гэтых пазоваў за пратэсты 9-11 жніўня, 4 кастрычніка ўжо налічвае 74 021 рублёў. Але яшчэ ніводны працэс не скончыўся: абвяшчалі месячныя перапынкі, пераносілі ў іншыя суды і аб'ядналі справы з іншымі палітвязнямі. «Вясна» распавядае ўсё, што вядома пра грамадзянскія працэсы з палітзняволенымі за «перакрыццё дарог».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Суды з Лявонам Халатранам і Арцёмам Саўчуком

21 чэрвеня ў судзе Фрунзенскага раёна разглядалі грамадзянскія пазовы першага намесніка пракурора Мінска ў інтарэсах «Мінсктранса» да палітзняволеных Лявона Халатрана і Арцёма Саўчука аб «кампенсацыі маёмаснай шкоды нанесенай злачынствам». Лявон 13 чэрвеня пачаў адбываць пакаранне па ч.1 арт. 342 КК — 2 гады «хіміі» ў вёсцы Сушкі ў Брэсцкай вобласці. Арцём адбывае пакаранне па ч.2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) — 4 гады ўзмоцненага рэжыму ў шклоўскай калоніі №17.  
Справы палітвязняў разглядаў суддзя Мікалай Багамякаў. Пазоў да Арцёма складае 21 839 рублёў, да Лявона – 6 126 рублёў. Сам Лявон на працэсе прысутнічаць не мог, бо адбывае пакаранне. Але потым пракаментаваў гэты суд:
«Гэта грамадзянскі пазоў, ён выведзены з крымінальнай справы. У маёй крымінальнай справе няма ніводнага доказу маёй віны, у тым ліку знаходжання мяне на праезнай частцы, блакавання вуліцы. Разам з тым ёсць доказ таго, што ў 01:44 я здзяйсняў званок зусім з іншага месца. А з будынка на вуліцу я выйшаў не раней за 01:30, гэта значыць, значна пазней таго, як транспарт Мінсктранса скончыў сваю працу.
Тым не менш у прысудзе па крымінальнай справе "ўтаноўлена", што я быў на скрыжаванні з 23:06 да 02:00. Мабыць, для таго, каб пазоў ад Мінсктранса быў задаволены».
У выніку суд па справе Халатаряна не адбыўся ў прызначаны дзень. Суддзя Багамякаў аб’яднаў яго справу з іншым палітвязнем Сяргеем Брылём, асуджаным па ч.1 арт. 342 КК на 3 гады «хіміі». Разгляд пазова перанакіраваны ў суд Заводскага раёна — час пакуль невядомы.
Справу Арцёма Саўчука пачалі разглядаць таксама 21 чэрвеня, але потым абвясцілі перапынак на месяц — да 20 ліпеня.

Суд з Арцёмам Хвашчэўскім

Таксама вядома, што 7 і 16 чэрвеня разглядалі аналагічны пазоў да палітзняволенага Арцёма Хвашчэўскага, але ягонаму адвакату пра гэта не паведамілі. Паведамленне адправілі ў калонію самому Хвашчэўскаму, але ягоны ліст, дзе ён распавядае гэта родным, прыйшоў дадому толькі праз тры тыдні, калі суд ужо адбыўся.
У выніку, разгляд справы перанеслі ў суд Савецкага раёна. Арцём адбывае пакаранне па ч.1 арт. 342 КК — 1 год у наваполацкай калоніі №1. Сума пазова да яго складае кампенсацыю ў памеры 21 832 рублёў.

Суд з Ігарам Пражэннікавым

Праз два дні, 23 чэвреня, у судзе Фрунзенскага раёна Мінска разглядалі чарговую грамадзянскую справу ў інтарэсах «Мінсктранса» да палітзняволенага Ігара Пражэннікава аб «кампенсацыі маёмаснай шкоды нанесенай злачынствам». 17 лютага суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў 21-гадовага Ігара Пражэннікава да 1,5 года калоніі агульнага рэжыму.
Справу палітвязня разглядаў суддзя Мікалай Багамякаў. Пазоў да Ігара складае 18 624,45 рублёў. У абвінавачванні сказана, што 4 кастрычніка мінулага года ў Мінску «шкода была нанесеная з-за прастою транспарту ў выніку супрацьпраўных дзеянняў Пражэннікава». Але адвакат настойвае на тым, што абвінавачаны не знаходзіўся ўсе 3,5 гадзіны на праезнай частцы. Прадстаўніца «Мінсктрансу» на судзе была азнаёмленая з матэрыяламі крымінальнай справы, таму гублялася пры адказах на пытанні суддзі.
Суддзя Багамякоў запатрабаваў ад пазоўніка да наступнага суда карту ўсіх маршрутаў, каб удакладніць, як абвінавачаны мог быць датычны да іх прастою. Суддзя задаволіў хадайніцтва адваката аб тым, каб прыцягнуць суадказнікаў, бо дзеянні былі здзейсненыя ў групе асоб. Па папярэдняй інфармацыі, суадказнікамі па гэтай справе таксама з’яўляюцца палітвязні Яўген Дзмітрыеў, Мікіта Ігнацюк, Кірыл Паўлавец, Дзяніс Дзёмух.
У справе Ігара Пражэннікава абвешчаны перапынак да 16 ліпеня.

Суд з Іванам Красоўскім

25 чэрвеня ў судзе Савецкага раёна разглядалі грамадзянскі пазоў намесніка пракурора Мінска ў інтарэсах «Мінскатранса» да актывіста анархісцкага руху Івана Красоўскага. Гэтую справу разглядала Марыя Ляшкевіч.
19 лютага суд Савецкага раёна вынес прысуд Івану Красоўскаму: тры гады абмежавання волі з накірованнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хіміі». Хлопца вызвалілі ў зале суда і пакуль яго не накіравалі для адбыцця пакарання.
Па версіі абвінавачання, у ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года каля ГЦ «Рыга» Красоўскі падчас незаконнага масавага мерапрыемства публічна выкрыкваў лозунгі, блакаваў рух транспарту шляхам перакрыцця праезнай часткі. Гэта пацягнула доўгае парушэнне грамадскага спакою, стварыла перашкоды для нармальнай працы транспарту на працягу 5 гадзін на вуліцы Сурганава, чым было абмежавана права іншых грамадзян на спакойную працу, адпачынак і свабоднае перамяшчэнне. У выніку дзеянняў абвінавачанага маёмасці КТУП "Мінсктранс" нанесеная шкода на суму больш за 5,6 тыс. рублёў.