Будслаўскі фэст: доўгая дарога да UNESCO
Будслаўскі фэст 28 лістапада ўнесены UNESCO ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Працэс унясення расцягнуўся амаль на пяць гадоў. Распавядаем, як гэта было.
Спісы UNESCO вядуцца ў адпаведнасці з Канвенцыяй аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятай у 2003 годзе і ратыфікаванай Беларуссю ў 2005-м. У 2006 годзе яна ўступіла ў сілу, а з 2007-га складаецца беларускі Нацыянальны Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны. На сённяшні дзень у ім 71 элемент. Адпаведна Канвенцыі, элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны могуць быць звычаі, абрады, святы, вусныя формы выражэння, выканальніцкія мастацтвы, веды і вопыт, звязаныя з традыцыйнымі рамёствамі, народнай медыцынай, гатаваннем традыцыйнай ежы, адносіны людзей да свету і прыроды.
Будслаўскі касцёл. Фота Алены Ляшкевіч
Унясенне ў Нацыянальны інвентар – абавязковая ўмова для разгляду элемента ў UNESCO. Адпаведна Канвенцыі былі створаны Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва і Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова. У першым нашмат больш элементаў, туды ўносяцца папраўдзе значныя для цэлай краіны з’явы, што маюць вялікі патэнцыял для развіцця.
Другі спіс сціплы па памерах, але заслугоўвае не меншай увагі. Туды ўносяцца праявы лакальнай культуры, якія падтрымлівае мясцовая супольнасць. Такія элементы могуць нават не быць шырока вядомымі ў краіне свайго бытавання, не выходзіць на нацыянальны ўзровень. Яскравы прыклад – абрад "Калядныя цары" ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна, што ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова, у 2009 годзе.
Сёлета туды ж накіраваны дакументы на вясновы абрад "Юраўскі карагод", што праходзіць 6 траўня ў вёсцы Пагост (Жыткавіцкі раён). Прапанова будзе разгледжана ў снежні 2019 года на сесіі Міжурадавага Камітэта UNESCO.
Такім чынам, шлях Будслаўскага фэста ў прэстыжны міжнародны спіс пачаўся ў 2014-м, калі рыхтавалася дасье для Нацыянальнага Інвентара. Мне пашчасціла працаваць у складзе каманды, якая гэтым займалася. Адным з ініцыятараў быў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. У фэсце ўдзельнічаюць вернікі розных канфесій, але ж Нацыянальны Санктуарый Маці Божай у Будславе належыць да каталіцкага касцёлу, таму ён бярэ найбольш актыўны ўдзел у арганізацыі свята.
Заснаванне будслаўскага касцёла і цудоўнае аб’яўленне Маці Божай у Будслаўскай пушчы ўзгадваецца ў цыкле твораў Ігната Ходзькі “Літвінскія малюнкі”, якія выходзілі ў Вільні з 1840 па 1862 год. У яго аповесцях “Хатка майго дзядулі”, “Смерць майго дзядулі” легенда пра Будслаў адыгрывае ролю ўстаўнога апавядання. У 1504-м князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелончык аддаў манахам-бернардынцам 600 моргаў лесу над ракой Сервеч, каб законнікі пабудавалі кляштар. Па легендзе, у 1588-м дзясяткі вернікаў сталі сведкамі знамення, калі на небе з'явілася воблака, якое выпраменьвала дзівоснае святло на манаскія келлі і капліцу. У атачэнні анёлаў з'явілася Найсвяцейшая Дзева Марыя з немаўляткам на руках. Людзі пачулі "З гэтага часу слава Бога нашага і Сына майго, і мая абарона будуць дадзены вам навечна". Гэтую з’яву апісаў летапісец-бернардынец Томаш Дыгонь у "Praеsidentia Budensis", пасля чаго гэта месца сталі ўшаноўваць як крыніцу цудаў і ласкі Божай.
Паводле хронікі будслаўскага бернардынскага кляштара, абраз Маці Божай Будслаўскай знаходзіцца ў Будзе (сучасным Будславе) з 1613 года. У 1598-м абраз быў падараваны мінскаму ваяводу Яну Пацу самім Папам Рымскім Клеменсам VIII у час пілігрымкі ў Рым. Пасля смерці Паца ў 1610 абраз застаўся яго капелану Ісаку Салакаю. У 1613-м Салакай, які быў у Будславе ў Вялікі чацвер і пятніцу, узрушаны набажэнствам, ахвяраваў абраз касцёлу. Гісторыя і цуды абраза, пачынаючы з 1617 года, былі апісаны прыёрам Элеўтэрыем Зеляевічам у кніжцы "Задыяк на зямлі". Першы цуд зафіксаваны ў 1617 — вяртанне зроку пяцігадоваму хлопчыку Язафату Тышкевічу, які пазней стаў вядомым айцом-кармелітам. Потым усе цуды запісвалі на сценах тады яшчэ драўлянай святыні. 29 ліпеня 1767 года была закладзена новая базіліка. 7 верасня 1783 прайшло ўрачыстае асвячэнне базілікі пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. 9 снежня 1787 Будслаў становіцца самастойнай парафіяй. У XVII-XVIII стст. культ абраза Маці Божай Будслаўскай атрымаў шырокае распаўсюджанне ў Беларусі. Пасля 1859 года, калі бернардынскі кляштар у Будславе быў скасаваны, папулярнасць абраза ў асяроддзі вернікаў троху губляецца.
Бернардынцы вярнуліся ў Будслаў у 1996 годзе. 2 ліпеня 1992 прайшло першае масавае паломніцтва вернікаў у Будслаў. З гэтага часу штогод 1-2 ліпеня ў Будславе праходзіць каталіцкае свята (“фэст”) – імпрэза ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай. З 2012 года фэст адбываецца ў першыя выходныя ліпеня. З кожным годам прыбывае ўсё больш і больш паломнікаў, апошнім часам – да 50 000 людзей з усіх куткоў Беларусі, а таксама з Расіі, Літвы, Польшчы, Славеніі, Украіны, Італіі і іншых краін.
З’язджаюцца, як правіла, усе іерархі (кардыналы і біскупы) каталіцкай царквы Беларусі, вялікая колькасць святароў (ксяндзы) і прадстаўнікі самых розных манаскіх ордэнаў (дамініканцы, францысканцы, кармеліты і інш.). Прыязджаюць у Будслаў і прадстаўнікі грэка-каталіцкага (уніяцкага) духавенства.
Кожнае паломніцтва ў Будслаў праходзіць пад якім-небудзь лозунгам, які адлюстроўвае галоўны сэнс прашэнняў каталіцкай царквы да Маці Божай. На ўрачыстасць Будслаўскай Божай Маці да санктуарыя дабіраюцца рознымі шляхамі і спосабамі: па чыгунцы, на асабістым транспарце, аўтобусамі, якія заказваюць прыходы, па вадзе (на байдарках), на веласіпедах. Усіх гэтых людзей завуць паломнікамі (пілігрымамі). Аднак найвялікшай павагай карыстаюцца тыя з іх, хто шлях у Будслаў пераадольвае пешшу. Пілігрымы ідуць з Мінска, Маладзечна, Віцебска, Баранавіч, Нарачы, Ракава, Пінска, а таксама некаторых прыходаў у Літве і Польшчы па 5-10 дзён.
Першы прыпынак пілігрымаў адбываецца пасля 2-гадзіннага шляху. Праходзіць казанне святара. Затым паломнікі пачынаюць шукаць камяні – сімвал чалавечага граху. З імі вернікі праходзяць яшчэ некалькі кіламетраў. На наступным прыпынку з гэтых камянёў на ўскрайку леса складаюць імправізаваны алтар, і святар ля яго служыць імшу. Пасля пачынаецца самае цяжкае – некалькі дзён нялёгкай пілігрымкі. Існуе малітва паломніка да Маці Божай Будслаўскай. Яе чытаюць кожны дзень, перад тым як выступіць у дарогу, на працягу ўсяго паломніцтва. Будслаўскай Божай Маці прысвечана нямала духоўных песень, якія падчас шляху ў санктуарый спяваюць вернікі.
Пілігрымы ночаць у намётах і ў хатах мясцовых жыхароў, тыя з радасцю іх частуюць. Па дарозе паломнікі наведваюць мясцовыя святыні. У першую чаргу гэта, канечне, касцёлы, цэрквы і капліцы, але і прошчы не абдзеленныя ўвагай. Вернінікі заходзяць на святыя крыніцы, а ў вёсцы Крамянец пад Лагойскам наведваюць святы камень у лесе.
Раніцай у суботу каля вёскі Даўгінава Вілейскага раёна адбываецца сустрэча амаль усіх пілігрымак. Да Будслава застаецца ісці крыху больш за 20 кіламетраў. Апошні прыпынак адбываецца за пару кіламетраў да Будслава. Плошча Плачу – сімвал падзякі бліжняму, што быў з табой побач увесь гэты час пешай пілігрымкі. Усе абдымаюцца і плачуць – дзякуюць адно аднаму і просяць блаславення. І вось Будслаў, дзе сустракае пілігрымаў каля санктуарыя пробашч касцёла. Пілігрымы са спевамі і радаснымі воклічамі падыходзяць да святыні, потым – на каленях да абраза Маці Божай Будслаўскай.
Напярэдадні галоўнага нядзельнага набажэнства апоўначы праходзіць тысячная працэсія са свечкамі. Грандыёзная працэсія як вогненная стужка віецца вакол парка перад святыняю. Усю ноч у суботу праходзіць пакланенне цудатворнаму абразу і чуванне вернікаў. Амаль кожную гадзіну распачынаецца чарговая імша. На другі дзень (у нядзелю) адбываецца святочная імша, якую цэрэбралізуе мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, іншыя беларускія біскупы. Будслаўскі касцёл з’яўляецца помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння, а абраз Маці Божай Будслаўскай – агульнабеларускай святыняй.
22 студзеня 2014 года фэст быў унесены ў Нацыянальны інвентар. Неўзабаве пачалася падрыхтоўка дакументаў для падачы ў спіс UNESCO. Галоўнай складанасцю стала зняць фільм, бо ён павінны быць прафесіянальны і якасны, на што трэба сродкі. За справу ўзяўся рэжысёр Уладзімір Арлоў, зняў урачыстасць улетку. Фільм быў змантаваны на пачатку 2015-га і ўвесну пакет дакументаў паступіў на разгляд экспертаў UNESCO. Разгляд цягнуўся больш за год і ў 2016-м прапанова была адхіленая з заўвагай, што варта больш разгорнута паказаць удзел у фэсце мясцовай супольнасці.
Жыхары Будслава вельмі радыя паломнікам, запрашаюць іх у госці і частуюць, самі наведваюць набажэнствы. Пасля ўнясення правак і дапрацоўкі пакета дакументаў на "Урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)" ён зноў паступіў на разгляд. І вось, зрэшты рэшт, 28 лістапада 2018 года Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO ў ходзе 13-й сесіі, што праходзіць у сталіцы Маўрыкія Порт-Луі да 1 снежня, аднагалосна прыняў рашэнне аб уключэнні беларускага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)" у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
На паседжанні прысутнічала каардынатарка падачы дакуметаў, старшыня Фонда “Культурная спадчына і сучаснасць” Ала Сташкевіч, якая падзяквала Камітэту ад імя нашай краіны.