«Будзеш сядзець ад званка да званка». Як ціснуць на асуджанага па «справе пяцёркі» Паўла Сахарчука

На пачатку лютага за пашкоджанне машыны жонкі аднаго з начальнікаў Дэпартамента выканання пакарання Аляксандра Гейца на тэрміны ад 2 да 6 гадоў калоніі былі асуджаныя пяць мінчукоў-«партызан». У канцы красавіка іх адправілі адбываць пакаранні ў розныя калоніі, дзе некаторыя з іх сутыкнуліся з ціскам, піша Вясна.

saharchuk_sud_90.jpg

Родныя зняволеных звязваюць ціск на сваіх блізкіх у калоніях з тым, што яны трапілі пад ведамства пацярпелага па справе, па якой іх асудзілі. Аляксандр Гейц з'яўляецца намеснікам начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы, у тым ліку ў калоніях. 


Ужывалі электрашокер каля сарака разоў, пры затрыманні было дзевяць чалавек, а асудзілі пяць. «Справа пяцёркі»

Летась у канцы верасня супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа затрымалі пяцярых мінчукоў каля машыны жонкі супрацоўніка Дэпартамента выканання пакаранняў Аляксандра Гейца ў Баравой. Гэта былі Антон Быкоўскі, Павел Сахарчук, Ягор Яўстратаў, Арцём Анішчук і Андрэй Нечыпар. Іх абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянера: "пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў", матэрыяльная шкода склала 5 222 рублёў 88 капеек.
На відэазапісах, якія распаўсюдзіла прэс-служба МУС і ONT NEWS, бачна, што сілавікі пры затрыманні выкарыстоўвалі зброю, а таксама адзін з затрыманых, як высветлілася пазней Антон Быкоўскі, быў моцна збіты.
Быкоўскі на пасяджэнні суда распавёў, што сілавікі збілі іх у машыне пасля затрымання, ужывалі электрашокер каля сарака разоў, пасля чаго "ён у іх сеў".
"Мы не супраціўляліся, я не ўцякаў. Завёў рукі за галаву, на іх зашчоўкнулі кайданкі. І тут жа ў галаву мяне ўдарылі нагой. Потым залілі газам, апяклі мне абодва вока так, што я шэсць гадзінаў не мог іх расплюшчыць. Тыкалі электрашокерам, працяглы час білі па галаве і целе", — сказаў ён.
Антона Быкоўскага пасля гэтага даставілі ў лякарню, дзе яму дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траву і множныя ўдары. У стацыянары на лячэнні ён знаходзіўся сем дзён.
Паводле паказанняў абвінавачаных, пры затрыманні прысутнічала каля дзевяці чалавек, але засудзілі па гэтай справе толькі пяць чалавек. У матэрыялах справы яны фігуруюць як "нявызначаныя асобы". На думку абвінавачаных і іх сваякоў, гэта былі супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Усіх судзілі за пашкоджанне машыны, некаторых яшчэ судзілі за знойдзеныя рэчывы і прадметы падчас ператрусу пасля затрымання. Павел Сахарчук і Арцём Анішчук цалкам прызналі віну. Антон Быкоўскі і Ягор Яўстратаў — часткова. Андрэй Нечыпар віну не прызнаў.

sud_minsk.jpg


Трэцяга лютага суддзя Віктар Шаўцоў вынес наступныя прысуды па гэтай справе:
31-гадоваму беспрацоўнаму Ягору Яўстратаву — ч. 2 арт. 339, ч.1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса — 3 гады і 2 месяцы калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;28-гадоваму развозчыку піцы Паўлу Сахарчуку — ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 296 Крымінальнага кодэкса — 2 гады і 1 месяц калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;32-гадоваму работніку метро Арцёму Анішчуку — ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса — 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;32-гадоваму работніку піцэрыі Андрэю Нечыпару — ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса — 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;39-гадоваму трэнеру па каратэ Антону Быкоўскаму — ч. 2 арт. 339, арт. 329, ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса — 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Цяпер Павел Сахарчук, Ягор Яўстратаў і Арцём Анішчук сутыкнуліся з ціскам у асадах.

«Будзеш сядзець ад званка да званка». Павел Сахарчук у «Ваўчыных норах»  


Асуджанага па ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 296 Крымінальнага кодэкса да двух гадоў і аднаго месяца пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму Паўла Сахарчука этапавалі адбываць пакаранне ў "Ваўчыныя норы" — папраўчую калонію №22 пад Івацэвічамі. Як распавяла "Вясне" яго жонка Дар'я, з красавіка Паўла некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА, пазбаўляюць перадач і спатканняў, блакуюць карэспандэнцыю.
«Як толькі ён прыбыў у калонію, яму адразу далі зразумець: "Будзеш сядзець ад званка да званка", маўляў, ніякага ўмоўна-датэрміновага вызвалення», — распавядае Дар'я.
Паводле слоў жонкі, Паўла два разы адпраўлялі ў ШІЗА па 10 сутак і апошні раз — на 7 сутак. Як яна адзначае, рапарты пра парушэнні на яго складаюць з надуманых нагодаў: не пагаліўся, калі толькі выйшаў паголены з душа; прайшоў у тапках, калі ўсе ідуць у тапках; не павітаўся, спрачаецца; захоўваў кніжку на працоўным месцы.
«Тое, на што ў іншых заплюшчваюць вочы, яму абарочваецца рапартамі, а пасля ШІЗА. Пры кожным тэлефанаванні ён кажа, што ў канцы тыдня зноў камісія, дзе будуць вырашаць, ШІЗА ці не. Калі не ШІЗА, то чаго-небудзь ізноў пазбавяць».
У адной з размоваў Павел сказаў жонцы:
«За сем месяцаў у СІЗА [падчас папярэдняга следства да суда] у мяне не было ніводнага парушэння, ніводнага рапарта, таму што ў людзей не было мэты мяне прэсаваць.
У мяне няма ніякіх інструментаў ім перашкаджаць. На сваёй тэрыторыі яны цары і багі. Калі ты нічога не зробіш, я не ведаю, усё будзе дрэнна. Пагражаюць зрабіць тое самае, што з Арцёмам [Анішчуком]…»

Ліст Паўла Сахарчука жонцы

Ліст Паўла Сахарчука жонцы

Як распавядае Дар'я, ёй удалося сустрэцца з Паўлам толькі адзін раз. У чэрвені Сахарчукам дазволілі працяглае спатканне на суткі. Але і тут не абыйшлося без ціску і пагроз, распавядае жонка Паўла:
«Гэтым спатканнем яго проста шантажавалі, пагражалі забраць яго.
І нават тут прымудрыліся зрабіць гадасць: адзінаму з усіх зняволеных на спатканні яму не падпісалі перадачу на пяць кілаграмаў на вынас. І паведамілі гэта толькі па факце, на самім спатканні».
Доўгі час яму не дазвалялі тэлефанаваць сваякам
«Тэлефанаваць не давалі, пакуль мы са свякрухай па чарзе не пачалі тэлефанаваць у калонію. Дзяжурны адказваў, што з ім усё ў парадку, а адміністрацыя проста не падпісвала дазвол на тэлефанаванні.
Цяпер калі не ў ШІЗА, то тэлефануе», — кажа Дар'я.
Таксама вядома, што Сахарчука пазбавілі перадач. Атаварвацца ў краме ў калоніі яму дазволена ў межах дзвюх базавых на месяц, але, паводле жонкі, усе атаваркі ён прапусціў, бо быў у ШІЗА.
Таксама ў Паўла праблемы з ліставаннем. За паўтара месяца яму аддалі лісты толькі ад жонкі і ад сяброўкі, ад сяброў і іншых людзей — не. Яго лісты "прарываюцца" да жонкі таксама з цяжкасцю:
«Па тэлефоне сказаў: «Мае лісты затрымаліся ці то ў спецаддзеле, ці то дзе, не адпраўляюць чамусьці». Можа плынь вялікая, а можа адмыслова».
Павел працуе ў сталовай у калоніі №22 па 15 гадзінаў на дзень (з 6-й да 21-й) праз дзень. У першы тыдзень пасля каранціну ў такім рэжыме штодня.

Ліст Паўла Сахарчука жонцы

Ліст Паўла Сахарчука жонцы


Падтрымайце Паўла Сахарчука лістамі салідарнасці:
Папраўчая калонія №22, 225295, Івацэвіцкі раён, ст. Даманава, а/с 20