ШІЗА, у ПКТ на паўгода, пазбаўленне любых камунікацый. Стала вядома пра ціск на яшчэ аднаго вязня
Мы неаднойчы пісалі пра здзекі, якім падвяргаецца за кратамі Арцём Анішчук — фігурант справы «пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі супрацоўніка ДВП Аляксандра Гейца» (намеснік начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы ў калоніях). Цяпер стала вядома, што ціск аказваецца і на іншага фігуранта гэтай справы — Ягора Яўстратава, які адбывае тэрмін у ПК-1.
Ягор Яўстратаў асуджаны на тры гады і два месяцы пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Праваабаронцам стала вядома, што ў якасці пакарання за «парушэнні рэжыму» яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу на максімальны тэрмін — паўгода. Да гэтага па надуманых прычынах перыядычна адпраўлялі ў штрафны ізалятар, Ягора адрэзалі ад усялякай камунікацыі з роднымі: тэлефанаванні, ліставанні, спатканні яму недасяжныя. Таксама ў суд накіравалі матэрыялы справы аб змене агульнага рэжыму на строгі. Ягор ужо паспеў адмовіцца ад адваката на гэтым судзе, што выклікае ў родных сумневы наконт добраахвотнасці такога рашэння. Падрабязнасці «Вясне» распавяла сястра Ягора Дар'я.
Нагадаем, 3 лютага суд Мінскага раёна вынес прысуды па крымінальнай справе супраць пяцярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня ў Баравой. Іх абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянера: «Пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў». Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса («Злоснае хуліганства»). Акрамя гэтага, абвінавачаных асудзілі за рэчывы і прадметы, якія сілавікі знайшлі падчас вобшуку ў іх дамах і машынах пасля затрымання 29 верасня. 31-гадовага Ягора Яўстратава асудзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: па ч. 2 арт. 339 і ч. 1 арт. 295-3 — да трох гадоў і двух месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
«У вопісе не хапае адной цыгарэты». З каранціна — у ШІЗА
Адбываць пакаранне Яўстратава накіравалі 21 красавіка ў папраўчую калонію №1. Адразу пасля двухтыднёвага каранціну Ягора адправілі на 10 сутак у штрафны ізалятар. Прычына — няслушны ўлік асабістых рэчаў пры паступленні ў калонію. Як распавёў сястры сам Ягор на спатканні, калі яго прывезлі ў ПК-1, то канваір яго вельмі доўга і старанна абшукваў і аглядаў. У выніку, канваір заявіў Ягору, што яго адпраўляюць у ШІЗА на 10 сутак, бо «не хапае ў вопісе адной цыгарэты». Хоць, як адзначае яго сястра, сам Ягор не курыць.
«Ягор з упэўненасцю сказаў канваіру: "Ты ж разумееш, што там усе цыгарэты былі на месцы". Адказ канваіра быў кароткі, але вельмі ёмісты: "У мяне загад знайсці ў цябе "што-небудзь". Такім чынам, Ягор трапіў у першы, але далёка не апошні раз у штрафны ізалятар», — распавядае сястра асуджанага Дар'я.
Пасля гэтага Ягора адпраўлялі ў ШІЗА яшчэ двойчы. Прычына другога дысцыплінарнага спагнання невядомая, а вось у трэці раз у ізалятар, паводле слоў супрацоўнікаў калоніі, яго адправілі нібы праз невыкананне прац на прамзоне.
Ягор Яўстратаў — сёстрам: «Гэта наша першая і апошняя сустрэча»
Як распавядае Дар'я, 30 чэрвеня ў яе з братам было прызначана першае кароткатэрміновае спатканне, аднак увечары 29 чэрвеня ёй патэлефанавалі з калоніі і сказалі, каб «дарэмна не ехалі, бо Яўстратава зноў адправілі ў ШІЗА праз невыкананне прац на прамзоне».
«Мы палічылі, што 9 ліпеня ён павінен выйсці з ШІЗА. На наступны дзень мы з сястрой, нікога не папярэджваючы, прыехалі ў калонію з заявамі на кароткатэрміновае спатканне. Нам іх падпісалі, і мы ўбачылі брата. Першыя словы Ягора былі наступныя: "Рыхтуйцеся да таго, што гэта наша першая і апошняя сустрэча, больш яны такой прамашкі не дапусцяць". І ён меў рацыю».
На спатканні ён распавёў сёстрам, што ў ШІЗА ў другі раз яго адправілі за тое, што на прамзоне ён знаходзіўся на іншай лакацыі. Ягор прапанаваў супрацоўнікам калоніі паглядзець камеры відэаназірання, каб даказаць адваротнае, але атрымаў адказ, «што гэта нікога не хвалюе і ён усё адно пойдзе ў карцар».
«Мы разумеем, што гэта зроблена дзеля таго, каб ён не ўбачыўся са сваякамі», — каментуе сітуацыю Дар'я.
«А чаму б і не?»: на паўгода ў ПКТ
21 жніўня, калі родныя Ягора прывезлі ў калонію перадачу, то даведаліся, што літаральна суткі назад яго на паўгода змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Перадачу ў іх так і не прынялі. Пра прычыны пераводу ў ПКТ сям'і Ягора не паведамілі. Сястра Дар'я запісалася на прыём 30 жніўня да начальніка ПК-1 Андрэя Пальчыка, каб высветліць сітуацыю з яе братам.
«Адказы даваліся або размытыя і мудрагелістыя, або не даваліся наогул. На маё пытанне: "Чаму Ягору далі максімальны тэрмін знаходжання ў ПКТ?", я атрымала адказ: "А чаму б і не?"» — распавядае Дар'я.
Начальнік калоніі Пальчык пералічыў сястры Ягора шэраг парушэнняў, за якія таго змясцілі ў ПКТ: два разы не павітаўся (з кім?), адзін раз адмовіўся прыбірацца, два разы заснуў на прамзоне і адзін раз правёў недакладны ўлік асабістых рэчаў. На падставе гэтага Ягора змясцілі ў ПКТ на максімальны тэрмін — паўгода.
Пры гэтым, заўважае Дар'я, у пераліку Пальчыка пра парушэнні не было ні слова пра лакацыю. Такім чынам, у родных Ягора ёсць адразу тры версіі аднаго парушэння. Першая: па тэлефоне ім сказалі, што ў ШІЗА яго адправілі праз адмову ад выканання прац. Другая: Ягор сам сказаў, што пакаралі яго за тое, што ён нібы знаходзіўся не ў тым месцы прамзоны. Трэцяя: начальнік на прыёме сказаў, што Ягор нібы спаў на працоўным месцы.
Суд па змене ўмоў рэжыму і (не)добраахвотная адмова ад адваката
Акрамя гэтага, як стала вядома Дар'і, адміністрацыя калоніі падала заяву ў суд Наваполацка аб пераводзе Ягора з агульнага рэжыму на строгі. Аднак дата разгляду пакуль невядомая.
Як кажа сястра Яўстратава, Ягор ужо напісаў заяву аб адмове ад паслуг адваката.
«Ведаючы Ягора, ён бы добраахвотна нічога падобнага не напісаў. Тут можна смела выказаць меркаванне, што заява напісаная або пад ціскам з ужываннем дзеянняў гвалтоўнага характару, або не існуе наогул. Я спытала, ці магу ўбачыць гэтую заяву, але мне сказалі, што не — яна пад грыфам сакрэтнасці».
Адно тэлефанаванне за некалькі месяцаў і адсутнасць лістоў
Акрамя гэтага, на асуджанага Яўстратава чыніцца ціск і іншымі спосабамі, распаўсюджанымі для «палітычных». З 21 красавіка па 6 жніўня Ягору дазволілі толькі адзін раз патэлефанаваць родным — у той час як тэлефанаванні асуджаным прадугледжаныя два разы на месяц. Таксама ёсць праблемы з карэспандэнцыяй у абодва бакі.
«Пра адсутнасць тэлефанаванняў (бо Ягор не быў пазбаўлены іх) мне адказу не далі. А вось пра адсутнасць лістоў начальнік калоніі Пальчык выказаў меркаванне, што Ягор проста мне не піша. Паводле яго слоў, з боку калоніі ўсё ў парадку: яны не перашкаджаюць і ніякім чынам не ўплываюць на перапіскі. Але лісты не толькі мне не прыходзяць, астатнія члены нашай сям'і, яго сябры таксама не атрымліваюць іх. Нашы лісты, як высветлілася пазней, не даходзяць», — распавядае сястра Ягора.
Падтрымайце Ягора лістамі па адрасе:Папраўчая калонія №1,211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8,Ягору Валянцінавічу Яўстратаву (1989 г.н.)