За гутарку з амапаўцам — 15 сутак

Мінчука арыштавалі на 15 сутак за размову з АМАПаўцамі на сталічнай вуліцы Зыбіцкай.

photo_2021_08_31_19_20_57.jpg


Сёння каля 12:30 на вуліцы Зыбіцкай 38-гадовы Максім Пятровіч набываў ежу. Каля яго стаялі супрацоўнікі АМАПа ў службовай форме, з якімі Максім вырашыў паразмаўляць. У выніку размова скончылася затрыманнем Пятровіча.
Але пратакол па арт. 24.3 КаАП на мужчыну склалі за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі на тэрыторыі Цэнтральнага РУУСа. Паводле пратакола, Максім «быў затрыманы па падазрэнні ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, адмовіўся выйсці са службовага аўтамабіля, упіраўся, чым аказаў непадпарадкаванне міліцыянту».
Амаль праз тры гадзіны справу Максіма разглядзеў суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк. На пытанне суддзі наконт меркаванай прычыны затрымання, мужчына адказаў: «Пакрыўдзіліся, напэўна, можа, я ім не тое што сказаў».
Суддзя Карсюк пакараў Максіма Пятровіча 15-сутачным арыштам.