За словы «ну и харя!» у каментары — два гады «хатняй хіміі». За слова «сволочь» у адрас Караева — два гады «хіміі»

Праваабаронцы паведамляюць пра чарговыя прысуды за каментары ў сацсетках і тэлеграм-чатах. 



cell_phone_690192_1280.jpg


Жыхарку Гомеля Алесю Бахун абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады — у ліпені 2020 жанчына на старонцы Вольгі Карач пакінула каментар «Ну і хара!» пад запісам пра ўчастковага з Бабруйска па прозвішчы Комар. Значна пазней, напрыканцы лютага ці пачатку сакавіка 2021 года, па месцы жыхарства Бахун быў праведзены ператрус.
Суддзя Яўген Шаршнёў прысудзіў жанчыне два гады «хатняй хіміі». Таксама Алеся павінна выплаціць пацярпеламу супрацоўніку міліцыі 1 000 рублёў кампенсацыі маральнага ўрону.
Дарэчы, зусім нядаўна, 24 жніўня, два гады «хатняй хіміі» за каментар пад пастом Вольгі Карач атрымаў жыхар Гародні Андрэй Крысюк. Пацярпелым там таксама выступаў супрацоўнік міліцыі Комар.
За слова «сволочь» у адрас Караева жыхару Баранавічаў прысудзілі 2 гады «хіміі».
Жыхара Баранавічаў Андрэя Званарова абвінавацілі ў тым, што ён 28 кастрычніка 2020 года ў тэлеграм-канале «Бараўкі Свабодныя» пад фотаздымкам былога міністра ўнутранных спраў Юрыя Караева наўмысна змясціў абразлівы каментар — напісаў слова «сволочь».
Андрэй Званароў віну прызнаў цалкам, патлумачыў, што састаяў у тэлеграм-чаце, заклікаў выключна да мірнага вырашэння накіпелых праблемаў у грамадстве, ніколі не заклікаў да агрэсіі, а калі іншыя людзі выказвалі нешта негатыўнае ў дачыненні да прадстаўнікоў закона, ён ніколі іх не падтрымліваў. Аднак, калі была апублікаваная інфармацыя, дзе Караеў заклікаў бяздумна выкарыстоўваць баявую зброю, Андрэй абурыўся:
«Па майму меркаванню, гэта разыходзіцца як з нормамі закона, так і з чалавечымі маральнымі [каштоўнасцямі]. І тым больш сітуацыя на той момант была дастаткова напружаная».
Ён на эмоцыях выказаў сваё стаўленне — напісаў слова «сволочь». Калі размяшчаў каментар не меў намеру нікога канкрэтна абразіць, а проста хацеў выказаць свае адносіны да напісанага ў публікацыі.
Пракурор Іван Гаўдзей прасіў суд прызнаць Андрэя вінаватым і пакараць яго двума гадамі «хіміі», а тэлефон мужчыны, праз які ён пакінуў каментар, канфіскаваць у даход дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства.
Суддзя Іна Паўлоўская пагадзілася з прапановай пракурора і прызначыла абвінавачанаму два гады «хіміі».