Былая чыноўніца стала валанцёркай, якая не прапускае аніводнага палітычнага працэсу. Гісторыя Алены Тоцкай

Гамяльчанку Алену Тоцкую можна ўбачыць практычна на ўсіх палітычных працэсах. Пенсіянерка ходзіць на судовыя пасяджэнні над апанентамі ўлады рэгулярна, як на працу. А яшчэ некалькі гадоў таму яна працавала на дзяржаўнай службе і верыла ў «чэсныя» выбары. Пра тое, што змяніла свядомасць звычайнай пенсіянеркі — чытайце ў інтэрв’ю з валанцёркай Аленай Тоцкай.

048cc35c9c803ae08c4d5.jpg

«Штодзень»: Алена, што стала трыгерам, паваротным момантам у вашым жыцці, пасля чаго вы вырашылі заняць актыўную грамадзянскую пазіцыю?
Алена Тоцкая: Я была раней апалітычным чалавекам. Больш за тое, я працавала на дзяржаўнай службе. І калі гаварылі пра “нячэсныя выбары”, я заўжды адказвала, што такога быць не можа. Я так сапраўды думала, паколькі лічыла, што для таго, каб працаваць чыноўнікам, патрэбныя пэўныя прынцыпы і мараль. Потым здарылася аптымізацыя колькасці дзяржчыноўнікаў у 2013 годзе, у выніку якой скарацілі каля 35% служачых. У лік звольненых трапіла і я. І тады я зразумела, наколькі цяжка знайсці працу ў гэтай краіне. Я тады пайшла даглядаць інвалідаў першай групы, ляжачых бабуль і дзядуль.
У 2014 годзе падчас выбараў у мясцовыя саветы я вырашыла праверыць, фальсіфікуюць выбары ў Беларусі ці не. Калі я пайшла незалежным назіральнікам, аказалася, што мая нервовая сістэма да такога не была падрыхтаванай. Я была ў шоку ад таго, наколькі ў нас несумленна праходзяць выбары. Я пісала ў гарвыканкам пра тое, што такія адбываюцца справы, пісала ў пракуратуру, звярталася да Ярмошынай. Але адусюль прыходзілі адпіскі. І тады я ясна зразумела, што да гэтага часу я рабіла высновы пра дзяржаўных служачых, параўноўваючы з сабой. Калі я, напрыклад, была сумленнай, гэта не значыць, што ўсе астатнія сумленныя. Мне было ў матэрыяльным плане складана, пакуль я не выйшла на пенсію. А потым у мяне з’явілася многа вольнага часу. І ўсё роўна была апалітычнай, нікуды не ўлазіла, забыла як страшны сон свой удзел у якасці назіральніка...
 «Ш»: Як вы ўспрынялі падзеі жніўня 2020 года?
«АТ»: І вось здарыўся жнівень 2020 года. У СМІ я, вядома, чытала пра тое, што не дапускалі назіральнікаў, што пераследвалі журналістаў. Я тады разумела, для чаго гэта ўсё робіцца. Аднак я ўсё роўна не была гатовая да таго, што здарылася пасля выбараў. Такое і ў кашмарным сне немагчыма было прыдумаць. Асабіста я спрабавала зрабіць усё магчымае, каб выбары прайшлі сумленна, каб мой голас не прапаў. У дзень выбараў я зайшла ў кабінку для галасавання, сфатаграфавала для платформы “Голас” бюлетэнь. І ў гэты момант у кабінку зайшла жанчына з выглядам, што хоча прыбраць нешта. І мне ўсё стала зразумела, што гэта кантроль нейкі. Я прагаласавала і пайшла дамоў. Нікуды 9 жніўня я не выходзіла. 10 жніўня Інтэрнэта зноў не было. Я пачала стэлефаноўвацца са сваякамі, але і яны не бачылі ніякіх вынікаў выбараў. Тады я сабралася ісці на свой выбарчы ўчастак, у школу, дзе галасавала, каб даведацца, што ў нас адбылося. Калі я прыйшла туды (гэта была раніца 11 жніўня), убачыла, што выносяць лавы. Я тады спытала: “А дзе пратакол?” Вахцёр, якая была на сваім месцы, запрасіла дырэктарку, што працавала падчас выбараў старшынькай выбарчай камісіі. Тая, калі прыйшла, кінула на мяне грэблівы позірк, быццам я ёй штосьці вінная. Дырэктарка сказала, што ўсе дакументы перададзеныя куды трэба, а вынікі я магу дазнацца на Білецкага (у аддзеле ідэалогіі адміністрацыі Цэнтральнага раёна). Канешне, стала ясна, што нешта тут не тое адбываецца. І калі 12 чысла ўключылі Інтэрнэт, гэта быў проста кашмар! Гэта пекла было! Я за два дні на паўтара кг схуднела... Не забуду, не дарую ніколі гэтага!!!

«Я за два дні на паўтара кг схуднела...»



Потым я дазналася, што не толькі ў Менску, але і ў Гомелі былі сутыкненні міліцыі з пратэстоўцамі. На жаль, на пахаванне Сашы Віхора я не паспела. Мы паехалі на могілкі ў Касцюкоўку ў лістападзе пасля таго, як ушанавалі памяць рэпрэсаваных у сталінскія часы. Мы ўжо амаль сышлі з могілак, як убачылі машыну, што пад’ехала. З аўтамабіля выйшла жанчына. Гэта была мама Сашы Віхора. У яе кароткая стрыжка, якую лёгка пазнаць. Мы тады падышлі да яе. Мама Сашы нам выказала падзяку, што мы не забываем яе сына, не пакідаем іх адных у горы.

Мой нервовы стан нармалізаваўся, калі ў Гомелі пачаліся масавыя маршы пратэсту. Я пачала на іх хадзіць. Калі нас многа, плячо да пляча, тады ўздымаецца настрой, з’яўляецца вера ў перамогу.
«Ш»: Вам у эмацыйным плане цяжка хадзіць на суды, калі пастаянна бачыш усю несправядлівасць?
«АТ»: На суды насамрэч хадзіць вельмі цяжка. Невыносна глядзець на тое, як суддзя заплюшчвае вочы на высмактаныя з пальца абвінавачанні. У мяне дагэтуль упэўненасць, што пратэсты былі мірнымі.
«АТ»: Людзі не сарвалі ніводнай кветачкі. Калі дэманстранты падымаліся на лавы, здымалі абутак. А іх судзяць быццам гэта быў агрэсіўны натоўп, які кідаўся на кагосьці. Але грамадзяне маюць права на мірны пратэст як паводле Канстытуцыі, так і паводле міжнародных абавязальніцтваў Беларусі. Згодна заканадаўству, кожны мае права выказаць сваю нязгоду мірным шляхам. Для мяне гэта было вельмі несправядліва, калі судзілі людзей за мірныя пратэсты. Я таму і стараюся трапляць на гэтыя суды, каб людзі не заставаліся сам насам з рэпрэсіўнай сістэмай, каб адчувалі падтрымку. У мяне склалася ўражанне, што суды даюць пратэстоўцам па максімуме нібыта адбылося нешта страшнае, хаця нічога страшнага ніхто з людзей не здзяйсняў.
Я раней была апалітычнай. Але калі я расплюшчыла вочы, убачыўшы ўсё ў інтэрнэце, я зразумела, што яшчэ многія людзі дагэтуль не надта разбіраюцца ў сітуацыі. Таму вельмі важна хадзіць на суды, каб разумець, што законы ў нашай краіне прымаюцца для таго, каб людзей прыгнятаць, але саміх распрацоўшчыкаў законаў гэта ўсё не датычыць.
«Ш»: Ці затрымлівалі вас на акцыях?
«АТ»: Хачу сказаць, што нават у АМАП ёсць розныя людзі. Калі мяне затрымлівалі на адной з акцый, я нават не зразумела, што мяне, аказваецца, затрымалі. Тады амапавец жэстам паказаў “прайдзіце ў бусік”. І я прайшла. Але потым туды сеў яшчэ адзін амапавец, які так махаў рукамі, што нібыта спрабаваў нас з жанчынамі зачапіць. І лаяўся на нас самымі апошнімі словамі. Я так разумею, што менавіта такія, як ён і дзейнічалі з 9 па 11 жніўня ў Менску і іншых гарадах, паводзілі сябе як каты. Яны, відаць, не хочуць ні ў чым разбірацца, а проста выконваюць загады начальства. Так ім прасцей. Сказалі ім “Фас”, а яны пабеглі...   
Штодзень