«Чаму патэнцыйныя гвалтаўнікі нічога не павінныя, а мы павінныя набываць электрашокеры?»

Дзяўчына, што сталася ахвяраю гвалту, тлумачыць, чаму анекдоты пра згвалтаванне ня смешныя і чаму неабавязкова быць расейскаю порназоркаю, каб апынуцца ахвяраю.



nasta0867971293_4650332488127108812_n_article_big_1_.jpg

Наста Захарэвіч, нашая глядачка, даслала ліст на паштовую скрынку «Белсату» з прапановаю распачаць дыскусію пра гвалтаўнікоў, ахвяраў гвалту і стаўленне грамадства да праблемы.

— Публікаванне на сайце «Нашай Нівы» анекдота пра згвалчаную расейскую порназорку сталася прычынаю для скандалу. Як вы ўспрымаеце гэтую сітуацыю?

— Гэта недапушчальна і гэта — поўная дыскрэдытацыя «Нашай Нівы» як СМІ. Неістотна, ці гэта інтэрнэт-выданне, ці штосьці іншае: павінна быць дакладнае разуменне таго, што гвалт — гэта не тэма для жартаў. Жарт гэта таксама форма ўлады. Жартуючы з нагоды гвалту гэтае выданне, хоць і вельмі ўскосна, але спрыяе распаўсюду гвалту.

— Пакінем у спакоі «НН», бо не менш красамоўная ў гэтым выпадку дыскусія сярод чытачоў. Тых, хто ставіць «лайкі» і тых, хто змяшчае крытычныя каментары...

— Я яшчэ раз пераглядзела каментары — яны збольшага мяне ўсцешылі. Шмат хто казаў «НН», што недапушчальна такое друкаваць. Звычайна ўсё абсалютна наадварот: людзі пачынаюць абмяркоўваць асобу згвалчанай жанчыны і на пэўным этапе знаходзяць нібыта нагоды, у адпаведнасці з якімі жанчына магла быць згвалчаная.

— Так, калі гаворка ідзе пра рэальныя сітуацыі, а не пра анекдот.

— У гэтым выпадку адмыслова ўказвалі, што гэта менавіта расейская порназорка. Разлік быў на тое, што гэта будзе гэткі тэатр абсурду, маўляў, як магчыма згвалціць порназорку. Але і порназорка можа быць згвалчаная, і прастытутка. Гвалт — гэта заўжды гвалт.

belsat.eu__media_uploads_i_72786f9028d2fedce384bcfeec7eaab7.html

Ілюстрацыя Valeri Pizhanski Ілюстрацыя Valeri Pizhanski

 

«Сама вінаватая»?

— У лісце на «Белсат» вы напісалі, што гатовыя на гэтую тэму адкрыта размаўляць і распавесці пра сябе. Якая вашая гісторыя?

— Калі мне было 10 гадоў, у маёй маці быў мужчына. Ён з Украіны, узімку жыў у нас, улетку мы праводзілі час ва Украіне. І ён рэгулярна, часам штодзень, часам раз на тыдзень, часам некалькі разоў на дзень рабіў тое, што праўнікі назвалі б «сексуальнымі дзеяннямі гвалтоўнага характару».

У тым узросце гэта было проста непрыемна, адбілася моцнымі страхамі, панічнымі праявамі. Потым некалькі гадоў я аніяк гэта не ўзгадвала. Быў «перыяд цішыні» у свядомасці. І гадоў у 16-17 яно рэзка ўсё ўсплыла і з тых часоў я спрабую... як лепш сказаць – прывесці сябе ў парадак. Тая гісторыя доўжылася цягам 2-3 гадоў.

— Хтосьці яшчэ пра гэта ведаў?

— Ён прасіў нічога не распавядаць маці, маўляў, ты ж не хочаш, каб яна хвалявалася, ты ж яе любіш. Ён кожны раз прасіў прабачэння. І хоць я не збіралася нічога прабачаць, ён і далей жыў з намі.

— 10-гадовая дзяўчына не магла быць «правакатарам». Адкуль у нашым грамадстве такое меркаванне, што ахвяры – «самыя вінаватыя»?

— Пазней у мяне былі такія сітуацыі, калі маці мне казала: спаднічка ў цябе кароценькая. На ахвяру спіхваюць адказнасць тады, калі не хочуць ускладаць адказнасць на гвалтаўніка. Нібыта чалавек, які гвалціць – не дарослы ці нават не чалавек, а нейкая жывёла, не здольная сябе кантраляваць. Нібыта ахвяра робіць штосьці адмыслова дзеля таго, каб быць згвалчанаю. Гэта немагчыма. Гвалт пачынаецца тады, калі гвалтаўнік прымае рашэнне, што будзе гвалціць.


 

belsat.eu__media_uploads_i_e24f18994023c19e4064f429bb168fed.html

"Гэта сукенка, а не згода" — надпіс на транспаранце падчас дэманстрацыі ў Лондане Фота roga muffin

Працаваць трэба не толькі з ахвярамі

— Гэтую сітуацыю можна неяк выправіць?

— Ёсць канадскі досвед, калі псіхолагі працавалі не з патэнцыйнымі ахвярамі, а з патэнцыйнымі гвалтаўнікамі. Мэтавая аўдыторыя была – не нейкія асацыяльныя тыпы, а маладыя хлопцы, якія жывуць у студэнцкіх інтэрнатах, шмат камунікуюць з дзеўчынамі. І праз білборды, брашуры, відэа і аўдыё ім распавядалі пра тое, што калі дзяўчына ў стане ап'янення, гэта не азначае, што яна гатовая да сексу. Пра тое, што гвалт – гэта заўжды гвалт. За год колькасць зваротаў па згвалтаваннях зменшылася на 10 %. А ў Беларусі ды і большасці іншых краінаў сацыяльныя праграмы скіраваныя на дзеўчын. І на іх перакладаюць адказнасць.

Маўляў, гэта не патэнцыйныя гвалтаўнікі павінны перастаць гвалціць, а дзяўчыны павінны абараняцца. Чаму патэнцыйныя гвалтаўнікі нічога не павінныя, а мы павінныя набываць электрашокеры, не насіць кароткіх спадніцаў, сто разоў падумаць перад тым, як пайсці ў госці, у барах пільнаваць напоі – каб ніхто нічога не падсыпаў?

— Адмыслоўцы сцвярджаюць, што згвалтаваныя жанчыны рэдка звяртаюцца да праваахоўнікаў і ўвогуле нікому пра гэта не расказваюць. А ахвяраю сексуальнага гвалту, маецца на ўвазе не толькі непасрэдна палавы акт, але і дамагальніцтвы, можа быць кожная трэцяя беларуска альбо нават больш.

— Гэта сапраўды так. Тое, што не назавеш непасрэдна гвалтам, але гэта сістэматычныя прыніжэнні. Нядаўна з'явілася відэа, як у Нью-Ёрку жанчына ішла па вуліцы і цягам 10 гадзінаў больш за сто разоў яе дамагаліся. Гэта былі нейкія брыдкія каментары, спробы дакрануцца і г.д. Праблема ў тым, што праявы сексізму вельмі часта спрабуюць падаць такім чынам, што гэта камплімент, альбо жарт. І я на сваім досведзе ведаю: калі чалавеку ў адказ на сексісцкі жарт скажаш, што так нельга, то ён адкажа: у цябе няма пачуцця гумару.

— Гэта мужчыны такія кепскія? Усё грамадства кепскае? Ці мы нешта губляем яшчэ на этапе гадавання дзяцей?

— Безумоўна, трэба працаваць з дзецьмі. Тыя гендарныя ролі, якія дакладна прыпісваюцца ў дзяцінстве, таксама маюць свой уплыў. Тое, што хлопчыкі агрэсіўныя і напорыстыя, а дзяўчынкі — ціхія і падатлівыя. Вядома, кажуць, што гэта традыцыя, аднак гэта той самы першы крок. Трэба ўдасканальваць і заканадаўства. Каб даказаць факт гвалту, ахвяра праходзіць праз вельмі розныя непрыемныя працэдуры і допыты. Маленькі шанец, што гвалтаўнік будзе пакараны. І гэта развязвае рукі. Згвалціць можна, у выпадку чаго сказаць — сама хацела. Змагацца трэба па ўсіх франтах.

— У тым ліку — на медыйным фронце?

— Сітуацыя з «НН» гэта толькі сімптом, але ён вельмі трывожны. Адная справа, калі такое гучыць у асяродку вулічнай шпаны і зусім іншае калі такія рэчы мы бачым у СМІ, якія павінны памятаць пра сваю сацыяльную адказнасць.

Гутарыў Зміцер Ягораў, belsat.eu