Хто будзе спонсарам пасяўной?

Урад Беларусі ўрэзаў свае паўнамоцтвы. Змяніўся рэгламент Савета міністраў. Цяпер усе праекты пастаноў, якія датычацца пытанняў крэдытавання, аказання дзяржпадтрымкі, выдачы гарантый або кампенсацыі часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам, павінны быць узгоднены з Нацбанкам.



strelki_11_logo.gif

Такім чынам, паўнамоцтвы прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча ў галіне фінансаў значна звузіліся. Нават такую дробязь, як пытанні накіравання ў замежныя камандзіроўкі, беларускі прэм’ер цяпер не зможа вырашыць самастойна. Згодна з новым рэгламентам, праекты пастановы аб камандзіроўках таксама павінны мець дадатковыя візы. У прыватнасці, быць узгоднены з Міністэрствам юстыцыі.

Эканамісты аднагалосна і «на ўра» ўспрынялі такія змены ў паўнамоцтвах урада. З іх пункту гледжання Нацбанк, які зараз апынуўся ў ролі «кантралюючага» за ўрадам, значна лепш разумее эканамічныя працэсы. Маўляў, Нацбанк бярэ пад кантроль дзейнасць Саўміна, каб кантраляваць эмісію, каб у эканоміцы не з’яўлялася «лішніх» безнаяўных крэдытных грошай.

Менавіта тое, што ў мінулым годзе план па крэдытаванні прадпрыемстваў быў перавышаны амаль у два разы, з’явілася адной з прычын інфляцыі, якую ледзь-ледзь удалося пакласці ў прагнозныя параметры. У гэтым жа годзе ўлады маюць намер рэзка знізіць інфляцыю ў параўнанні з леташняй — з 22% да 12% у год. Таму і расходаванне крэдытаў ставіцца пад больш жорсткі кантроль з боку Нацбанку.

Але ў гэтым ёсць і адзін інтрыгуючы момант. Змяняць рэгламент Саўміну можа толькі сам Саўмін. Чаму ж ён адмовіўся ад такога вялікага і значнага «куска пірага», як размеркаванне крэдытных грошай? Значыць, хтосьці прыняў рашэнне даць больш паўнамоцтваў Нацбанку. А прыняць гэтае рашэнне можа толькі адзін чалавек — Аляксандр Лукашэнка.

Выйграў ці прайграў ад гэтага ўрад, які Лукашэнка пагражаў звольніць за «паўтарэнне 2012 года»? Зараз Саўмін не будзе так адназначна адказны ні за эканоміку, ні за мадэрнізацыю, ні за выкананне прагнозных паказчыкаў. Ёсць жалезная адгаворка: «Мы хацелі, як лепш, але Нацбанк грошай не даў «. А без грошай што зробіш? І, такім чынам, у прэзідэнта аказваюцца два «хлопчыкі для біцця» — не толькі ўрад, але і Нацбанк.

Эканамістам лёгка казаць, што Нацбанк будзе праводзіць цвярозую грашова-крэдытную палітыку. Але фармальна незалежны Нацбанк дэ-факта ўсё ж падпарадкаваны прэзідэнту. А з такім падпарадкаваннем вельмі цяжка разлічваць на нейкую цвярозасць.

Першыя крокі Нацбанку пасля атрымання «шырокіх паўнамоцтваў» па кантролі за крэдытаваннем якраз збілі аптымізм з экспертаў. 12 сакавіка Нацбанк прыняў рашэнне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання, і з 13 сакавіка стаўка панізілася на 1,5% — да 28,5% гадавых.

«Фактычнае становішча, якое склалася ў лютым бягучага года, і прагназуемае далейшае запаволенне інфляцыйных працэсаў дае падставы для паступовага зніжэння намінальнага значэння стаўкі рэфінансавання з захаваннем яе станоўчага рэальнага ўзроўню», — гэты каментар Нацбанка прагучаў як здзек з «аптымістаў». Усе ведаюць, што ўзровень інфляцыі ў студзені-лютым склаў 4,3%, то бок больш за траціну ад запланаванага гадавога паказчыка. І гэта «далейшае запаволенне інфляцыйных працэсаў»?

Зніжэнне стаўкі рэфінансавання значыць, што зменшацца працэнты па крэдытах, яны патаннеюць, браць іх стане больш выгадна, у эканоміку зноў выплеснуцца тыя ж крэдытныя грошы, што прывядзе зноў да інфляцыі. Але ў гэтым урад ужо не вінаваты.

Але ж, што найперш павінна радаваць урад і не радаваць Нацбанк — гэта тое, што яны будуць аднолькава адказнымі за маштабную кампанію па крэдытаванні (часцяком, без звароту крэдытаў) самых адсталых прадпрыемстваў у краіне. Гэтая кампанія праводзіцца штогод і называецца «бітва за ўраджай». Традыцыйна ў пасяўную і ўборачную, але значна больш — у пасяўную, улада закопвае грошы ў зямлю, выдаючы направа і налева крэдыты і сродкі сельскай гаспадарцы. А потым гэтыя крэдыты проста спiсваюцца ў нябыт.

Аляксандр Лукашэнка, канешне, заявіў, што спісання крэдытаў сельскагаспадарчым арганізацыям не будзе. «Я лічу, што ў сельскай гаспадарцы яшчэ маса рэзерваў. І галоўнае — гэта кадры: кіраўнікі, спецыялісты, сяляне. Там, дзе ёсць жаданне працаваць, дзе нацэленасць на працу, там ёсць вынік. Там, дзе няма нармальнага кіраўніцтва, спецыялістаў, там і людзі працуюць слаба. Ты ім колькі ні давай грошай, усё марна», — адзначыў ён 11 сакавіка, прымаючы з дакладам намесніка прэм’ер-міністра Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца.

Але ўсе звыклі да таго, што Лукашэнка падобныя прамовы паўтарае кожны год ужо больш за дзесяцігоддзе. І за гэты час нічога не змянілася. Пра неэфектыўнасць і стратнасць беларускай сельскай гаспадаркі не раз казалі і розныя аўтарытэтныя міжнародныя фінансава-эканамічныя інстытуты. Аднак беларуская дзяржава з упартасцю маньяка кожны год толькі павялічвала субсідыі аграпрамысловаму комплексу.

Гэтым годам на пасяўную павінна быць патрачана 13,9 трыльёна рублёў, альбо 1,59 мільярды долараў. Адкуль бедная Беларусь возьме такія грошы без уключэння друкавальнага станка?

Адзінае шчасце для ўрада — ён зараз не будзе адказны за закопванне грошай. Альбо будзе вінаваты не адзін: падзеліць віну з Нацбанкам.