Хунта будзе, калі...
Пакуль расійскія войскі на Данбасе прыпынілі наступ, ёсць магчымасць паразважаць пра тое, што чакае Украіну. Гэта залежыць не толькі ад сітуацыі на фронце. Ва ўкраінскім грамадстве спеюць абсалютна розныя варыянты будучыні.
Выхаванне вайной
Руслан Тамбіеў, доктар-афтальмолаг з Марыупаля, прасіў сваіх сяброў адказаць на такое пытанне: «Што выхоўвае ў нас вайна?». Многія знайшлі нешта станоўчае ў драматычных падзеях у краіне. Казалі пра «адчуванне крохкасці свету», «разуменне, што няма нічога немагчымага», «імкненне жыць свядома ўжо сёння, а не калі-небудзь потым», «здольнасць хутка прымаць рашэнні — спачатку рабіць, потым баяцца» і «бескарыслівае жаданне дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу». Разам з тым іншыя называлі «цынізм», «нянавісць», «недавер да людзей» і да т.п.
З праявамі такога выхавання вайной я асабіста сутыкаўся неаднойчы. У сваім бескарыслівым жаданні дапамагчы, напрыклад, украінцы маглі б прэтэндаваць на прызавое месца сярод народаў свету. Часам іх нават даводзіцца стрымліваць. Апроч таго, што разам з калегам мы дзесяць дзён жылі бясплатна ў трохпакаёвай кватэры, куды нас пасяліла Галіна Флора, жанчына прынесла нам каву, калі мы пажаліліся ёй, што недзе забылі сваю, спрабавала накарміць, аддаць свой тэлефон для падключэння да інтэрнэту і наогул абыходзілася з намі як з самымі дарагімі гасцямі. «Я не магу пайсці на фронт, таму імкнуся зрабіць хоць што-небудзь», — проста тлумачыць Галіна.
У мінулым артыкуле я згадваў Тамару, да вайны яна выхоўвала свайго сына, Уладзіка, адна. Бацька, Сяргей, хіба што зрэдзьчасу цікавіўся ягоным лёсам. Але вайна прымусіла яго перамяніцца, кажа Тамара. Сяргей пачаў бываць у іхнай хатцы значна часцей і шмат ім дапамагаць. «Раней было не да таго, я нават асабліва не задумваўся, здавалася, што ёсць больш важныя справы», — гаворыць ён.
Адначасова з падобнымі людзьмі сустракаеш іншых — гатовых «перастраляць іх усіх да аднаго». Каго перастраляць? Дэпутатаў Вярхоўнай Рады, напрыклад. Ці такіх, што патрабуюць «саджаць палонных у клеткі і паказваць на плошчах». Або нават «жорстка катаваць, каб непанадна было да нас ехаць». Час ад часу ловіш на сабе косы позірк спадылба, калі гаворыш, што ты беларус, быў на акупаваных тэрыторыях, і наогул калі раптам спытаеш нешта «лішняе».
Робіць сваю справу і расійская інфармацыйная агрэсія. Падчас гэтай паездкі я ўжо сустракаў нямала гарачых маладых людзей, якія ідэнтыфікавалі сябе, не вагаючыся, як «фашыстаў». Логіка тут працуе вельмі простая: калі наш вораг называе нас такім чынам, маючы на ўвазе нешта кепскае, а ён вядомы сваёй хлуслівасцю, верагодна, быць «фашыстам» насамрэч крута і правільна. Вось і будзем імі, хай яны там задушацца ад злосці.
Самае страшнае, што можа адбыцца з Украінай
Гэтую тэндэнцыю Руслан Тамбіеў лічыць навязанай «ролевай гульнёй», якую ён заклікае не ўспрымаць усур’ёз. Аднак яго ўсё-ткі хвалюе распаўсюджванне ў грамадстве «вірусу фанатызму». Фанатызм, кажа Руслан, цягне за сабой збіванне ў зграі, дзяленне на «сваіх» і «чужых», з’яўленне догматаў, якія не абмяркоўваюцца, і «святарных кароваў», якіх не дазваляецца чапаць, мысленне лозунгамі. Руслан бачыць у гэтым поўную супрацьлегласць першапачатковаму Майдану — адкрытаму форуму, цякучаму, стракатаму і жывому, які меўся стаць матрыцай адкрытага грамадства. Самае страшнае, на думку Руслана, што можа адбыцца з Украінай — гэта яе прыпадабненне да Расіі. Няхай тут будзе не «праваслаўны халіфат», як там, штосьці іншае, на падмурку бяздумнага фанатызму пры любым напаўненні нічога добрага не збудуеш. Фанатызм драпежны, таму шукае ахвяраў — вінаватых ва ўсіх бедах. Фанатызм сілкуецца нянавісцю і сам памнажае яе.
Руслан Тамбіеў
«Няма сілаў назіраць, як людзі выхоўваюць у сабе нянавісць. Навокал занадта шмат стала МЫ і ЯНЫ, якія занадта часта ўжываюць замест Я і ЁН (ЯНА). Гэта палягчае фарміраванне спіралі гвалту», — гаворыць Руслан.
У прыватнасці, Руслан з асцярогай чакае, што правілы ва Украіне хутка пачнуць усталёўваць узброеныя людзі, незадаволеныя цяперашнім кіраўніцтвам краіны, схільныя да простых і хуткіх рашэнняў, і наогул да спрашчэння рэчаіснасці. Ён пабойваецца, што з выдумкі расійскай прапаганды «хунта» ператворыцца ў наяўны факт.
Мы не грэчкасеі і салаеды
Арцём — якраз адзін з тых, каго пабойваецца Руслан. Калісьці праз незадаволенасць вышэйшым і непасрэдным кіраўніцтвам ён сышоў з тады яшчэ добраахвотніцкага батальёну «Азоў». І не збіраўся вяртацца на фронт. Але не вытрымаў мірнага жыцця, вярнуўся, хоць і ў іншае вайсковае фарміраванне. Цяпер гэта сапраўдны «чалавек вайны», якога не пужае перспектыва поўнамаштабнага ўварвання расійскай арміі. Наадварот, яна нават вабіць яго. Бо тады, гаворыць ён, «вайна стане сапраўды народнай». Гэта значыць, весці рэй у ёй будуць адданыя вайне людзі — добраахвотнікі.
Былы баец "Азову" Арцём
Адказнымі за паразы на франтах Арцём лічыць сённяшняе кіраўніцтва Украіны. «Калі б не яны, добраахвотнікі яшчэ ўлетку мінулага года былі б у Растове, настолькі моцным быў энтузіязм. Нас улады баяліся болей за Расію, таму яны мэтанакіравана душылі добраахвотнікаў і дамагліся свайго», — сцвярджае Арцём.
Ён упэўнены ў выніковай перамозе над Расіяй, але для яго гэта ўжо не канчатковая мэта. Арцём марыць аб тым, што ўкраінскі Майдан стане новай Вялікай французскай рэвалюцыяй, Украіна з аб’екта сусветнай палітыкі ператворыцца ў суб’екта і экспартуе рэвалюцыю ў Еўропу.
«Мы былі грэчкасеямі і салаедамі, але вы абудзілі ў нас раз’ятранага дзікага звера. Пільнуйцеся цяпер, да ранейшага стану мы ўжо не вернемся», — гаворыць Арцём.
Украінскімі сцягамі ўсе дзіркі не заткнуць
Тое, чаго прагне Руслан, амаль немагчымае ва ўмовах баявых дзеянняў. Планы Арцёма, хаця гэта вельмі моцны і валявы чалавек, пакуль выглядаюць фантастычнымі. Але ў выпадку далейшага працягу вайны, пагатоў паўнамаштабнага ўварвання Расіі, Арцём мае значна болей шанцаў на тое, каб павесці за сабой украінскае грамадства. І чым болей няўцямнымі будуць дзеянні ўкраінскіх уладаў, тым болей у яго шанцаў. Бо калі вайна зробіцца ўсёабдымнай, «хунта», то бок вайсковая дыктатура, стане выглядаць аптымальным тыпам кіравання.
Паводле Максіма Барадзіна, актывіста экалагічнага руху Марыупаля, для таго, каб гэтага не здарылася, улады на месцах мусяць перастаць займацца імітацыяй патрыятычнай дзейнасці. Максім выступіў супраць ініцыятывы гарадской адміністрацыі зладзіць штодзённае прайграванне ўкраінскага гімну ў цэнтры Марыупаля. Ён лічыць гэта марнаваннем грошай і таннай спробай адміністрацыі падмазацца да цэнтральных уладаў.
Максім Барадзін
«Украінскімі сцягамі ўсе дзіркі не заткнеш, а гімнам усе незадаволеныя галасы не заглушыш. Сапраўды патрыятычным дзеяннем зараз будзе наладжванне жыцця. Зрэшты, чыноўнік так устроены, што пакуль яго не пхнуць, ён нармальна не запрацуе. Таму грамадства мусіць больш актыўна яго штурхаць, не даваць заснуць ці заняцца сваёй улюбёнай актыўнасцю — імітацыяй карыснай дзейнасці», — кажа Максім.
Калі ж чыноўнікі таго не зразумеюць, падобна на тое, што ва Украіне насамрэч можа з’явіцца хунта. Тая ці іншая…