Ці дадуць дзецям стрэльбы?
Эколагі б’юць трывогу: у Беларусі хочуць дазволіць здабычу рысі, якая занесеная ў Чырвоную кнігу, і паляванне для малалетніх.
Стрэлы скрозь Чырвоную кнігу?
У беларускае паляўнічае заканадаўства плануецца ўнесці шэраг істотных змяненняў. Грамадскім актывістам стала вядома, што ёсць намеры дазволіць паляванне на рысь. У Беларусі водзіцца падвід «рысь Еўрапейская», яна занесеная ў нацыянальную Чырвоную кнігу. І тым не менш, у шэрагу раёнаў плануецца дапусціць яе адстрэл. Тлумачыцца гэта тым, што рысь, нібыта, распладзілася ў занадта вялікай колькасці, і можа прадстаўляць праблему як для дзікіх, так і для хатніх жывёл і чалавека з яго гаспадарчай дзейнасцю.Дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) Аляксандр Вінчэўскі кажа, што на такім дазволе настойвае Міністэрства лясной гаспадаркі.
— Так, рысь — гэта драпежнік. Яе асноўнай здабычай з’яўляюцца грызуны, птушкі, зайцы і казулі. Пры гэтым ёсць раёны з сапраўды высокай шчыльнасцю гэтага прадстаўніка каціных, а ёсць наогул ім не заселеныя. Але праблема рысі ў тым, што яна суіснуе з паляўнічымі. Першае — яна ўяўляе для іх свайго роду канкурэнта. І другое — ёсць шмат жадаючых папаляваць на гэтага звера. Паляўнічыя не хаваюць: яны і цяпер здабываюць рысь, але робяць гэта нелегальна. Цяпер жа можна будзе паставіць справу на камерцыйную аснову. І на адстрэлу рысі рабіць грошы, — распавядае адмыслоўца.
Пры гэтым, па словах Аляксандра Вінчэўскага, агулам рысі ў нас не так і шмат. Усяго ў Беларусі 1090 асобін, а па мінулых афіцыйных разліках, мінімальная аптымальная колькасць павінна быць не менш за 1500 рысяў. Гэта азначае, што сёння рысяў у паўтары разы менш, чым неабходна для ўстойлівага захавання віду. Што тычыцца раёнаў, дзе яе шмат, то, на думку суразмоўцы, адтуль рысь можа міграваць у іншыя, неабжытыя ёй пакуль мясцовасці. У выпадку недахопу корму рысь пераходзіць на качавы лад жыцця і здольная прайсці за суткі да 30 кіламетраў. І такі натуральны шлях рэгуляцыі яе рассялення значна больш пераважны за кантроль з дапамогай свінцу.
Таму падобна, што справа з дазволам палявання на чырвонакніжную рысь шмат у чым выклікана камерцыйнай складнікам. У Заходняй Еўропе рысь ацалела толькі ў Фінляндыі, Швецыі, Іспаніі і Грэцыі. У некаторых іншых краінах праводзіцца аднаўленне раней знішчанай папуляцыі. А там, дзе паляванне на рысь дазволена, яно строга рэгулюецца. І, верагодна, знойдзецца нямала жадаючых прыехаць у Беларусь і застрэліць гэтую бліжэйшую сваячку пумы і леапарда. Будуць такія і сярод грамадзян краіны, — хутчэй, дастаткова заможных, гатовых аплаціць дазвол на здабычу рэдкага звера.
Даследчыкі кажуць, што ўплыў рысі на папуляцыі іншых жывёл невялікі. У тых рэгіёнах Беларусі, дзе засяроджана 80 працэнтаў рысі, колькасць ахвяр сярод зайцаў і казуль больш сярэдняга толькі на 30 працэнтаў. Вядома, пры вялікай канцэнтрацыі гэтага ляснога драпежніка яго ўздзеянне на фаўну можа быць іншым, і тады рэгуляванне колькасці будзе непазбежным.
У цяперашні ж час вядзецца грамадская кампанія ў абарону гэтага прыгожага і рэдкага насельніка беларускіх лясоў. У мінулым годзе ў выніку петыцыі, ініцыяванай АПБ і падпісанай болей чым 5 тысячамі грамадзян, дазвол на адстрэл гэтай дзікай коткі быў адкладзены. Гэтай вясной зварот у абарону рысі прыняла Беларуская партыя «Зялёныя».
Адстрэл за плотам
У рамках новай рэдакцыі «Правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання» мяркуецца яшчэ адно змяненне — вывядзенне вальернага палявання з-пад дзеяння правілаў палявання. Цяпер стральба па жывёлах у агароджанай прасторы не будзе лічыцца паляваннем і рэгулявацца адпаведнымі правіламі. Вальеры будуць стварацца і на прыродаахоўных тэрыторыях — без абмежаванняў. Незалежныя эколагі лічаць, што пад удар могуць патрапіць і каштоўныя экасістэмы.
Ва ўсім свеце актывісты выступаюць супраць стральбы па жывёлах у загароджанай прасторы. Кажуць, што ў звера тут практычна няма шанцаў уратавацца, і такое «паляванне» варта прыраўняць да звычайнага забойства. Бо паляванне як працэс прадугледжвае высочванне здабычы, яе загон або засаду. У агароджы ж нічога гэтага няма, і забіць жывёлу нават у самым вялікім вальеры — гэта толькі пытанне часу.
Па словах зааабаронцаў, у такога палявання ёсць хіба адзін вельмі ўмоўны «плюс» — пажылы або маладасведчаны паляўнічы не пераблытае тут адну жывёлу з іншай, і замест лася не застрэліць чырванакніжнага зубра.
Але формула аб «вывядзенні палявання ў вальерах за правілы палявання» не зусім зразумелая. Ці азначае гэта, што для стральбы за агароджай не трэба будзе мець паляўнічы білет і дазвол на зброю? І любы жадаючы можа пастраляць па жывых мішэнях за агароджай са стрэльбы, якую яму тут жа і дадуць? Заплаціўшы згодна прайс-лісту? Між іншым, зброя «ў часовае карыстанне» ўжо даўно выдаецца ў беларускіх паляўнічых гаспадарках, у тым ліку — і замежнікам.
На шчасце, гэта не так. У Міністэрстве лясной гаспадаркі патлумачылі: вальернае паляванне ў прынцыпе ўжо выведзена з-пад дзеянняў адпаведных правілаў. Справа ў тым, што дзікія жывёлы з’яўляюцца ўласнасцю дзяржавы, і менавіта яна ўсталёўвае правілы распараджэння імі. Жывёлы ў вальерах з’яўляюцца ўласнасцю юрыдычных асоб, якія арандуюць паляўнічыя ўгоддзі. З боку дзяржавы рэгулююцца толькі некаторыя агульныя працэдуры — вываз прадукцыі, нормы ўтрымання. А вось тэрміны і нормы здабычы — гэта ўжо справа юрасобаў, яны вольныя распараджацца сваёй уласнасцю самастойна. Па сутнасці, такія вальеры — гэта экалагічна арыентаваная сельскагаспадарчая вытворчасць.
У Міністэрстве таксама запэўнілі, што асобы, якія не маюць дазволу на паляўнічую зброю, да вальернага палявання, у тым ліку і з арандаванымі стрэльбамі, дапушчаныя не будуць.
Гэта, вядома, добра. Але і тут ёсць іншы бок. У Беларусі яшчэ няма прыватнай уласнасці на лясы, толькі арэнда. Аднак ўстаноўка вальераў, — а па новых правілах іх плошча можа быць вельмі вялікай, — як бы «прыватызуе» лясных насельнікаў. Цяпер зубр або алень, вырашчаны за плотам, становіцца прыватнай уласнасцю. І калі на здабычу звера з публічнага сектара распаўсюджваюцца пэўныя нормы, то ў вальеры жадаючыя змогуць расстраляць хоць статак такіх зуброў? Калі, вядома, за ўсіх заплацяць.
Паляванне ў Беларусі — дастаткова прыбытковы бізнес. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за 2018 год даходы ад палявання склалі 4 млн 966 тыс рублёў, і на 28 працэнтаў перавысілі запланаваныя. 20 працэнтаў з іх складаюць даходы ад замежнага паляўнічага турызму. Для гасцей у паляўнічых гаспадарках маецца 200 адзінак агнястрэльнай зброі, уключаючы наразную. Для палявання на высакароднага і плямістага аленя, муфлона і еўрапейскую лань арганізавана 8 паляўнічых вальераў. У паляўнічым фазанарыі ў Капыльскім раёне на плошчы 1,5 га можа адначасова знаходзіцца да 5 тысяч птушак.
Падлеткі на паляванні
Яшчэ адно змяненне прапануецца ўнесці ў паляўнічыя правілы. У хуткім часе нават непаўнагадовыя змогуць прыняць удзел у паляванні. Прапануецца знізіць узрост удзелу ў паляванні з 18 да 16 гадоў, а з 14 гадоў — дапусціць дзяцей у якасці загоншчыкаў.
У АПБ няма адзінага меркавання з гэтай нагоды, кажа Аляксандр Вінчэўскі.
— Я магу выказаць толькі асабісты пункт погляду. У ЗША дзецям дазваляюць паляваць са зброяй ці не з малодшых класаў. Там існуе адмысловая культура абыходжання са зброяй. Але ўсё роўна сітуацыі бываюць розныя, здараецца, што падлеткі падчас палявання забіваюць турыстаў. Дзеці бываюць розныя. Адны — вегетарыянцы, а іншыя катуюць жывёл і зневажаюць аднагодкаў. Магчыма, што далучэнне да палявання пад кантролем бацькоў і вопытных дарослых прывіла б цяжкім падлеткам больш адказнасці, прызвычаіла б да этыцы палявання.
Абаронцы жывёл накіравалі зварот з пратэстам супраць уцягвання падлеткаў у паляванне. Мінлясгас адказаў, што такім чынам маладое пакаленне будзе збліжацца з прыродай і вучыцца любіць яе.
Але, на шчасце, пакуль яшчэ не плануецца выдаваць непаўнагадовым дазвол на набыццё зброі. У Міністэрстве лясной гаспадаркі таксама супакоілі: з 16 гадоў будзе выдавацца толькі дзяржаўны дазвол на права палявання. Але агнястрэльная зброя па-ранейшаму будзе прадавацца з 18 гадоў. І непаўнагадовы зможа толькі выйсці на паляванне з сабакам, або лоўчай птушкай — калі яна ў яго ёсць.
Па дзеючых правілах ўладальнік паляўнічай стрэльбы не мае права перадаваць яго іншай асобе. Нават бацька — сыну.
У выпадку лібералізацыі абароту зброі нас, хутчэй за ўсё, чакала б хваля мясцовых «калумбайнаў». У Расіі, дзе існуе спрошчаная сістэма выдачы дазволаў на зброю (адразу пасля платных курсаў), ужо ёсць жудасная гісторыя «Керчанскага стралка», і іншыя трагічныя выпадкі. Беларускія ж малалетнія хейтары пакуль абмяжоўваліся нажавымі нападамі на настаўнікаў і аднагодкаў. У нас яшчэ дзейнічае старая сістэма, калі для ўступлення ў таварыства паляўнічых неабходны досыць працяглы кандыдацкі стаж.
А ўдзел 14-гадовых у паляўнічых загонах? У Міністэрстве нас запэўнілі, што першапачаткова ў вынесеных на грамадскае абмеркаванне «Правілах» для загоншчыкаў сапраўды быў паказаны такі ўзроставы парог. Цяпер яго прыбралі наогул. «Навошта ён? Дзеючым заканадаўствам узрост не абмежаваны. А так толькі будзе нагода для праверак». Але ж у коле аблавы могуць апынуцца не толькі палахлівыя звяры, але і такія небяспечныя жывёлы, як дзікі кабан. Выпадкі, калі сякач, ды яшчэ паранены, паварочваў на загоншчыкаў, вядомыя.А што можна сказаць пра этычны аспект, калі сябры нядаўніх дзяцей — зайчыкі і «алянёнкі Бэмбі», будуць паміраць у іх на вачах?
Паляванне — традыцыйна занятак дарослых мужчын. І, напэўна, яго не варта забараняць у сілу цэлага шэрагу меркаванняў. Але ці не лепш любоў у непаўналетніх да прыроды і ўсяго жывога выхоўваць не саўдзелам у знішчэнні братоў нашых меншых, а праз экалагічныя і турыстычныя паходы ў лес, у спецыяльных мерапрыемствах па падкормцы жывёл і ахове нашых прыродных багаццяў? А мужнасць, цягавітасць і спрыт развіваць у спартыўных секцыях і на ваенна-патрыятычных занятках?