Ці падрыхтаваныя месцы зняволення да другой хвалі каронавірусу?

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка правёў аналіз інфармацыі аб сітуацыі з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі ў папраўчых установах Беларусі, а таксама іх забяспечанасць сродкамі індывідуальнай абароны з дапамогай дзяржзакупак.

img_2820_logo.jpg

Барацьба з COVID-19 у месцах пазбаўлення волі: што прапануе ААН?


Упраўленне Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па наркотыках і злачыннасці ў дакуменце з выкладаннем пазіцыі "Забеспячэнне гатоўнасці да распаўсюджвання інфекцыі COVID-19 у турмах і супрацьдзеянне яму" ад 31 сакавіка 2020 года ўказала:
"Ахова здароўя зняволеных — клопат пра здароўе грамадства. Пераважная большасць зняволеных у канчатковым выніку вернецца ў грамадства. Таму не павінна быць ніякіх сумненняў у тым, што імклівае распаўсюджванне COVID-19 у турмах узмоцніць наступствы гэтай эпідэміі для ўсяго грамадства. Пастаяннае абнаўленне турэмнага кантынгенту, калі на змену вызваленым прыбываюць новыя зняволеныя, і штодзённыя кантакты зняволеных з турэмнымі службоўцамі, медыцынскімі работнікамі, наведвальнікамі і пастаўшчыкамі паслуг - усё гэта абумоўлівае непарыўную сувязь паміж турмамі і грамадскай аховай здароўя. Такім чынам, стратэгія барацьбы з COVID-19, якая не ахоплівае турмы, не будзе паспяховай".
Мінімальныя стандартныя правілы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у дачыненні да абыходжання са зняволенымі (правілы Нэльсана Мандэлы) падкрэсліваюць:
"Прадастаўленне медыка-санітарнага абслугоўвання зняволеным з'яўляецца абавязкам дзяржавы. Зняволеным павінны быць забяспечаныя тыя ж стандарты медыка-санітарнага абслугоўвання, якія існуюць у грамадстве, і ім павінен быць забяспечаны бясплатны доступ да неабходных медыка-санітарным паслугаў без якой-небудзь дыскрымінацыі па прыкмеце іх прававога статусу".


Як распаўсюджваўся COVID-19 у пенітэнцыярных установах Беларусі?


Звесткі пра выпадкі захворванняў, падобных з выкліканым каранавірусам, у пенітэнцыярных установах Беларусі з'явіліся ў незалежных інтэрнэт-выданнях ужо ў канцы сакавіка: у ліку ўстаноў, ахопленых вірусам, быў згаданы лячэбна-працоўны прафілакторый №4 УДВП па Віцебскай вобласці. Вядома, афіцыйных пацверджанняў ад МУС не паступіла.
"Сапраўды, менавіта ўстановы, дзе зняволеныя рэгулярна выходзяць за межы абмежаванай тэрыторыі на працу, могуць быць найбольш схільныя да небяспекі пранікнення віруса звонку. Зняволеныя пры гэтым утрымліваюцца ў стане цеснаты і не маюць магчымасці ізалявацца ад магчымых крыніц віруса. А Віцебская вобласць — гэта першая мясцовасць, у якой адбыўся выбуховы рост захворванняў", — адзначае Павел Сапелка.
22 красавіка прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава запэўнівала аб адсутнасці захворванняў каранавірусам ва ўстановах ДВП і ў цэлым у закрытых установах МУС.
Да гэтага ў сетцы распаўсюдзіліся звесткі аб павальным заражэння ВРВІ ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама, якія "не заўважаліся" адміністрацыяй. У гэтыя ж дні з'явілася інфармацыя пра захворванне зняволеных у Бабруйскай ПК №2 і ў ІКП №16 г. Горкі, дзе зняволены быў шпіталізаваны ў мясцовую бальніцу.
5 траўня міністр унутраных спраў Юрый Караеў, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, заявіў пра двух захварэўшых з ліку спецкантынгенту (так у МУС называюць асуджаных). Адной з мераў па супрацьдзеянні распаўсюджвання каранавіруса сталі змены ў сістэму этапавання асуджаных — іх адпраўляюць на 14 дзён на каранцін.
7 траўня ААН распаўсюдзіла заяву шасці спецдакладчыкаў і кіраўнікоў рабочых групаў па розных аспектах правоў чалавека адносна сітуацыі ў месцах несвабоды ў Беларусі. У ёй казалася:
"Урад Беларусі павінен неадкладна распачаць крокі па абароне здароўя і забеспячэнні бяспекі людзей, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, — асабліва дзяцей і маладых людзей, асуджаных за дзеянні, звязаныя з наркотыкамі, на неапраўдана працяглыя тэрміны — аж да 12 гадоў".
У канцы траўня адразу некалькі крыніц назвалі новы ачаг распаўсюджвання каранавіруса - ПУАТ № 15 г. Бабруйска, дзе ўтрымліваюцца каля 150 асуджаных да абмежавання волі. МУС пацвердзіла 15 выпадкаў заражэнняў, хоць неафіцыйныя крыніцы паведамлялі аб практычна пагалоўным захворванні - як асуджаных, так і персаналу. Варта заўважыць, што медыцынская дапамога зняволеным папраўчых устаноў адкрытага тыпу аказваецца арганізацыямі аховы здароўя па месцы іх знаходжання – грамадзянскімі ўстановамі. Менавіта таму ёсць пэўныя звесткі аб захворваннях у ПУАТ, у адрозненне ад папраўчых калоній і турмаў.
Юрыст "Вясны" звяртае ўвагу, што заканадаўствам устаноўлены парадак аплаты зняволенымі расходаў па пражыванні і харчаванні: кошт прадастаўляемых камунальных паслугаў кампенсуецца ў парадку, устаноўленым МУС; харчаванне асуджаных арганізуецца адміністрацыяй папраўчых устаноў адкрытага тыпу і аплачваецца асуджанымі за кошт уласных сродкаў. Пры адсутнасці ў асуджанага ўласных сродкаў іх харчаванне забяспечваецца за кошт дзяржавы з наступнай кампенсацыяй яго кошту асуджанымі.
"Нейкіх выключэнняў для асуджаных, змешчаных на каранцін, ні законам, ні практыкай не прадугледжана: у ПУАТ №15 са зняволеных, якім аказалі неабходную ў сувязі з каранцінам матэрыяльную дапамогу ў выглядзе прадуктаў харчавання, пасля вылічылі адпаведныя сумы", — падкрэслівае Павел Сапелка.
Праваабаронца лічыць, што ў цяперашні час судзіць аб маштабах распаўсюджвання каранавіруса ва ўстановах ДВП нерэальна. З аднаго боку, паступае вялікая колькасць звестак аб шырокім распаўсюдзе ВРВІ ў многіх папраўчых установах. Аднак без адпаведных тэстаў гэтыя захворванні немагчыма кваліфікавана вызначыць як новую каранавірусную інфекцыю. З іншага боку, усе супрацоўнікі ДВП захоўваюць у таямніцы становішча спраў ва ўстановах.
"Калі за апошнія 4-5 месяцаў для шпіталя МУС, прызначанага для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі шпіталь Дэпартамента фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь) былі набытыя наборы рэагентаў для вызначэння антыцелаў Ig G / Ig M да каранавірусу COVID-19 Ab і наборы для вызначэння антыцелаў Ig G / M да каранавірусу ichroma COVID-19 Ab на 42 200 рублёў, то звестак аб закупках тэстаў для ўстаноў ДВП МУС, г.зн. для правядзення даследавання сярод зняволеных, знайсці не ўдалося. Гэта пацвярджае звесткі пра тое, што зняволеным у папраўчых установах тэсты не праводзяць.
Без масавага рэгулярнага правядзення тэстаў усе развагі аб наяўнасці альбо адсутнасці каранавіруса ў папраўчых установах губляюць сэнс", — заключае Павел Сапелка.
Пры гэтым кіраўнік Дзяржаўнай установы "Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі дэпартамента фінансаў і тылу МУС" адмовіў у магчымасці атрымаць звесткі аб распаўсюдзе інфекцыі, аргументуючы гэта тым, што гэтыя звесткі адносяцца да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюду. Начальнік Дэпартамента пагадзіўся з гэтай пазіцыяй.

Пра што кажуць дзяржзакупкі СІА папраўчымі ўстановамі?


Праваабаронца "Вясны" правёў аналіз дзяржзакупак сродкаў індывідуальнай абароны і медабсталявання папраўчымі ўстановамі.
Так, шэраг устаноў ДВП зрабілі закупкі прыбораў і абсталявання для прафілактыкі і лячэння каранавірусной інфекцыі, а таксама з верасня там пачалі актыўна закупляць сродкі індывідуальнай абароны – аднаразовыя медыцынскія пальчаткі, шчыткі і часам — антысептык.
Некаторыя ўстановы закупілі рэспіратары ўзроўню абароны FFP2 — следчы ізалятар №3, папраўчая калонія №20, следчы ізалятар №7.
Асаблівай папулярнасцю ў закупках карыстаюцца розныя віды аднаразовых пальчатак. Імі назапасіліся следчы ізалятар №1, следчы ізалятар №5, лячэбна-працоўны прафілакторый №6, турма №1, турма №4 і некаторыя іншыя.
Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №22 і турма №1 зацікавіліся антысептыкам.
Папраўчая калонія №5 у Івацэвічах, адкуль таксама паступалі звесткі пра захворванні, грунтоўна назапасілася СІА, уключаючы рэспіратары, бескантактавыя медыцынскія тэрмометры, партатыўныя медыцынскія пульсаксіметры, бактэрыцыдныя апрамяняльнікі, генератары гарачага туману і канцэнтратары кіслароду.
Папраўчая калонія №12 для ўтрымання і лячэння асуджаных, хворых на актыўную форму сухотаў у Оршы, набыла два канцэнтратара кіслароду яшчэ ў ліпені.
Папраўчая калонія №3 яшчэ ў траўні-чэрвені набыла не толькі медыцынскія рэспіратары, экраны ахоўныя, камбінезоны ахоўныя медыцынскія і бахілы, але і канцэнтратар кіслароду, тэрмометры медыцынскія бескантактавыя і электронныя.
Папраўчая калонія №14, папраўчая калонія №20, папраўчая калонія №22, турма № 8 і следчы ізалятар №1 набылі канцэнтратары кіслароду, а папраўчая калонія №4, папраўчая калонія №11, следчы ізалятар №1 - генератары халоднага туману.
"З улікам сцвярджэнняў аб тым, што тканкавыя маскі і іншыя сродкі абароны шыюцца ва ўстановах ДВП, відавочна, што большая частка калоній да новай хвалі росту ўзроўню захворванняў рыхтуецца. Таксама відавочна, што апараты, якія ўжываюцца для прафілактыкі і лячэння каранавірусной інфекцыі, набытыя значна пазней пачатку яе распаўсюду. Акрамя таго, выклікае здзіўленне нізкі попыт на антысептык", — падводзіць вынік Павел Сапелка.
З 1 жніўня МУС аб'явіла аб аднаўленні спатканняў ў папраўчых установах. Аднак на справе гэта адбылося не адразу і тычылася толькі аднаўлення кароткатэрміновых спатканняў. Між тым, кароткатэрміновыя спатканні і так былі мінімальна небяспечныя: яны праходзяць праз празрыстую перагародку, зняволеныя і наведвальнікі могуць быць ізаляваныя адзін ад аднаго.
"Захаванне правілаў дыстанцыявання і прымяненне СІА робяць адносна бяспечнымі кантакты наведвальнікаў і персаналу; наогул кантакт персаналу і наведвальнікаў цалкам можна звесці да мінімуму ў працэсе арганізацыі спатканняў. Цяпер, як правіла, наведвальнікі праходзяць праз замер тэмпературы цела, апранаюць маскі і аднаразовыя пальчаткі. У некаторых калоніях правілы не такія жорсткія, і тэрмаметрыя не праводзіцца.
Адназначна станоўча варта ацаніць агульную практыку захавання правоў зняволеных у СІЗА, турмах і калоніях на атрыманне юрыдычнай дапамогі. Ва ўстановах ДВП доступ адвакатаў да зняволеных не абмяжоўвалі, прымаючы меры бяспекі: выкарыстоўвалі СІА, праводзілі тэрмаметрыю наведвальнікаў", — кажа юрыст ПЦ "Вясна".
У той жа час у ізалятарах МУС (у прыватнасці, у Мінску) адвакатам перашкаджалі ў наведванні арыштаваных і затрыманых на падставе супрацьэпідэміялагічных мераў. Грамадскі рэзананс і звароты зацікаўленых асобаў змянілі сітуацыю, разам з тым, парушэння закона ГУУС не прызнала:
"У адказ на зварот Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта паведаміла наступнае: «Па фактах адмовы адвакатам у наведванні асоб, якія змяшчаюцца ў ЦІП і ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама, праведзенай праверкай парушэнняў законнасці з боку супрацоўнікаў ЦІП і ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама не выяўлена. У цяперашні час допуск адвакатаў у названыя ўстановы адноўлены і ажыццяўляецца ва ўстаноўленым парадку, пры строгім выкананні імі правілаў і рэкамендацый, накіраваных на папярэджанне распаўсюджвання інфекцыі COVID-19", - пазначана на сайце Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.
Павел Сапелка адзначае, што ў выпадку ЦІП і ІЧУ, абмяжоўваючы правы зьняволеных, адміністрацыя гэтых ўстановаў кіравалася не меркаваннямі бяспекі:
"Варта нагадаць, што пазней — у перыяд з 9 па 14 жніўня - у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, па прызнанні яго начальніка Яўгена Шапецькі, "тысячы дастаўленых былі ў нашай установе" — установе, разлічанай на 110 зняволеных".