Ці павінны мы думаць пра іншых

«Чужыя межы прымальнасці, канешне, бываюць рознымі, у тым ліку — пачварнымі, але кожны чалавек мае права іх мець», піша Ганна Севярынец на «Радыё Свабода». 

bda69924_ba2f_45d9_a5f5_624602c63185_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg

Неяк так разгортваецца грамадскі дыскурс у шматлікіх інтэрнэт-халіварах, што адны людзі літаральна грудзямі бароняць непахіснасць уласных асабістых межаў, пры гэтым адчайна і бескампрамісна прабіваючы межы чужыя.

Кожны раз у назіранні за такімі халіварамі мне оф-топікам згадваецца адзін нязначны выпадак. Неяк я зайшла ў Цэнтральны ўніверсам глынуць гарбаты паміж мерапрыемствамі. Шчэ ад уваходу я пабачыла, што пасярэдзіне памяшкання, акурат на праходзе да стойкі, ляжыць дзіцёнак. Не тое, каб яму было блага або нехта піхнуў. Ён проста валяецца, бо захацелася. Раскінуўшы рукі і ногі. Залатыя кудзеркі мятуць брудную падлогу.

Ага, падумала я. Я ведаю гэтую маму, у якой дзіця можа валяцца пасярод Цэнтральнага. Падышла бліжэй, асцярожна пераступіўшы малога. Так і ёсць. Гэтая мама, добрая мая знаёмая, п’е вадзічку, назіраючы ў акно спякотны Менск. Я прысуседзілася, мы трохі абмалацілі языкамі паўсядзённае жыццё і развіталіся. Малы за гэты час перакаціўся некуды бліжэй да акна — ідучы ў метро, я бачыла, як ягоныя залатыя кудзеркі прыліплі да шэрай шыбіны.

Трэба сказаць, ніводзін чалавек у Цэнтральным не зрабіў заўвагі ані маме, ані дзіцёнку. Нехта — з прыстойнасці. Нехта — з меркаванняў «а можа так і трэба». Нехта — ад нежадання «нарвацца» на адказ, бо мама, у якой дзіця валяецца пад нагамі мінакоў, відавочна размажа вас па сцяне за любую заўвагу, але дзіцёнка, што перашкаджае людзям рухацца, не прыбярэ. Шчэ і побач ляжа.

Як настаўніцы мне даволі часта даводзіцца мець справу з дзецьмі, выхаванымі ў сучасным гусце — без межаў дазволенага. Ну то бок пэўныя межы ў іх ёсць, але яны часцяком разыходзяцца з межамі, што ўстаноўленыя ў нашым кансерватыўным грамадстве. Прыкладам, гэтым дзецям катэгарычна забаронена піць кока-колу або есці гамбургеры. Але можна — ляжаць пад нагамі ў людзей у краме. Яны навучаныя гучна выказваць сваю думку, не падымаючы нават на ўроку рукі, бо — гэта твая думка, ты маеш права. Але яны не навучаныя слухаць думкі іншага — бо гэтая ж ягоная думка, якое ты маеш да яе дачыненне.

Я вельмі люблю дзяцей, якія маюць свае думкі і не баяцца іх выказваць. Дзеля таго, каб заахвоціць усіх у класе рабіць гэтак, я іду на шматлікія рызыкі, у тым ліку — рызыкую ўласным голасам, унутраным станам, тэмпам уроку і іншы раз — школьнай праграмай, бо абмеркавання і спрэчак у нас з маімі вучнямі заўсёды болей, чым адпрацоўкі правіл і завучвання выключэнняў з іх.

Але суворая праўда калектыву палягае ў тым, што побач з галасістымі дзецьмі заўсёды сядзяць дзеці маўклівыя. Дзеці, што прывыклі спасцігаць сусвет у цішыні. Дзеці, якім цяжка засяродзіцца. Дзеці, якія не пераносяць шум. Якія папросту баяцца сунуцца ў сімфонію чужых галасоў. Яны таксама маюць права на думку, на веды, на гутарку. Таму свабода свабодай, а руку, галасістае дзіця маё, падымі. І сваёй чаргі выказацца — пачакай. І можа так здарыцца, што першым выказвацца будзеш не ты, а той ціхі і самотны, які нарэшце наважыўся і цягне нясмела пальчыкі ўверх, цягне так, каб у небяспечным выпадку выглядала, нібыта гэта ён не руку падняў, а так, валасы паправіў.

Калі я вязу вучняў у Менск прагуляцца ці выхавацца-адукавацца, я ніколі не дазваляю ім валяцца на падлогах у краме. Нават тым, для каго гэта — норма. Падымаю, адводжу ў бок і тлумачу: ты перашкаджаеш іншым людзям. Калі хочаш паваляцца — зараз мы зойдзем у музей, я папрашу супрацоўнікаў, яны пакажуць табе спецыяльнае месца, дзе не ходзяць людзі, і там будзеш валяцца, колькі табе заўгодна. А тут — нельга. Нехта можа цябе не заўважыць. Некаму цяжка пераступіць, бо ён мае хворыя ногі. Нехта моцна спяшаецца і не мае часу мяняць траекторыю. Нехта будзе несці гарачую каву і спатыкнецца. Ты павінен думаць пра іншых.

Мы павінны думаць пра іншых. Чужыя межы прымальнасці, канешне, бываюць рознымі, у тым ліку — пачварнымі, але кожны чалавек мае права іх мець. Гэта вельмі карысны навык — думаць пра іншых, пра тое, як табе быць сярод іншых, чые межы прымаць, а чые — ветліва абыходзіць, усміхаючыся ў вусы. Здаецца, гэта зусім нескладана. Гэтаксама нескладана, як прывучыць дзіцёнка паводзіць сябе ў людных месцах. Гэтаксама нескладана, як пасміхнуцца матцы, што корміць немаўля грудзьмі ў кавярні. Гэтаксама нескладана, як прыкрыць хусткай грудзі, калі гэта ты — тая матка, што корміць дзіця. Гэтаксама нескладана, як дазволіць кожнаму чалавеку выказацца, пакуль ты цягнеш сваю руку.

www.svaboda.org