Ці можа чырвона-зялёны сцяг спалучацца з прыгажосцю?
У сеціве шырока разышоўся здымак Алены Леўчанка, цэнтравой зборнай Беларусі па баскетболе, на якім жанчына досыць фрывольным чынам апранутая ў дзяржаўны сцяг. Інтэрнаўты абмяркоўваюць: цягне гэта на здзек над дзяржаўнымі сімваламі ці не?

На здымак беларускай баскетбалісткі звярнуў увагу Уладзімір Мацкевіч, дадаўшы да яго каментар: «У чаканні Рыфеншталь! "Трыумф Волі" ад Лены Леўчанка».
Лені Рыфеншталь з'яўляецца адным з самых вядомых кінематаграфістаў, якія працавалі ў перыяд нацыянал-сацыялістычнага панавання ў Германіі. Яе дакументальныя фільмы «Трыумф волі» і «Алімпія» зрабілі яе актыўным прапагандыстам Трэцяга рэйха.
Параўнанне здымка Алены Леўчанка з «Трыумфам волі» (ням. Triumph des Willens), прапагандысцкім фільмам пра з'езд НСДАП у 1934 годзе ў Нюрнбергу, не вельмі ўдалае. Хутчэй за ўсё, Уладзімір Мацкевіч меў на ўвазе «Алімпію». Дакументальны фільм пра XI Летнія Алімпійскія гульні, якія прайшлі ў Берліне ў ліпене-жніўні 1936 года. Яго задачай было праславіць прыгажосць і перавагу арыйскай расы.

Кадр з фільма «Алімпія»
Уладзімір Мацкевіч заўважыў наконт здымка Алены Леўчанка: «Не спішаш на тое, што прымусілі! Ніводны ідэолаг на гэта не вырашыўся б. Значыць — ад душы!» Меркаванні яго чытачоў падзяліліся: хтосці адзначаў прыгажосць жанчыны або якасць працы фатографа, але прагучала і шмат з'едлівых заўваг. Што гэта і не вельмі разумны, і не вельмі прыгожы ўчынак. Выказваліся намёкі на магчымасць пераследу за гэты здымак па артыкуле 370 Крымінальнага кодэкса (Знявага дзяржаўных сімвалаў).
Зрэшты, крымінальны пераслед у падобных выпадках грунтуецца не на тым, што зроблена, а на тым, кім зроблена. Спартоўцы — гэта героі і ўлюбёнцы сённяшняй улады. Таму наўрад ці нехта будзе рабіць захады супраць фрывольнага абыходжання з дзяржаўным сцягам. Нават наадварот — магчыма, гэты здымак з'явіцца ў высокіх кабінетах. Не навідавоку, дзе-небудзь у закутку, каб можна было таемна палюбавацца час ад часу. Рэдкі ж выпадак, калі чырвона-зялёны сцяг спалучаецца з прыгажосцю.

З іншага боку, у сіх-тых фота можа выклікаць крамольныя жаданні — хутчэй дзяржаўны сімвал сарваць. Таму ідэолагам усё-ткі давядзецца паламаць галаву над тым, якую даць яму палітычную ацэнку.