Цімафей Акудовіч: Беларускамоўнае поле вакол кожнага чалавека нарастае, як цягліцы ў спортзале

Гісторык Цімафей Акудовіч падзяліўся парадамі, як пераадолець боязь размаўляць паўсюль па-беларуску.

664423_4338901145138_743481145_o_1.jpg


«Сустрэў запар некалькі твітаў ад беларусаў-пачаткоўцаў пра тое, што цяжка ўсюды гаварыць па-беларуску. Згадаў сваю маладосць і вось вам адна парада, якой можна скарыстацца. А можна і не скарыстацца.
Гаварыць па-беларуску ў Беларусі — гэта права беларусаў. Таму, нібыта, трэба абавязкова ўсюды казаць па-беларуску.
Але «права» і «трэба» — гэта незвязаныя рэчы.
Права — гэта тое, што трэба вам. А ці трэба вам асабіста ўскладняць сабе жыццё, ставячы ў тупік усіх людзей навокал? Хутчэй за ўсё не, калі толькі вы не адносіцеся да той меншасці, якой падабаецца падсцёбваць навакольных.
Гаварыць па-беларуску ў публічных месцах вам трэба не як асобе, а як грамадзяніну, які разумее, што такім чынам ён пашырае моўную прастору. Таму беларускамоўная камунікацыя — гэта не права, а работа (валанцёрская, зразумела).
І ставіцца да яе трэба, як да работы. Спакойна, запланавана, невялікімі порцыямі, якія вы можаце пацягнуць.
Прыходзіць з сябрамі ў месцы, дзе вы хацелі б, каб вас запомнілі беларускамоўным. Пачынаць гаварыць па-беларуску там, дзе адчуваеце, што пацягнеце ўсе гэтыя здзіўленыя позіркі і дурацкія пытанні.
Не перажываць, калі не атрымалася. Камфортнае адчуванне ад камунікацыі з незнаёмымі людзьмі будзе прыходзіць паступова.
Беларускамоўнае поле вакол кожнага чалавека нарастае, як цягліцы ў спортзале. Галоўнае нікуды не спяшацца, але і не зніжаць тэмп».
budzma.org