Цягнік, стой, раз-два!

Сітуацыю з перамогай на «Еўрафэсце» і з вызначэннем, хто паедзе ад Беларусі на «Еўрабачанне–2012» можна параўнаць альбо з беларускімі прэзідэнцкімі выбарамі, альбо са старым анекдотам, калі генерал загадвае сяржанту: «Сяржант, спыніце цягнік!» — «Цягнік, стой, раз-два!» — кажа сяржант.



46f5ffb3777b7659bb35da6ddab19e05.jpg

Сітуацыю з перамогай на «Еўрафэсце» і з вызначэннем, хто паедзе ад Беларусі на «Еўрабачанне–2012» можна параўнаць альбо з беларускімі прэзідэнцкімі выбарамі, альбо са старым анекдотам, калі генерал загадвае сяржанту: «Сяржант, спыніце цягнік!» — «Цягнік, стой, раз-два!» — кажа сяржант.
Заключны этап нацыянальнага адбору трансляваўся ў прамым эфіры каналаў «Беларусь 1», «Беларусь ТВ», на радыё «Радыус FM», а таксама на афіцыйным сайце «Еўрабачання».
Пераможца вызначыўся шляхам падсумоўвання вынікаў галасавання тэлегледачоў і прафесійнага журы. Пасля жывых выступленняў канкурсантаў гледачам і журы было дадзена 15 хвілін на галасаванне. У прамым эфіры былі абвешчаны ўжо падсумаваныя галасы. Большасць, як аб’явілі вядучыя фіналу Дзяніс Кур’ян і Лейла Ісмаілава, выбрала рамантычную баладу «All my life» у выкананні Алены Ланской.
На другім месцы аказаўся гурт «Litesound» з песняй «We are the heroes», на трэцім — Гюнеш з песняй «Tell me why», на чацвёртым — Вікторыя Алешка з кампазіцыяй «Dream», на пятым — Юзары, які выканаў «The winner».
Гурт «Litesound» і Гюнеш нават не пажадалі атрымліваць суцяшальныя прызы. Бо менавіта яны лічыліся сярод фаварытаў адбору на «Еўрабачанне». І, па рэакцыі залі, яны спявалі значна лепш, чым Ланская. Але на Ланскую спрацаваў «адміністрацыйны рэсурс».
У інтэрнэце ўжо з’явіліся фоты цыркуляраў, напрыклад, аддзелу адукацыі Аршанскага райвыканкаму з патрабаваннем арганізаваць sms-галасаванне ў падтрымку Ланской. Упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама заклікала падведамасныя арганізацыі размясціць візітную картку Алены Ланской «на рэкламных шчытах і стэндах ва ўсіх установах культуры, а таксама размножыць і распаўсюдзіць сярод моладзевай аўдыторыі і творчых работнікаў». Аналагічныя «просьбы» аб «спрыянні» распаўсюджваліся ў Бабруйску і Магілёве.
Чаму ўсё ж Ланская? Кажуць, што падчас выступу на «Славянскім базары» яна спадабалася асабіста Аляксандру Лукашэнку. Маладой спявачцы нават прысвоілі высокае званне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь.
Гасподзь з імі, мы ўсе ведаем, як у Беларусі адбываецца любое галасаванне. Але ж Ланская будзе прадстаўляць Беларусь на «Еўрабачанні» не ў Мінску, а ў Баку. І там не загадаеш: «Цягнік, стой, раз-два!», і цыркуляры з абавязковым галасаваннем за Ланскую не разашлеш. І калі нехта потым зноў будзе енчыць, што «беларуску засудзілі, палітычна матываванае рашэнне, таму што яна беларуска і пяе пра Беларусь», і гэтак далей, варта будзе яму ўзгадаць, якім чынам Ланская атрымала перамогу.
Дарэчы, на месцы арганізатараў «Еўрабачання» я б адсочваў працэс выбару кандыдатаў на ўдзел у конкурсе, і, у дадзеным выпадку, патрабаваў бы перагляду вынікаў. Сапраўды, «Еўрабачанне» ж было ад пачатку найперш конкурсам маладых выканаўцаў. А калі на гэты конкурс едзе заслужаная артыстка Беларусі — гэта не справа.
Але, зноў жа, Гасподзь з імі, з гламурнымі спевакамі ды спявачкамі. Пасля паўлітра ў добрай кампаніі кожны сам сабе спявак. Але вось пастраляць выпадае не кожнаму.
У апазіцыі дагэтуль ідзе сварка вакол прапановы адмяніць санкцыі ў адносінах да Беларусі з боку Еўрасаюза. Тых, хто выступае за змякчэнне санкцый, называюць агентамі КДБ ды здраднікамі. Апошнія агрызаюцца: маўляў, санкцыі нічога не даюць, і яны бесперспектыўныя. Але, як паказваюць апошнія падзеі — перспектыўныя. І б’юць у самае балючае месца беларускага правадыра — у спорт.
Беларуская зборная па біятлоне застаецца без патронаў. Улады Германіі не даюць дазволу на экспарт патронаў у Беларусь. На гэта наракаюць беларускія дзяржаўныя СМІ. Па іх інфармацыі, беларускі бок яшчэ 20 снежня 2011 года зрабіў перадаплату ў памеры 34 тысяч еўра.
Старшыня дырэктарата нацыянальных каманд Міністэрства спорту і турызму Беларусі Андрэй Фомачкін абяцае, што неабходны запас патронаў для падрыхтоўкі і выступу на чэмпіянаце свету ў германскім Рупольдынгу і на этапе Кубка свету ў Ханты-Мансійску для нацыянальнай каманды маецца. Аднак замоўленыя ў «Lapua» патроны выраблены персанальна для ствалоў кожнага члена каманды, і дакладнасць пры выкарыстанні іншых боепрыпасаў скарачаецца на 3–5%.
Еўрасаюз увёў эмбарга на пастаўку ўзбраенняў і вайсковай тэхнікі з Еўрасаюза ў Беларусь як дыктатарскую краіну. Нямеччына займае асабліва прынцыповую пазіцыю ў гэтым пытанні.
Вось такія санкцыі. Засталося толькі забараніць беларускім біятланістам продаж стрэльбаў, і тады яны будуць бегаць па трасе з «Калашнікавымі». Цікава было б паглядзець на такое відовішча!
Таму беларускім уладам нічога не засталося, каб кінуцца па падтрымку да сябраў па Мытным саюзе. Урад Беларусі просіць партнёраў па Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) выпрацаваць кансалідаваную пазіцыю па пытанні санкцый у дачыненні да Беларусі з боку ЕС і ЗША. Ліст з такой просьбай накіраваў віцэ-прэм’ер Сяргей Румас старшыні Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Віктару Хрысценку. Румас прапануе разгледзець гэта пытанне на чарговым пасяджэнні савета ЕЭК.
У Еўразійскай эканамічнай камісіі ліст з Мінска пакуль не атрымлівалі, паведаміў прадстаўнік калегіі ЕЭК Станіслаў Зуеў. Паводле яго слоў, найбліжэйшае пасяджэнне савета ЕЭК павінна прайсці ў Маскве 22 лютага.
Варта адзначыць, што Саветам ЕЭК кіруе сам Румас. То бок, ён напісаў ліст, можна лічыць, сам сабе.
Ва ўрадах РФ і Казахстана сітуацыю не каментуюць. Эксперты ж перакананыя, што калі саюзнікі па АЭП і акажуць Беларусі падтрымку, то яна будзе выключна вербальнай. «У рэальную сварку з кімсьці на Захадзе з-за Лукашэнкі лідары Расіі і Казахстана лезці не будуць», — лічыць галоўны аналітык беларускага Інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў. З ім згодная і экс-дэпутат беларускага парламента, палітолаг Вольга Абрамава. «Няўжо ў адказ на тое, што Лукашэнка не можа атрымаць амерыканскую візу, Расія забароніць уезд на сваю тэрыторыю Бараку Абаму ці нейкаму еўрапейскаму лідару?» — кажа яна.
Так што Мінск можа разлічваць толькі на спачувальныя заявы з Масквы і Астаны. І тут таксама не загадаеш: «Цягнік, стой, раз-два!»