Цыганкоў: Пра расійскую мабілізацыю і фаталізм

Пра розніцу ў светаўспрыманні рускіх і беларусаў Віталь Цыганкоў разважае ў сваім тэлеграм-канале. І найперш — у беларусаў цалкам адсутнічае месіянская свядомасць і жаданне гвалтам навязваць свае каштоўнасці іншым.

pkvpj95vqi43csjcuvke2w.webp

Гляджу на гэтыя жудасныя, вусцішныя кадры расійскай мабілізацыі, вясёлае п'янае выпраўленне на забой. Гляджу апытанні на вуліцах, дыскусіі ў сацсетках.

Уражвае, наколькі гэта яркая і жорсткая дэманстрацыя шматкроць апісанага рускага фаталізму і пагарды да самога жыцця. Поўнае пакора з тым, што ўсё адбываецца незалежна ад тваёй волі і жадання. «Як Бог дасць», «а што я магу», «мы людзі маленькія, за нас усё вырашылі зверху», «калі Радзіма загадала…».

Славуты рускі “авось”. А што як пранясе — не заб'юць? І «вялікая руская літаратура», у яе школьным варыянце, тут прыклала сваю руку. Пачынаючы ад Пячорына Лермантава, амаль усё 19 стагоддзе фаталісты і «лішнія людзі» былі галоўнымі героямі ў рускай літаратуры.

Ну і калектывізм у яго традыцыйнай форме — «быць як усе». Добраахвотна ж ніхто не пайшоў на вайну, — ну а калі ўсе ідуць, то — «на миру и смерть красна». Толькі ўдумацца — «красна». Значыць прыгожая, жаданая…

Ну і калі па законах жанру ў гэтым месцы хтосьці спытае «а што ў нас?» — дык у нас, беларусаў, усё зусім па-іншаму. Ніякай «загадкавай душы», ніякай шыраты, якую трэба было б «звузіць». У беларусаў цалкам адсутнічае месіянская свядомасць, пачуццё маральнай або ідэйнай перавагі над іншымі людзьмі і нацыямі, жаданне вучыць іх, навязваць ім свае каштоўнасці. Наша славутая чысціня на вуліцах, добрыя дарогі, акуратныя палі, агароды і кветнікі на лецішчах — усё гэта скіраванасць «у сябе любімага», а не «ў свет».

У іх — «Я хату покинул, пошел воевать, чтоб землю в Гренаде крестьянам отдать». У нас — «Купіць зямлю, прыдбаць свой кут».