Чыноўнікі адстаялі сваю пазіцыю ў судзе з дапамогаю прадказанняў

Як паведаміла карэспандэнту НЧ жыхарка гораду Бабруйск Магілёўскай вобласці Валянціна Каваленка, 3 лютага судзя суду Бабруйскага раёну і горада Бабруйск Марына Шэлягіна не задаволіла скаргу пенсіянерак Валянціны Каваленкі і Любоў Санкевіч, якія хацелі абараніць у судзе сваё права на правядзенне пікетавання. 



oczien_zaniat.jpg

Жанчыны меркавалі правесці акцыю 10 снежня ў Дзень правоў чалавека, каб прыцягнуць увагу грамадства да парушэння грамадзянскіх правоў заяўнікаў і вырашыць набалелую праблему адпісак з дзяржаўных структураў і ад дэпутатаў парламенту на свае скаргі і скаргі сваякоў. А паколькі парламентарыі праігнаравалі інтарэсы людзей, жанчыны збіраліся выйсці на пікетаванне з плакатамі: “Дэпутаты Жанна Мішур і Мікалай Плаксіцкі не абараняюць правы і інтарэсы народа, а дагаджаюць чынавенству!” , “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам  адпісак”. 
Як падкрэсліла Валянціна Каваленка, яна з Любоўю Санкевіч зноў вымушаныя былі сысці з залы судовых пасяджэнняў, бо суддзя Марына Шэлягіна ўжо другі раз запар (упершыню – пад час папярэдняга судовага пасяджэння 27 студзеня) не дапусціла ў працэс прадстаўніка заяўнікаў, нягледзячы на тое, што суду былі перададзеныя натарыяльна засведчаныя даверанасці. 
Разам з тым, у выніку знаёмства жанчын з пратаколам папярэдняга судовага пасяджэння ад 27 студзеня стала вядома, што ўдзельнік працэсу -- начальнік ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры, спорту і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкаму Мікалай Балюк абгрунтаваў адмову мясцовых уладаў на правядзенне пікетавання шэрагам меркаванняў і прадказанняў. 
Напрыклад, сваю адмову прадстаўнік гарвыканкаму матываваў тым, што 10 студзеня ў Бабруйску была самая нізкая тэмпература ў краіне – мінус 26,5 градуса па Цэльсію (на самой справе, 10 студзеня ў Бабруйску была зафіксавана тэмпература толькі мінус 9 градусаў па Цэльсію!), заяўнікі маглі пайсці пагрэцца ў суседні будынак, сабраць вакол сябе вялікую колькасць людзей. Нягледзячы на тое, што пенсіянеркі ў сваіх заявах на пікетаванне пазначылі гады свайго нараджэння (1956 і 1951), Балюк сцвярджаў, што чыноўнікі не вызначылі дакладны ўзрост жанчын і сумняваліся, ці з’яўляюцца Валянціна Каваленка і Любоў Санкевіч паўналетнімі.