Чаго не зрабілі людзі 1937 года і мусім зрабіць мы
Калі б мы ўсе — літаральна ўсе, ад апошняга школьніка да апошняга міліцыянта — адрэфлексавалі і ператварылі ў агульныя аксіёмы тое, што адбывалася з нашай зямлёй сто гадоў таму — сёння мы ўсе жылі б у іншай краіне. Грамадства не дапусціла б над сабой аўтарытарнай улады, — піша Ганна Севярынец у сваім блогу на «Свабодзе».
Гэта псіхалагічны закон, аднолькавы
як для асобных людзей, так і для грамадстваў — ты павінен прыняць, перажыць,
асэнсаваць, зразумець, вывесці формулы адэкватнага рэагавання — і закрыць
гештальт. На жаль, па-іншаму не бывае. Менавіта праз адсутнасць рэфлексіі і
выпрацоўкі ўнутраных механізмаў рэагавання ахвяры гвалту зноў і зноў становяцца
ахвярамі гвалту, ахвяры маніпулятараў яшчэ і яшчэ раз становяцца ахвярамі
маніпуляцый, а чалавечыя супольнасці зноў і зноў трапляюць у дыктатарскія
рэжымы.
Мы якраз і ёсць тымі ахвярамі, якія наноў праходзяць усё кола колішніх пакутаў — з папраўкамі, вядома, на агульнаеўрапейскі рост дабрабыту і развіццё эканомікі. Так, мы апранутыя лепей за сваіх суайчыннікаў стогадовай даўніны, багацейшыя на ежу і мэблю, маем больш магчымасцяў у вандроўках. Але — і толькі. Усё астатняе — менавіта ўзаемадачыненні з аўтарытарнай уладай — засталося такое самае, а значыць, развіваецца ў тым самым рэжыме.
Арышты як вінаватых, так і невінаватых, абсурдныя суды, катаванні і прыніжэнні чалавечай годнасці — сілавыя ведамствы, у адрозненне ад нас, пра свой досвед трыццатых не толькі не забыліся, але і ўдасканалілі яго. Не даваць вады, не прымаць перадачаў, трымаць сваякоў у няведанні, фальсіфікаваць усё і паўсюль і нават выбачацца на публіку — гэта ўсё прыдумана ў трыццатых. І калі ў нас няма магчымасці аддаць на асэнсаванне гэтага дзесяцігоддзі агульнай інтэлектуальнай працы — трэба рабіць гэта неадкладна, хутка і проста цяпер.
Грамадства тады, у трыццатых, паводзіла сябе менавіта так, як сёння паводзімся мы. Маладыя лаялі старых за бяздзейнасць і бяззубасць. Старыя крыўдавалі і лаялі маладых. Пісаліся гучныя вершы, голасна выступалі паасобныя волаты. Іх звальнялі з працы і гналі з публічных пляцовак, потым высылалі. Газеты змяшчалі адкрытыя лісты — тады закрывалі газеты. Асабліва ўпартых саджалі ў турмы і прымушалі публічна прасіць прабачэння ва ўлады. Людзі, якія прыходзілі ў ЧК змагацца з ворагам за шчаслівую будучыню супраць агульнага ворага, пакрысе і нечакана для сябе звярэлі і пачыналі бачыць ворага ў кожным, на каго паказваў пальцам таварыш маёр.
Дык што такога не зрабілі яны, людзі трыццаць сёмага, і мусім зрабіць мы, каб вырвацца з пякельнага кола аўтарытарызму?
Па-першае, зразумець: страта сумлення, разлюдненне, азвярэнне чалавека адбываецца хутка і незаўважна і можа адбыцца абсалютна з кожным. Так адбылося з быкаўскім Рыбаком з «Сотнікава» — ён саступаў па дробязі, саступаў у нязначным, ішоў на маленькія кампрамісы, здавалася б, лагічныя — і нечакана для сябе аказаўся здраднікам. У такія часы, у якія мы жывем сёння, трэба асабліва ўважліва пільнаваць чалавека ў сабе. У кожнай дробязі. Нават тады, калі па звычцы хочацца паціснуць плячыма і падумаць: «ай, ну што тут такога». Чалавек не бывае злы альбо добры, зверам можа стаць кожны з нас, калі не ўпільнуе чалавека ў сабе.
Па-другое, ведаць: ніводзін загад не варты некрытычнага выканання. Хто б яго ні аддаваў. Загад аддае нехта — адказнасць кладзецца на таго, хто выконвае. У 1938-м, калі пайшла хваля рэпрэсій супраць тых, хто арганізоўваў папярэднія рэпрэсіі, пасадзілі і пакаралі тых, хто выконваў загады аб катаваннях і расстрэлах — але не тых, хто гэтыя загады аддаваў.
Некрытычнае выкананне загадаў, любых, нават самых бяскрыўдных, робіць з вас раба, і наступным крокам будзе яшчэ больш нялюдскі загад. І шэраг гэтых загадаў не скончыцца, і саскочыць ужо не выйдзе. Важна парушаць такія загады — і несці вязню не літар вады, а тры. Падсунуць яму пад дзверы аркуш паперы і аловак. Не заўважыць павуціння пад столлю. Усяго толькі.
Па-трэцяе, мець на ўвазе: адзіная зброя простага чалавека супраць дзяржаўнай машыны — слова. Ніводная дыктатура не жыве ва ўмовах свабоднага слова. Чалавек побач з вамі будзе разумець, што адбываецца благое, што вы ўсе разам удзельнічаеце ў злачынстве — але калі астатнія маўчаць, і ён будзе маўчаць. Іншым разам дастаткова аднаго толькі слова супраць — і вы заўважыце, што побач з вамі амаль усе думаюць так, як вы, і гатовыя на сумленны ўчынак. Таму кожнае слова праўды — важнае.
Па-чацвёртае. Мэта любой дыктатуры — пазбавіць чалавека волі праз страх і прыніжэнне. Прымусіць адчуць сябе бездапаможным, прылюдна прыніжаным. Любому з нас цяжка стрываць мову нянавісці ў дачыненні да сябе, цяжка ўтрымацца ў пачуцці ўласнай годнасці, калі навокал такіх, як ты, публічна ганяць, прымушаюць рабіць ганебныя ўчынкі. Трэба разумець: нельга прынізіць чалавека, які не дазваляе сабе пачувацца прыніжаным. Не асуджаць тых, хто выказаў слабасць, не далучацца да хваляў публічнага прыніжэння іншых, пільнаваць сябе.
Па-пятае, з любой нялюдскасці можна выйсці, як выходзяць са злачыннага эксперыменту: захварэць, узяць адпачынак, перавесціся на іншую працу, у іншы аддзел. Трываючы несправядлівасць, мы толькі памнажаем яе навокал. Ігнараванне несправядлівасці не знішчае яе — а закручвае спружыну вакол нашага ж горла. Дыктатары паміраюць альбо ўцякаюць за мяжу — выканаўцы злачынных загадаў застаюцца для расплаты. Любая дыктатура заўсёды пры небяспецы першым скідвае за борт баласт сваіх маўклівых рабоў.
І шостае. Калі раптам — з розных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын — большасць грамадства пачынае ўпарціцца супраць дыктатуры — дыктатура гіне. Тым або іншым чынам, але гіне. Іншым разам зламаць сітуацыю можа адзін толькі непрыкметны ўчынак аднаго толькі чалавека — як адна толькі дадатковая пяшчынка можа справакаваць рух шаляў. Гэта адбываецца вельмі хутка, нечакана і незваротна. Таму цярпець непазбежнае пакаранне за смелыя ўчынкі ва ўмовах агульнай салідарнасці і агульнай упартасці даводзіцца па часе няшмат. Некалькі тыдняў. Некалькі месяцаў максімум. І кожны ўчынак можа стаць той самай пяшчынкай, што зрушыць сітуацыю з мёртвага пункту. І ніхто не ведае, чый гэта будзе ўчынак і калі ён здарыцца. Менавіта таму важны кожны, нават самы маленькі — але ўчынак.
А калі прыніжацца, маўчаць, прыстасоўвацца (гэта таксама стратэгія, і мы яе часта абіраем для сябе), калі трываць зло навокал у надзеі перачакаць ліхі час — тады ліхія часы расцягваюцца на гады.
Гэтага ўсяго людзі ў трыццаць сёмым не ведалі — бо не было еўрапейскага досведу асэнсавання дыктатур, не было яшчэ Нюрнбэргу, Стэнфардскага эксперыменту, кніг Франкла, Шлінка і Ганны Арэнт, не было, урэшце, у нас ведаў пра Курапаты.
Наша моц у тым, што мы цяпер гэта ўсё ведаем. І мы мусім выкараскацца.