Дзмітрыеў: «9 жніўня ўлада хоча ўсталяваць парадак, дзе сваім дазволена ўсё»
Прэтэндэнт у прэзідэнты распавёў аб папярэджанні Лукашэнкі "навесці парадак" у пытаннях свабоды слова.
— Свабода слова ў любой дзяржаве абмежаваная законам. Таму тут мы навядзем парадак — паабяцаў на сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ афіцыйны лідар Беларусі.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, некаторыя медыйныя персоны за свае публікацыі ў сацсетках атрымалі негатыўную рэакцыю, аж да асабістых абраз.
— Я лічу, што ў Беларусі шмат сфер, у якіх трэба навесці парадак — піша Андрэй Дзмітрыеў. — У выдатках бюджэту на ўтрыманне залішняй колькасці чыноўнікаў і хранічны недахоп грошай на любы запыт ад грамадства.
У зневажальных заробках і адсутнасці перспектыў у рэгіёнах Беларусі. У тым, як дзяржава дапамагае пераадолець вірус. Урэшце, у кароўніках.
Улада ж абяцае разабрацца з інтэрнэтам. Аказваецца, у ім бяда. Што ж так усхвалявала ўладныя розумы? Інтэрнэт — гэта адна з нямногіх сфер, якая прыносіць у краіну грошы і дае будучыню моладзі.
Адказ просты. Свабода і магчымасці. Свабода мець сваё меркаванне і магчымасці для самаарганізацыі грамадзян. Людзі, якія маюць сваё меркаванне і ўмеюць дзейнічаць самастойна, — галоўная апора для развіцця Беларусі, якой яе бачым мы, і самая страшная пагроза для дзейнай улады.
9 жніўня ўлада хоча ўсталяваць парадак, дзе сваім дазволена ўсё, а астатнія моўчкі за гэта плацяць. Коштам гэтага будзе страта адной з самых перспектыўных галін у эканоміцы Беларусі, новы ўзровень беспрацоўя і яшчэ большае абмежаванне волі.
Мы ж бачым Беларусь краінай, дзе дабрабыт, свабода, салідарнасць і самастойнасць грамадзян ляжаць у аснове агульнай будучыні.
Паводле gazetaby.com