Барацьба за правы прыгнечаных можа прывесці да цэнзуры, нецярпімасці і пераследу за думказлачынствы
Вядомыя пісьменнікі і навукоўцы напісалі адкрыты ліст у абарону свабоды слова.
Пісьменнікі, журналісты і навукоўцы напісалі адкрыты ліст, у якім перасцераглі ад стварэння "атмасферы нецярпімасці" ва ўмовах кампаніі за расавую і сацыяльную справядлівасць, якая разгарнулася ў многіх краінах свету.
Ліст, які быў апублікаваны ў часопісе Harper's, падпісалі больш за 150 чалавек. Сярод іх — пісьменнікі Джоан Роўлінг, Салман Рушдзі і Маргарэт Этвуд, лінгвіст і палітычны публіцыст Ноам Хомскі, філосаф і палітолаг Фрэнсіс Фукуяма, лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі Эн Эплбаўм, абаронца грамадзянскіх свабодаў Надзін Стросэн, шахматыст і палітык Гары Каспараў, джазавы музыка Уінтан Марсаліс.
Аўтары звароту, хоць і вітаюць рух за грамадзянскія правы, аднак разам з тым выказалі сваю занепакоенасць з нагоды таго, што ён можа спарадзіць і ўжо спараджае новыя прыклады цэнзуры і самацэнзуры.
"Свабодны абмен інфармацыяй і ідэямі, крыніца жыццёвай сілы ліберальнага грамадства, скарачаецца штодня. У той час, як мы прызвычаіліся чакаць гэтага ад правых радыкалаў, у нашым уласным асяроддзі распаўсюджваецца цэнзура, нецярпімасць да супрацьлеглых поглядаў, мода на шэймінг і астракізм, а таксама імкненне раствараць складаныя праблемы ў сляпой маральнай упэўненасці", — адзначаецца ў лісце.
Аўтары ліста выказваюць занепакоенасць, што ўсё часцей гучаць заклікі "да хуткага і суровага пакарання за меркаваныя словы — і думказлачынствы" (Thoughtcrime паводле Оруэла). Журналістам забараняюць пісаць на некаторыя тэмы, выкладчыкаў пераследуюць за цытаванне літаратурных тэкстаў у навучальных класах, а кіраўнікоў арганізацый звальняюць за няёмкія памылкі, гаворыцца ў лісце.
"Мы адмаўляемся ад фальшывага выбару паміж справядлівасцю і свабодай, якія не могуць існаваць адна без адной. Як пісьменнікам нам патрэбна культура, якая пакідае прастору для эксперыментаў, рызыкі і нават памылак. Нам неабходна захаваць магчымасць не згаджацца адзін з адным, калі гэта выклікана сумленнымі намерамі, без цяжкіх прафесійных наступстваў. Калі мы самі не абаронім самае галоўнае, ад чаго залежыць наша праца, нам не варта чакаць, што грамадства або дзяржава абароняць яго для нас", — робяць высновы аўтары ліста.
Праца над лістом пачалася каля месяца таму па ініцыятыве пісьменніка і крытыка Томаса Чатэртона Уільямса. У гутарцы з The New York Times ён згадаў нядаўнія падзеі, якія заахвоцілі яго да гэтага: вымушаны сыход чальцоў Нацыянальнага таварыства кніжных крытыкаў — з-за таго, што асабістая перапіска, у якой крытыкавалі ліст у падтрымку Black Lives Matter, патрапіла ў СМІ; выпадак у паэтычным фондзе, калі кіраўніцтву давялося звольніцца з-за некарэктнага тону аналагічнага ліста; а таксама звальненне сістэмнага аналітыка за твіт пра даследаванне, якое паказвае, што пратэсты пасля забойства Марціна Лютэра Кінга негатыўна паўплывалі на рэйтынгі Дэмакратычнай партыі — што і прывяло да перамогі рэспубліканца Рычарда Ніксана на прэзідэнцкіх выбарах.
Уільямс адзначыў: гэты ліст падпісалі людзі рознага паходжання і веравызнання, рознага ўзросту і сексуальнай арыентацыі, левых і правых поглядаў. "Мы не нейкая купка старых белых мужчын", — сказаў Уільямс.
Паводле meduza.io