Лукашэнка: са свабодай слова ў Беларусі мы навядзем парадак

Са свабодай слова ў Беларусі навядзем парадак, паабяцаў Аляксандр Лукашэнка прадстаўнікам СМІ, запрошаных 9 ліпеня да яго на сустрэчу, піша «Еўрарадыё».

Аляксандр Лукашэнка выступае перад прадстаўнікамі СМІ / president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка выступае перад прадстаўнікамі СМІ / president.gov.by


Кіраўнік дзяржавы не ўдакладніў, чаго варта чакаць і калі. Толькі заўважыў, што свабода слова "ў любой дзяржаве абмежаваная законам".

На гэтай сустрэчы Лукашэнка сказаў, што ён за канкурэнцыю і альтэрнатыўнае меркаванне. Пры гэтым падкрэсліў, што праца Мінінфарма накіравана на падтрымку дзяржаўных СМІ.

Гаворачы пра свабоду слова, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што яна "не прадугледжвае ўсёдазволенасці". Ён зноў згадаў негатыўныя выказванні людзей у інтэрнэце на адрас "некаторых медыйных персон". Яны пацярпелі за тое, што падтрымлівалі ўладу і яе мерапрыемствы. Даходзіла "да асабістых абраз", кажа беларускі кіраўнік.

"Вы, асабліва прагрэсіўна настроеныя людзі, адчулі, што такое свабода слова: сказаў не тое, абзавуць яшчэ паболей... — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Кожны з вас атрымаў порцыю [негатыву], той, хто нават не за Лукашэнку слова сказаў, а за дзяржаву".