Чаму дзяржава хоча ўсіх «жэстачайшэ» працаўладкаваць?
Часта пры знаёмстве з чалавекам пасля пытання «Як тваё імя?» ці «Як цябе зваць?» наступным пытаннем з'яўляецца «Дзе (кім) працуеш?». Не «Што цябе цікавіць?» і не «Чым захапляешся?». Чаму так? Што вызначае месца працы? Ці павінна яно ўвогуле нешта вызначаць?
Пачнем з таго, што «праца» для «настаяшчага беларуса» з'яўляецца нечым сакральным. Адсутнасць «працы» параўноўваецца з ядзерным нападам, пасля якога жыццё немагчыма ўвогуле. Менавіта «праца» — гэта тое, што даволі моцна перашкаджае шмат каму ўзняць галаву і шчыра выказацца наконт усяго, што адбываецца. Страціць «працу» — найгоршае, на думку большасці насельніцтва, што можа адбыцца. Дзяцей карміць, крэдыты плаціць, шашлык пасмажыць на выходных, калісьці пенсія да таго ж павінна быць... Шмат нагодаў не страчваць такую карысную рэч!
Анекдот пра тое, што калі беларусам усталяваць плату за ўваход на працоўнае месца, то яны будуць лезці туды праз акно — ужо не анекдот. Памер заробкаў таму адлюстраванне. Я зараз кажу не пра айцішнікаў — там пакуль яшчэ ўсё не так кепска. Размова пра звычайных працоўных, і вось тут усё досыць цікава. Мой сусед працуе на адным сталічным прадпрыемстве, лае кіраўніцтва ў голас — такія-сякія, намесніка па ідэалогіі паставілі нейкага кадэбэшніка былога, тары няма, усё дрэнна і шмат хто гатовы баставаць. Але неўзабаве заробак аж на 20% паднялі, і ўсё — баставаць ніхто не хоча, намеснік не такі ўжо і дрэнны і ўвогуле нармальна. Хрэн з ім, што некалькі чалавек забралі з працоўнага месца вядомыя людзі ў масках — праца ж ёсць. Сусед абурана ў мяне пытаецца: «Як так? Сябра твайго забралі і ўсе маўчаць, вочы хаваюць!» А я яму ў адказ: «А ты? Што зрабіў ты?» Тут вочы прыхаваў ужо і ён... Іншы знаёмы на буйным прадпрыемстве ўвогуле вые, што няма з кім пагаманіць — усе трымаюцца за хоць штосьці. Дзеці, крэдыты...
Дарэчы, улада зрабіла ўсё досыць шыкоўна — за гады кіравання падсадзіла працоўных людзей на крэдытную іголку. Шмат хто павёўся на танныя крэдыты. На машыну, на айфон, на чорт яго ведае што яшчэ. І гэта досыць паказальна. Мы не навучыліся жыць на тое, што зарабілі. Мы прагнем таго, чаго нам увогуле пакуль не трэба, — вядома, у матэрыяльным плане. Ну, вось скажыце, навошта прадавачцы ў краме айфон за 1000$ і больш? Вось і я не ведаю... Хіба толькі зоркай Тык-Току відэа здымаць, але я пакуль такіх не сустракаў. Але ж вось вам і залежнасць ад працы! А колькі яшчэ іншых, не менш дзікунскіх набыткаў кшталту ноўтбукаў за тысячы долараў ці еўрарамонтаў у «хрушчоўцы»... А проста каб лепей за суседа! Насамрэч, гэта тэма для асобнага артыкула з удзелам псіхолага.
Чаму так адбылося, што наяўнасць «месца працы» вельмі істотная? На маю думку, гэта зручна любой таталітарнай уладзе. Чым больш людзей будзе чымсьці абмежавана ў сваіх учынках — тым лепей.
Так і атрымліваецца, што яшчэ досыць маладыя людзі пад ціскам сваякоў (ну, вось у іх ды сынацёткігалі жа «ўсёдобра») добраахвотна лезуць у кайданкі фінансавай залежнасці ад дзяржавы, страчваючы магчымасць абраць іншы лёс і паспрабаваць сябе ў розных галінах, калі яшчэ не атрымалася абраць жыццёвы шлях. Так яно — падарожжа ў абыякавасць — і пачынаецца. Кватэрка ў чалавейніку, праца за грашы, шпалеры, якія трэба кожныя два гады пераклейваць (ну не модныя ўжо), машына бензін жарэ як вярблюд ваду... Дзеці яшчэ...
Чалавек мусіць працаваць! Нам гэта літаральна ўкаранялі ў галаву амаль з дзяцінства, але вось тлумачэнні «чаму?» прапускалі міма ці неяк абыходзілі агульнымі штампамі. Насамрэч, калі разабрацца, праца дазваляе нам наўпрост існаваць як біялагічнаму віду. Няма працы — няма цябе як жыццёвай адзінкі, таму што табе не будзе за што падтрымліваць свой арганізм. Праца=Жыццё і нават выжыванне як біялагічнага арганізму. Гэта і ёсць асноўная кропка ціску ўладаў. Нездарма гутарак пра «безумоўны даход» (тое, што зараз досыць актыўна абмяркоўваюць амаль ва ўсіх краінах Еўропы) у «сасудзе стабільнасці» і не чуваць. І пакуль што і не будзе чуваць, бо само існаванне чалавека тут не мае каштоўнасці. Каштоўнасць мае толькі адно: колькі ад яго атрымлівае дзяржава...
Дзякуючы ўладзе, праца ў Беларусі ператварылася ў нейкае пакаранне. Я не буду прыгадваць, колькі разоў вядомы ўсім персанаж, грукаючы кулаком, патрабаваў усіх «жэстачайшэ» працаўладкаваць. Усіх! І палюбоўніц міністраў, і жонак, і дзяцей... Да міністраў толькі вось не дайшоў, на жаль. Барацьба з так званымі «дармаедамі» стала элементам дзяржаўнай ідэалогіі. Хто ж ведае, што ім у галаву прыляціць? У сапраўднага працоўнага чалавека галава крэдытамі занятая і «заўтранапрацу». Але ж на двары ўжо больш за 20 гадоў 21 век!
Вось і сёння вядомы ўсім «крэпкі хазяйсцвеннік» выказаўся вельмі яскрава наконт аднаго са сваіх старых і верных паплечнікаў: «Знайсці яму пенсійную пасаду, але хамут на шыю!» Ні больш, ні менш!
«Хамут на шыю!» — чым не дзяржаўная ідэалогія? Гэта датычыць не толькі пенсіянераў рознага ўзроўню, але ж і ўсіх, хто зараз мусіць працаваць у надзеі атрымаць хоць штосьці ад улады. Нешта мне падказвае, што той самы «хамут» — максімум, на што ўсе працоўныя могуць разлічваць!
Месца працы не павінна кіраваць маладымі. Зусім наадварот! Маладыя павінны абіраць свае месца працы самі. І зусім не варта прыкоўваць іх адразу кватэрамі ды іншымі фальшывымі каштоўнасцямі. Маладыя павінны спрабаваць!
Сучасныя тэхналогіі не маюць патрэбы ў вялікай колькасці працоўных. Яны маюць быць выкарыстанымі ў іншых галінах — турызм, ІТ, рамёствы і шмат чаго яшчэ. Трэба толькі зацікавіць чалавека, даць яму магчымасць развівацца самастойна ў адпаведнасці з тым, да чаго ён мае сапраўдныя схільнасці — у гэтым і ёсць роля дзяржавы. Не патрабаваць, але прапаноўваць. Таксама тэма для размовы...
Калі займаешся справай, якая ў цябе насамрэч вызывае захапленне — гэта неяк адразу перастае быць працай у агульным сэнсе. Гэта пачынае быць справай твайго жыцця. Не істотна, што гэта — пісаць код у ІТ, рабіць крафтавыя цукеркі ці драўляныя дошкі, будаваць дамы ці ложкі, ствараць святы дзецям і іх родным, рамантаваць абутак альбо цікавіць гасцей выкшталцонымі экскурсіямі па сваім горадзе ці вёсцы... Ды шмат чаго яшчэ можна рабіць, калі адчуваеш у сабе да гэтага патрэбу! Кожны гэта можа, але пакуль адзінкі могуць. І добра ў іх атрымліваецца, я вам скажу! Трэба толькі сябе неяк пашыхтаваць і адмовіцца ад былога жыцця. Будзе цяжка! Але па-іншаму ніяк. Зусім!
Ад маленства над намі вісіць пытанне: «Кім ты хочаш быць?» Касманаўтам, міліцыянтам, будаўніком, інжынерам... Толькі мала хто прыгадвае самы лепшы адказ — Чалавекам!
Што Цябе цікавіць, Чалавек? Чым насамрэч Ты захапляешся?
Хто Ты?
Ці «хамут на шыю» табе болей даспадобы?