Час выкарыстоўваць гістарычныя аргументы ў адстойванні суверэнітэту

Зараз надышоў час, калі патрэбна ўлічваць новыя выклікі і выкарыстаць гістарычныя аргументы дзеля адстойвання суверэнітэту краіны, лічыць гісторык Ніна Стужынская.

img_7094_logo.jpg


Каб атрымаць памяшканне для «круглага стала» наконт усталявання помніка слуцкім паўстанцам, грамадскія актывісты звярнуліся па дапамогу да слуцкага дэпутата Палаты прадстаўнікоў.

20 сакавіка 2017 года грамадскія актывісты Аліна Нагорная, Алесь Лагвінец і гісторык Ніна Стужынская наведалі ў Слуцку прыём дэпутата па Слуцкай выбарчай акрузе Валянціны Ражанец.

Аліна Нагорная, актывістка грамадскай ініцыятывы “Дзея”, паведаміла, што спадзяецца на спрыянне дэпутата ў вырашэнні пытання наконт арганізацыі “круглага стала” па ўшанаванні памяці слуцкіх змагароў за незалежнасць.

Я давяла да ведама Валянціны Ражанец, дэпутата Нацыянальнага сходу, адмоўныя вынікі перапіскі са Слуцкім райвыканкамам і кіраўніком слуцкай раённай бібліятэкі па пытанні выдзялення памяшкання для мерапрыемства, — паведаміла Аліна Нагорная. — Па сутнасці гэта былі пустыя адпіскі, якія не ўтрымлівалі нічога канкрэтнага. З адпісак вынікала, што канферэн-зала раённай бібліятэкі працуе па шчыльнаму графіку, які выключае магчымасць для выдзялення залы для іншых мерапрыемстваў.

img_7092_1_logo.jpg

У сваю чаргу, гісторык Ніна Стужынская, якая займаецца вывучэннем гісторыі Слуцкага паўстання больш за 30 гадоў, падчас наведвання дэпутата паспрабавала вывесці праблему замоўчвання неадназначнай гістарычнай падзеі на нацыянальны ўзровень.

Я звярнулася да Валянціны Ражанец як да агульнанацыянальнага палітыка і папрасіла слуцкага дэпутата ініцыяваць сярод іншых дэпутатаў абмеркаванне не толькі праблемы па ўшанаванні памяці слуцкіх паўстанцаў, але і праблемы новага бачання нацыянальнай памяці ў школьных падручніках, — гаворыць Ніна Стужынская. — Паспрабавала давесці да ведама дэпутата, што зараз настаў той час, калі патрэбна ўлічваць новыя выклікі і выкарыстаць гістарычныя аргументы дзеля адстойвання суверэнітэту краіны. Спаслалася і на словы Лукашэнкі аб тым, што гісторыя нашай краіны не распачалася толькі ў 1917 годзе, і на небяспечныя пасылы з расійскага тэлебачання.

Ніна Стужынская лічыць, што словы слуцкіх змагароў, што яны гатовы плаціць падаткі сваёй дзяржаве, а не якойсьці іншай, і бачылі сваё ўратаванне толькі ў сваёй нацыянальнай дзяржаве, сёння як ніколі актуальныя. Таму зараз надзвычай актуальна вярнуцца да сваёй нацыянальнай гісторыі і распачаць шырокую асветніцкую працу сярод насельніцтва.

Валянціна Ражанец нібыта ўважліва выслухала наведвальнікаў і паабяцала накіраваць ліст да мясцовых уладаў, каб тыя выдзелілі памяшканне для правядзення дыскусіі па гісторыі Слуцкага Збройнага чыну.

Пасля наведвання дэпутата актывісты зазірнулі ў Слуцкую раённую бібліятэку, каб пазнаёміцца са “шчыльным” графікам працы канферэнц-залы. Калі верыць плану мерапрыемстваў на сакавік, размешчанаму на інфармацыйным стэндзе, атрымліваецца, што бібліятэка не праводзіць мерапрыемствы кожны дзень і на працягу 8-гадзіннага рабочага дня ў любы дзень можна было б з лёгкасцю знайсці час і для аматараў грамадскага гістарычнага “круглага стала”.

20170320_115102_logo.jpg


Аднак па выніках гутаркі з дырэктарам Слуцкай раённай бібліятэкі Алесь Лагвінец даведаўся, што ў красавіку бібліятэка запланавала аж 111 мерапрыемстваў з чытачамі.

Гурыновіч Людміла Васільеўна, дырэктар бібліятэкі, паглядзела ў кампутар і назвала неверагодную лічбу — больш за сто публічных мерапрыемстваў запланавана на красавік месяц. Паколькі гэта лічба перавышае больш чым у 10 разоў запланаваныя паказчыкі на сакавік на інфармацыйным стэндзе для чытачоў, такая інфармацыя падалася мне непраўдзівай. І я лічу, што агучана яна была толькі дзеля таго, каб перашкодзіць грамадскім актывістам скарыстаць слуцкую дзяржаўную культурную ўстанову дзеля правядзення грамадскага культурнага мерапрыемства ў красавіку.