Якія наступствы глабальнага пацяплення чакаюць Беларусь?

У Беларусі сярэдняя тэмпература паветра павысіцца на 3-4 градусы. У гэтым перакананы Доктар Роб Філд, старэйшы навуковы супрацоўнік у Каралеўскім таварыстве абароны птушак. Ён прыехаў у Мінск, каб распавесці пра прычыны і наступствы змены клімату для Еўропы і Беларусі.

unnamed_124.jpg

Прычыны змены клімату

Яшчэ ў XIX стагоддзі навукоўцы патлумачылі сутнасць такой з’явы як «парніковы эфект». Газы награваюцца і даюць дадатковую энергію ў атмасферу. Ад гэтага і павышаецца тэмпература на паверхні планеты. Так, ужо тады стала зразумелай сувязь паміж вуглякіслым газам і пацяпленнем. Калі коратка, глабальнае пацяпленне – гэта змена канцэнтрацыі вуглякіслага газу ў атмасферы. Вуглякіслы газ выкарыстоўваецца раслінамі для фотасінтэзу. Вуглярод трапляе ў цела траваедных жывёл, затым – драпежнікаў. Назад элемент вяртаецца ў прыроду пры дыханні жывёл і пасля іх смерці ў выніку гніення. Вуглякіслы газ – прадукт не толькі жыццядзейнасці жывых арганізмаў. Газ утвараецца пры спальванні арганічнага паліва – нафты, прыроднага газу, драўніны, вуглю. Пры трапленні вуглякіслага газу ў атмасферу кругазварот элемента пачынаецца зноў.
Мы карыстаемся вугляродам у выглядзе выкапняў, імі мы актыўна «накачваем» атмасферу. Так канцэнтрацыя вуглякіслага газу ў атмасферы павялічваецца. Гэтая канцэнтрацыя і вымяралася на працягу многіх гадоў. У апошнія стагоддзі ўзровень канцэнтрацыі рэзка падскочыў. Доктар Роб прывёў у прыклад вулкан на Гаваях, дзе ідуць вымярэнні вуглякіслага газу: «Вымярэнні вядуцца з 60-х гадоў, канцэнтрацыя вугляроду расце. Важна разумець, што вуглярод тут не атрута. Але выкіды газу даюць дадатковую энергію, таму мы бачым рост тэмпературы».


Наступствы пацяплення

З 1950-60- х гадоў тэмпература паветра расце. Апошнія 10 год былі самымі спякотнымі за апошнія мільёны гадоў. «Калі мы працягнем жыць такім чынам, тэмпература зямлі вырасце на 4 градусы, – кажа Роб Філд. – Гэта азначае, што халодны клімат стане цёплым а цёплы клімат стане яшчэ больш спякотным. Кліматолагі на самай справе зрабілі складаныя разлікі. Яны палічылі, што ў сярэднім, тэмпература ў Еўропе памяняецца на 2-4 градусы, а ў Беларусі – на 3-4 градусы».
Ад канцэнтрацыі вуглякіслага газу зменіцца не толькі тэмпература паветра, але і колькасць ападкаў: «У Скандынавіі, краінах Балтыі і Беларусі ўзровень ападкаў узрасце. Канада стане больш вільготная, Амерыка – сухая. Змены будуць тычыцца і зерневых культур, паўплываюць яны на жывёл і расліны. Шмат якія папуляцыі не змогуць больш жыць у пэўных шыротах».
Канцэнтрацыя вугляроду ў атмасферы ўплывае яшчэ і на колькасць павадак у свеце: «Напрыклад, у Брытаніі ў 1953 годзе была павадка на Паўночным моры. Тады здарэнне лічылася рэдкасцю. Людзі думалі, што такое можа быць раз на сто гадоў. Зараз такія павадкі здараюцца раз на пяць гадоў». Чаму так адбываецца? Газ становіцца цёплы, ён абсарбіруецца ў акіяне. Акіян становіцца цяплейшым, таму і разліваецца.
Роб Філд кажа, што атмасфера на паўночным і паўднёвым полюсе мяняецца па сутнасці па той жа прычыне: «Мы выкарыстоўваем паліва – яго паглынае акіян. Тэмпература ў ім павялічваецца, у выніку таіць лёд. Таму пэўныя краіны сутыкнуцца з праблемай павадак. Напрыклад, некаторыя рэгіёны Бангладэшу будуць затоплены. Калі ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі не скараціць выкіды вуглякіслага газу, не высаджваць дрэвы, то хутчэй за ўсё многія густанаселеныя тэрыторыі будуць падтоплівацца. Мільёны людзей адчуюць на сабе ўплыў акіяна», – перакананы Роб Філд.
Навукоўцы падлічылі, што шэры журавель, які жыве і ў Беларусі, хутка пакіне краіну. Па клімаце яму будзе пасаваць бадай што адна Скандынавія. А ў Вялікабрытаніі ўсё часцей цэлымі калоніямі сталі з’яўляцца белыя чаплі. Раней іх там не было. Мала хто ведае сёння пра праблемы каралаў. Яны страчваюць свой колер, бо больш не могуць перапрацоўваць энергію. Да 2100 года, па ацэнках навукоўцаў, усе каралы знікнуць.

Шэры журавель

Шэры журавель

Ці зможа нешта прыпыніць пацяпленне?

Доктар Роб Філд перакананы, што сітуацыю можна змяніць: трэба скараціць колькасць выкідаў вуглякіслага газу. Роб раіць выкарыстоўваць транспартныя сродкі з электрарухавікамі, скарачаць паліва на электрастанцыях, выкарыстоўваць альтэрнатыўныя віды энергіі: «Мы скарачаем дадатковыя выкіды, фіксуем ужо існуючыя». Пасадка дрэва – вельмі папулярная методыка сёння. «Але трэба высаджваць правільныя дрэвы ў патрэбных месцах. Напрыклад, пасадка дрэваў у стэпах, дзе яны ніколі не раслі, не прынясе нічога добрага ні для жывёл, ні для раслін. Гэта трэба рабіць з розумам», – кажа Філд. Роб адзначыў, што Беларусь дасягнула поспеху: у рэабілітацыі балот, што з’яўляецца павелічэннем выкіду кіслароду: «Няма нічога лепш за аднаўленне прыроднай тэрыторыі. Прырода і людзі будуць пакутаваць у будучым. Калі не навучацца супрацоўнічаць».
Доктар Роб Філд – эколаг, старэйшы навуковы супрацоўнік у Каралеўскім таварыстве абароны птушак Ён актыўна вывучае экасістэмныя магчымасці змякчэння наступстваў кліматычных зменаў праз паляпшэнне кіравання і захаванне дзікай прыроды, галоўным чынам у сельскагаспадарчых экасістэмах і тарфяніках Вялікабрытаніі, астатняй Еўропы і Афрыкі. У прыватнасці, доктар Філд супрацоўнічае з беларускімі калегамі па змяншэнні негатыўных наступстваў кліматычных зменаў у рэгіёне Палесся, а таксама вывучае, як аднаўленне балот уплывае на папуляцыі птушак у Беларусі. Выступ доктара Роба Філда быў зладжаны грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пры падтрымцы Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі.