Дэградацыя нашай мовы з найлепшымі намерамі
Не так даўно прачытаў у адным СМІ, што чарвяка назвалі вусенем. Для мяне
гэта — трывожны званочак. Званочак аб дэградацыі беларускай мовы. Як
модна казаць, прабіта дно.
Для пачатку вось тлумачэнні гэтых слоў: “чарвяк” — беспазваночны жывёльны арганізм з доўгім мяккім целам, без канечнасцей і ярка выражанай галавы; вусень — лічынка матыля, падобная на чарвяка.
Каму лягчэй, перакладу на рускую: чарвяк — червяк, вусень — гусеница.
Мова дадзена людзям, каб выражаць думкі, абменьвацца інфармацыяй. Розныя словы адрозніваюць розныя паняцці. Калі чалавек называе рэчы не сваімі імёнамі, то ён або іншаземец са слабымі ведамі, або ў яго запаволенае моўнае развіццё, або ён якісь горшы вар'ят.
У нас гэта дапусцілі СМІ — тыя, хто мусіць быць прыкладам правільнай мовы. Куды ўжо далей?
Дзе логіка, дзе сэнс? З імаверных версій вымалёўваецца толькі тое, што я назіраў як агульную тэндэнцыю. Гэта такі метастаз пурызму. Пачыналася з простага — калі ёсць слова, падобнае да рускага і непадобнае да рускага, пурысты выбіралі непадобнае. Спачатку гэта былі словы з аднолькавым значэннем. Напрыклад, замест канфоркі — фаерка, замест чаю — гарбата. Потым развілося да ўжывання сінонімаў — слоў з блізкім значэннем. Напрыклад, праца замест работы. Аднак пісьменныя людзі ведаюць, што сінонім — не дублет, ён абазначае не ідэнтычнае паняцце, а нечым адрознае. І вось цяпер людзі ўжываюць словы з іншым значэннем.
Раней сутыкнуўся з тым, як камп'ютарную мыш называлі пацуком. Ад вялікага розуму? Мыш — не пацук. Прыдумалі гэту мыш за мяжой (анг. mouse). Добра, гэта прылада сама па сабе ні мыш, ні пацук, але логіка дзеяння паказальная, мыш нагадвае рус. мышь, таму яе замянілі на нешта падобнае.
Нават малых дзяцей навучаюць розніцы між вусенем і чарвяком, мышшу і пацуком. Калі дзіця скажа на вусеня «чарвяк», а на мыш «пацук», мама яго паправіць. Прынамсі, у іншых. Калі мама не будзе паказваць штораз танчэйшыя адрозненні між паняццямі, то якім вырасце гэта дзіця? У нас жа СМІ спускаюцца да ўзроўню дзяцей, якія не навучыліся адрозніваць чарвяка ад вусеня. Гэта і ёсць дэградацыя.
Нейкая добраахвотная дэградацыя, у аснове якой сутаргавае пазбяганне слоў, падобных на рускую. Адна справа — наіўная неразумнасць дзіцяці, іншая — мудраванне, выдумванне звілістых шляхоў, якое ўскладняе жыццё.
Гэта нездаровая тэндэнцыя, як многае іншае, была народжана з добрымі намерамі. У вучняў рускамоўных школ пра беларускую мову магло скласціся ўражанне, што беларуская мова — відазмененая руская, што яна адрозніваецца ад рускай толькі акцэнтам. А акцэнт гэтыя вучні чулі ў жывых людзей, якія аказваліся калгаснікамі і іншымі сацыяльна непрэстыжнымі тыпамі.
Яны заўважалі акцэнт у словах рускай мовы, інакш кажучы, іх акцэнт быў відаць на фоне рускай мовы, актуалізаваўся праз яе ж. І вось якая падмена паняцяў адбывалася, сачыце ўважліва: акцэнт, вылучаны ў «калгаснікаў» праз ужыванне небеларускіх слоў (слоў не з беларускага слоўніка), пераносіўся на словы з беларускага слоўніка, проста падобныя да рускай. Умоўна кажучы, і адвечна беларускае «шчасце», і яўны русізм «прадастаўленне» для такога вучня — сапсаваная руская.
У аснове гэтай пагарды была прэзумпцыя нармальнасці рускай мовы, тая была пунктам адліку. Калі руская арыгінальная, а беларуская нібыта відазмененая, то загана, як мяркуецца, у другой. Гэтую загану і не любілі.
Але цікаўныя людзі, апантаныя роднай мовай, даведаліся, што яна ёсць не толькі ў школьных падручніках. Яны знайшлі выданні ранейшых гадоў, выданні эмігрантаў, і іх уяўленне перакулілася, яны ўбачылі прыклады цалкам арыгінальнай і непадобнай на рускую мовы. А яшчэ яны даведаліся пра рэформу 1933 г. і дэкларацыі пра неабходнасць збліжэння беларускай і рускай. І канспіралагічны пазл у галаве склаўся: усё падобнае да рускай ў беларускай мове — вынік дыверсіі.
Гучыць утрыравана, але такую логіку закладаюць свядома ці несвядома бясплатна-модныя курсы і іншыя папулярызатары. Якая ж яшчэ лагічная сувязь утворыцца ў навічка, калі яму сказаць такія тэзісы:
- у школах беларуская мова нагадвае сапсаваную рускую;
- у 1933 годзе камісары ўзялі курс на прыпадабненне да рускай;
- чай — гарбата; чайник — імбрык.
Вядома, праз такую падачу фактаў вучань будзе лічыць, што чай і чайнік — ні разу не беларускія словы і спіша іх на камісараў. Далей у розумах такіх нованавучаных пачынаецца самастойная дзейнасць і аўтаномнае паляванне на ведзьмаў па вышэйапісанай схеме.
Але пры гэтым з розуму не была прыбрана ўстаноўка, што руская мова — пункт адліку, а беларускае вымаўленне — непрэстыжны акцэнт. Менавіта таму пад пурызм падпадаюць у асноўным словы, дзе ёсць беларускія г, ў, ч (цвёрдае, наша), дзь, ць. Таму такую паніку выклікае суфікс -шчык, а таксама суфікс -н- пасля асновы на к, якое пераходзіць у ч (даведка à даведачны à даведкавы). Таму і кажуць лайно замест гаўно (пры гэтым не здагадваючыся пра значэнне «бялізна»). Хоць яны ў любым разе маюць на ўвазе непрыемную рэч, але ж сказаць нібыта па-руску з акцэнтам — камусь большае табу).
Менавіта таму мы бачым столькі новых беларускамоўных, якія не імкнуцца дацягнуць нармальнае цвёрдае чэ і «чірікаюць». Потым мы чытаем пра пошукі беларускамоўнага лагапеда для беларускамоўных дзяцей, ці будуць яны выпраўляць мяккае че або і так нармальна?
Па сутнасці, у такіх новых прыхільнікаў беларускай мовы ў глыбіні засталася пагарда да яе. Іх любоў — адваротны бок колішняй нянавісці. Яны любяць яе, калі яна выгадна адрозніваецца ад «безумоўна нармальнай» рускай. Яны нібыта ўвесь час даказваюць: «Беларуская мова — не пачвара». Гэта комплексы. Гэта залежнасць ад той жа рускай. Нікому нічога не трэба даказваць. Інакш гэта не безумоўная любоў.
Правільнасць ці прыгажосць мовы не можа вызначацца адносна іншай мовы. Ні праз падобнасць, ні праз адрозненне. Інакш яна не жыве сваім жыццём. Правільнасць і прыгажосць вызначаюцца праз унутраныя ўласцівасці.
Выхаваныя з вышэйапісаным падыходам людзі ў выніку могуць змешваць паняцці «трасянкі» і «наркамаўкі» (палітызаваны ярлык для афіцыйнай нормы беларускай мовы), і гэта таксама дэградацыя.
Зрэшты, гэткі пурызм — неабавязкова маньякальны пошук адрозненняў. Гэта можа быць і страх. Страх перад чарговым настаўнікам, які гучна, як заклён кажа «а чай па-беларуску — гарбата» (ці нават «ПРАВІЛЬНА па-беларуску»). Сказаць «чай» з цвёрдым Ч — страшна, усе ж засмяюць. Калі не рускамоўныя, то найперш свае.
Да гэтай высновы я прыйшоў пры рэдагаванні перакладу Грамадзянскага кодэкса РБ. Многія словы дастаткова (і трэба) было перакласці наўпрост, без мудравання. Юрыдычны пераклад вымагае строгай дакладнасці. Аднак часта валанцёры ўжывалі сінонімы. Дапускаю, што гэта вынік атмасферы страху, якую прышчапляюць папулярызатары мовы. Страху сказаць падобна да рускай мовы.
Ёсць і наступныя ўзроўні страху — напрыклад, ужыць кальку, перакласці надта блізка. Так, акрамя «гэта падобна да рускай» ёсць і «гэта калька». Выпускаецца вонкі джын мудравання, калі людзям форма настолькі важная, што можна ахвяраваць сэнсам. І нават не свая форма як такая, а ў параўнанні з іншымі. Выхоўваюцца паводзіны паненкі, якая камплексуе, што гэта яна адзела сукенку, як у іншай, а не наадварот.
Калі ўрокі мовы пачынаюцца з работы над памылкамі, а для ведання «правільнай» мовы трэба ведаць іншую мову, то гэта нездаровая сітуацыя.