Дэпутат Мінгарсавета хоча выйсці з сістэмы: «Замест пытання аб гвалце абмяркоўвалі закупку бронікамізэлек»
Вечарам панядзелка ў адзін з мінскіх двароў Брылевічаў прыйшла дэпутат Мінгарсавета. Яна вельмі прасіла мясцовых: адклічце! Гэта тая самая Вольга Цесакова, якая месяц таму, пасля прэзідэнцкіх выбараў, напісала заяву з просьбай датэрмінова скласці паўнамоцтвы. Але аказалася, каб сысці раней за тэрмін, патрэбныя важкія падставы: рашэнне суда па крымінальнай справе, хвароба або адкліканне, ініцыяванае выбаршчыкамі, піша tut.by.
Вольга Цесакова — дэпутат Мінгарсавета па Дзяржынскай выбарчай акрузе № 23. Цесакову абралі ў Раду 28-га склікання ў лютым 2018 года, тады ёй было 23 гады. Грамадскую нагрузку яна сумяшчае з працай у ТАА «Фінпрофіт», дзе з'яўляецца спецыялістам па працы з кліентамі.
Спачатку Вольга растлумачыла, чаму хоча сысці.
— На жаль, з тым, што адбываецца, дэпутаты нічога не могуць зрабіць. Ні з гвалтам, ні з ужо праведзенымі выбарамі, зразаннем стужачак, сцягоў. Я прыняла дастаткова ўзважанае рашэнне — сысці з сістэмы, якая не робіць нічога для народа ў момант, калі павінна быць максімальна ўключаная.
— Мы ведаем, што вы падалі заяву. А што вы зрабілі за гэты месяц пасля выбараў? — спытала жыхарка Брылевічаў.
Вольга адказала, што хадзіла да кіраўніка Маскоўскага раёна Мінска, сустракалася з прадстаўніком МУС і старшынёй Савета дэпутатаў. Спрабавала ім растлумачыць, што адбываецца на вуліцах.
— Цяпер кажуць, што ў нас выходзіць на пратэсты хто? Прастытуткі, маргіналы, асацыяльныя асобы! Я спрабавала данесці, што людзі выходзяць, таму што няма афіцыйнай рэакцыі на тое, што адбываецца. Таму што няма наступстваў (напрыклад, па прыкладах гвалту сілавікоў супраць мірных грамадзян. — TUT.BY). Нешта дзесьці як бы робіцца, але мы гэтага не ведаем.
На мае пытанні мне на мінулым тыдні клятвенна паабяцалі, гледзячы ў вочы, што на сесіі гарсавета будзе прадстаўнік МУС ці пракуратуры, які раскажа, што, напрыклад, узбуджана 950 крымінальных спраў па перавышэнні паўнамоцтваў. І на сесіі Мінгарсавета, якая прайшла ў пятніцу, мы пачалі з вельмі «важнага» пытання — падвядзенне вынікаў агляду-конкурсу на найлепшую лаўку Мінска. Вы мяне прабачце, я так моцна смяялася, што прапусціла, хто ў нас пераможца. Я такая злая была!
Вольга Цесакова дадала: некалькі дэпутатаў прапанавалі ўтварыць камісію па расследаванні фактаў гвалту, менавіта ад Мінгарсавета.
— Гэтае пытанне было вынесена загадзя, але, як вы разумееце, у парадак яго не ўключылі.
На вераснёўскай сесіі дэпутаты абмяркоўвалі бюджэт Мінска і пераразмеркаванне сродкаў. Апошняй кропляй для Вольгі Цесаковай стала пытанне аб фінансаванні закупкі 200 бронекамізэлек для сілавікоў.
— Супраць прагаласавала толькі я і Павел Бачарнікаў (яшчэ адзін дэпутат па Маскоўскім раёне Мінска, прадпрымальнік). Нас двое супраць 53-х! Я месяц б'юся галавой аб сцяну і наогул нічога. І я не ведаю, што яшчэ можна зрабіць, акрамя як сысці адтуль і паказаць, што іх сістэма не працуе, што ў іх ёсць праблема.
Заяву аб адкліканні я напісала месяц таму. Пра яе ўсе ведалі, казалі і толькі на мінулым тыдні мне сказалі: ой, вы ведаеце, а яна не пракоціць!
Вольга Цесакова распавяла, што да дэпутатаў Мінгарсавета зараз звяртаюцца людзі з нагоды гвалту пасля выбараў і фальсіфікацый на выбарчых участках.
Напрыклад, людзі просяць адмяніць абмежаванні на правядзенне мірных масавых акцый і мерапрыемстваў у Мінску, вылучыць пастаянную пляцоўку, просяць адправіць дэпутацкі запыт у Следчы камітэт па фактах масавага збіцця, адправіць запыт у Мінгарвыканкам на публікацыю пратаколаў галасавання, у Генпракуратуру — на разбіральніцтвы па фактах фальсіфікацый. Яшчэ людзі просяць прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі — таму што на многіх участках не вывесілі выніковыя пратаколы.
— Што мы на гэта маем? Ад Следчага камітэта — «Мінскі гарадскі савет дэпутатаў у адпаведнасці з заканадаўствам не мае паўнамоцтваў на публікацыю пратаколаў галасавання». Пішуць, што з нагоды прымянення сілавымі органамі фізічнай сілы і спецсродкаў 9 і 10 жніўня цяпер праводзяць праверкі, а заяўнікам паведамяць «у парадку, устаноўленым заканадаўствам», — прыводзіць прыклады адказаў сваім калегам дэпутат.
— Ну то значыць, ніколі! — выгукнуў хтосьці.
Дэпутатам Мінгарсавета кажуць, што пытанні выбарчага заканадаўства не ў іх кампетэнцыі. Уплываць яны могуць хіба што на выкананне закона «Аб масавых мерапрыемствах». Але Вольга ўпэўненая: і на прапановы праводзіць маршы «ў рамках закона» будуць адпіскі.
Дэпутатка Вольга Цесакова сама ходзіць на акцыі пратэсту, на нядзельныя маршы. А адзін раз выходзіла разам з калегам на такі марш з плакатамі «Дэпутаты супраць гвалту».
Вольга спадзяецца, што іншыя дэпутаты пасля яе прыкладу таксама будуць выходзіць з сістэмы.
Дзяўчына распавяла, што праз дзве гадзіны пасля таго, як апублікавала заяву аб адкліканні ў сацсетках, хтосьці звязаўся з яе сям'ёй, «былі пагрозы». Падрабязнасцей не кажа, каб не нашкодзіць блізкім.
Вольга Цесакова прызналася TUT.BY, што не галасавала на прэзідэнцкіх выбарах. Фармальна — таму што хварэла. Фактычна — таму што была ўпэўненая, што яе «голас нічога не вырашае».
— Я прыклад таго, як выбары змянілі беларусаў. Нягледзячы на грамадскую актыўнасць, бо я была досыць апалітычная да моманту, пакуль гвалт пасля выбараў не закрануў блізкіх мне людзей.
Адна справа, калі табе расказваюць. Іншая справа, калі ты бачыш жудасныя гематомы на целе знаёмага, калі бачыш, што ў хлопца няма месца на твары ад швоў, таму што ён проста не ў патрэбны час 10 верасня катаўся ўвечары па парку. Знялі, паклалі мордай у падлогу — гэта страшна.
Страшна, калі ты перажываеш за людзей, якія проста жывуць на «Пушкінскай», на «Каменнай Горцы». Страшна, калі ты ідзеш познім вечарам у краму, бачыш супрацоўнікаў праваахоўных органаў — і баішся іх. Гэта дакладна не тыя адчуванні, што павінны быць у краіне ў чалавека, які вядзе законны лад жыцця.
— А што вы будзеце рабіць, калі вы спыніце дзейнасць у якасці дэпутата? — пыталіся людзі.
— Падтрымліваць, наколькі гэта магчыма, нязгодных людзей. Хадзіць з імі на шэсці, мітынгі. Тое, што я і раблю ўвесь гэты месяц.
Вольга патлумачыла людзям, што пасля яе адклікання на гэтай акрузе павінны будуць правесці новыя выбары.
— Таму што тэрмін нашых паўнамоцтваў яшчэ каля паўтары гадоў. Столькі часу месца дэпутата пуставаць не павінна.
— А вы будзеце зноўку абірацца?
— Вы прапануеце падмануць сістэму? Сысці і вярнуцца? — засмяялася дэпутат.
Прама цяпер жыхары Маскоўскага раёна сталіцы робяць спробы адклікаць дэпутата рангам вышэй — Ігара Камароўскага з Палаты прадстаўнікоў. Цяпер людзі дамагаюцца асабістай сустрэчы з ім, а яшчэ збіраюць подпісы, каб дэпутат прадставіў справаздачу аб сваёй працы за год.
Пераклад nashaniva.by