Дэвальвацыя, горшая за грашовую
Лiтаральна некалькi дзён таму я атрымала дыплом аб вышэйшай адукацыi. Справа шараговая для канца чэрвеня. Хоць атрымаць дыплом я магла дзесяць год таму, аднак тады сышла з унiверсiтэта без скарынкi, але з ведамi i самаадчуваннем адукаванага чалавека. I вось праз нейкi час паступiла ў iншы ўнiверсiтэт, на iшую спецыяльнасць — i скарынку атрымаць, i ў тое, што даўно цiкавiла, паглыбіцца. Каб вывучыцца на псiхолага, я выбрала БДПУ iмя М.Танка. I там зрабіла нечаканае адкрыццё: студэнты ў ВНУ — не вучацца.
Сапраўды, яны робяць што заўгодна, але толькі не тое, для чаго ўласна задумана адукацыя. Хто сёння атрымлiвае «вышку»? Я назiрала гэтых людзей пяць гадоў. Абсалютна незацiкаўленыя ў тым, што iм выкладаюць, не жадаючыя прыкласцi нi кроплi высiлкаў для таго, каб нешта хаця б запомнiць, не тое што зразумець.
Пяць гадоў я чула стогны кожную сесiю, накшталт: «А можа, скiнемся на пляшку каньяку i атрымаем усе залiк?» Пяць гадоў я назiрала, як вiртуозна падрабляюцца любыя i па змесце, i па форме вучэбныя заданнi. Індустрыя навуковых працаў для студэнтаў дасягнула сёння такіх вяршыняў, якія і ўявіць складана. Дыпломнымі ды курсавымі на замову ўжо нікога не здзівіш, але вось справаздачы па практыцы — гэта сапраўды трэба пастарацца. Ды нічога, робяць і такое, нават разам з падробленымі фота з заняткаў з дзецьмі. Хаця часта гэта абсалютна не важна — бо ў справаздачах правяраецца толькі наяўнасць пячатак на ўсіх неабходных старонках. Падобным чынам адбываецца праверка і тых жа дыпломных: самае галоўнае, каб коскі і кропкі ў спісе літаратуры былі пастаўлены слушна ды нумарацыя старонак не саскочыла. Што там усярэдзіне — гэтая інфармацыя для праверкі лішняя. На тле такога напiсанне на замову канспекта прачытанай лiтаратуры ўвогуле не выглядае нечым страшным. Але выглядае смешным. Такiм смешна-сумным. Ды не, проста сумным.
Сумна, калi студэнт, што вучыць псiхалогiю — псiхалогiю! — працягвае верыць у канспiралагiчныя тэорыi, прыкметы, забабоны, паразiтаў ды розныя iншыя падобныя рэчы. Сумна, калi дзяўчына-аднагрупнiца пасля трэцяй пераздачы не разумее, «у чым жа справа?», i едзе паставiць свечку ў царкву, каб на апошнi раз дапамагло. Замест таго, каб нешта вывучыць. Памятаю iншы выпадак: на трэцюю пераздачу iншая аднагрупнiца прыйшла са сваёй цёткай. Функцыя цёткi, дарослага быццам чалавека, была ў тым, каб малiць выкладчыцу паставiць нарэшце залiк. Выкладчыца вельмi не хацела ставiць залiк, таму што, паводле датаў у адказе дзяўчыны, Рэч Паспалiтая праiснавала ўсяго два гады (ну саскочылi лiчбы ў шпаргалцы, з кiм не бывае?). Але такiх прынцыповых выкладчыкаў усё роўна на пяты раз проста прымушалi з дэканату.
Сумна, калi выкладчык вышэйшай матэматыкi выкарыстоўвае лекцыi, каб прадаваць сваю кнiгу… па астралогii! Яшчэ больш сумна, што студэнтаў яна цiкавiць нашмат мацней за вышэйшую матэматыку.
Увогуле, выкладчыкi — гэта асобная тэма. Таленавiтыя i добрыя выкладчыкi засталiся, але iх зусiм няшмат. Напэўна, адэкватныя людзi ўжо не вытрымлiваюць працы ў такiх умовах. А большасць — гэта людзi, проста не вартыя звання «выкладчык». Я паступiла ў БДПУ у 2014-ым — у разгар украiнскiх паслямайданавых падзей, i першыя тры гады амаль на ўсiх лекцыях слухала пра страшных бандэраўцаў i злосных амерыканцаў. Другая папулярная тэма была — дармаедскi дэкрэт i як ён карысны для нашай краiны. Не, я зусiм не супраць палiтычнай асветы на лекцыях — але калi гэта сапраўды асвета, а не цемрашальства.
Унiверсiтэты часта пры аўтарытарных рэжымах робяцца бастыёнам iнтэлектуальнасцi i свабоды — у нашым выпадку ўсё наадварот. Таму i не дзiўна, што такiя выкладчыкi зусiм не зацiкаўленыя паразмаўляць са студэнтамi грунтоўна i глыбока па прадметах, а правяраюць толькi нейкiя фармальныя адпаведнасцi пастаўленым нарматывам i задачам. Хаця часам i проста згаджаюцца на вышэйузгаданую пляшку каньяку.
…Я сядзела і чакала сваёй чаргі на дзяржыспыце, і слухала адказ аднагрупніцы, якая ніяк не магла, насуперак усім падказкам дзяржкамісіі, узгадаць аўтара фiзiялагiчнай класіфікацыі тэмпераментаў (у падказках гэта гучала як «той самы з сабачкамi»). Каб было з чым параўнаць: Паўлаў для псіхолага — гэта прыкладна як Ньютан для фізіка. Вы ўяўляеце сабе фізіка, які не ведае Ньютана?
I неяк стала мне зусiм крыўдна i за Паўлава, i за ўсiх астатнiх, каго яны зусiм не намагалiся запомнць i зразумець, i за ўсю спецыяльнасць, якая ўсё ж будзе пазначана ў ciнiх скарынках. I ўвогуле за веды як такiя, цiкавыя i карысныя веды, якiя фармуюць светапогляд, ствараюць асобу, натхняюць на адкрыццi i рухаюць наперад свет. I можна, канешне, абвiнавацiць мяне ў марных iлюзiях, у тым, што я жыву ў свеце ружовых адзiнарогаў i што ў рэчаiснасцi ўсё даўно ўжо так, як яно ёсць, i ўсе да гэтага прызвычаiлiся… Але хвiлiначку. Хвiлiначку. Мяне проста так выхоўвалi: бацькi, кнiгi, фiльмы, ды я сама — выхоўвалi з разуменнем, што веды — гэта цiкава i каштоўна. Выхоўвалi жыць без хлуснi. А выдаваць дыпломы людзям, у якiх зусiм пуста ў галаве, — гэта хлусня. I атрымлiваць дыплом такiм коштам — гэта хлусня.
Дэвальвацыя ведаў палохае мяне нашмат больш за грашовую. Таму што калi людзi iмкнуцца не да ведаў, не да спазнання свету, не да адказаў, што не так з нашым грамадствам i што рабiць, каб жыць годна, а да таго, каб, слушна расстаўляючы коскi ў спiсе лiтаратуры, атрымаць скарынку, у якой напiсана хлусня — такiя людзi могуць навучыцца толькi падпарадкоўвацца, але не думаць. Цярпець, але не змагацца. Хлусiць, а не казаць праўду. А такiмi рэчамi шчаслiвае грамадства i моцная краiна не будуюцца.