Дняпроўскі рубеж
Улады не знайшлі часу, каб хоць крыху добраўпарадкаваць мемарыяльны комплекс «Дняпроўскі рубеж», які размешчаны ў Шклоўскім раёне на месцы баёў салдат 18-й казанскай (татарскай) стралковай дывізіі.
Улады не знайшлі часу, каб хоць крыху добраўпарадкаваць мемарыяльны комплекс «Дняпроўскі рубеж», які размешчаны ў Шклоўскім раёне на месцы баёў салдат 18-й казанскай
(татарскай) стралковай дывізіі.
5 ліпеня 1941 года 18-я казанская (татарская) стралковая дывізія па загадзе камандуючага 20-й арміяй генерал-лейтэнанта Ф. М. Рэмезава заняла абарону паблізу горада Шклова, пачала ўзводзіць абарончыя
збудаванні і ў цяжкіх баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі мужна трымала абарону да 19 ліпеня 1941 года. Большая частка салдат 18-й дывізіі загінула ў няроўных баях, усяго ў ліпені 1941 года на
беразе Дняпра палегла каля сямі тысяч воінаў.
Такое стаўленне ўладаў Шклоўскага раёна да ўшанавання памяці загінуўшых воінаў выклікае вялікае здзіўленне, тым больш, што яшчэ напачатку чэрвеня старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік
паставіў задачу: да святаў навесці парадак на ўсіх мемарыяльных комплексах, месцах баявой і воінскай славы, пахаваннях воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны (усяго такіх аб’ектаў у
Магілёўскай вобласці 2078). Здаецца, загад старшыні аблвыканкама для кіраўнікоў Шклоўскага раёна неабавязковы.
«У нас наводзяць «паказуху» там, дзе можа кінуць вока высокае начальства, а там, дзе ў 1941 годзе загінулі тысячы людзей, нават палец аб палец не стукнулі. Калі б
яны памяталі, хто за іх тады паміраў, навялі б хоць элементарны парадак. Але ж ім лепш адзначаць перамогі і імі ганарыцца», — скардзіцца ініцыятар узвядзення мемарыяльнага комплексу
Міхаіл Кучарэнка.
Дапамагчы шклоўскім уладам 5 ліпеня вырашылі актывісты кампаніі «Гавары праўду!» са Шклова і Бялыніч. І ўжо праз дзесяць хвілін пасля таго, як яны пачалі наводзіць парадак на
«Дняпроўскім рубяжы», на мемарыял прыехалі супрацоўнікі Шклоўскай міліцыі. Яны сказалі, што ў райаддзел патэлефанавалі мясцовыя жыхары і паведамілі, што на мемарыяльным комплексе
знаходзяцца незнаёмыя людзі, якія немаведама што робяць. Хто менавіта званіў, супрацоўнікі міліцыі патлумачыць не пажадалі.
«Мы патлумачылі міліцыянерам, што з’яўляемся актывістамі кампаніі «Гавары праўду!», уручылі ім візітоўкі Уладзіміра Някляева і прапанавалі дапамагчы ва ўборцы
тэрыторыі комплексу, — расказаў актывіст кампаніі Алег Мяцеліца. — Супрацоўнікі міліцыі нашу прапанову не падтрымалі, спаслаўшыся на тое, што вельмі занятыя па
службе.