Дробныя радасці рабоў: зніжкі на квіткі і каву ў абмен на будучыню

Абыякавыя да сваёй краіны і будучыні падлеткі ідуць у БРСМ па танную каву, дармавыя квіткі і апраўданыя прагулы. Сёння іх прымушаюць уступаць у БРСМ, заўтра — у камсамол, потым прымусяць адно аднаго раскулачваць і канцэнтрацыйныя лагеры будаваць.

photo_2023_06_05_13_55_33.jpg


На Гомельшчыне распачалося чарговае «Працоўнае лета» — пра гэта я даведалася ад суседкі Максімаўны, сустрэўшы тую па шляху з крамы. Жанчына распавядала пра рамантыку будаўнічых атрадаў часоў СССР, і як на будоўлі цялятніка ў далёкім саўгасе пазнаёмілася з будучым мужам. Нядоўгая гісторыя была прыпраўленая ўспамінамі аб запечанай на вогнішчы бульбе, начных шпацырах, спевах пад гітару, рыбалцы, вялізных камарах і першых заробленых (няхай і невялікіх) грашах, піша Мар’яна Ліс у сваім блогу на «Штодні».

— Гэта ж непаўторны досвед для моладзі! — Максімаўна ўзняла нафарбаваныя бровы. — Часы былі залатыя, так і жылі: з юнацтва да працы прывучаліся, адказнасці і дысцыпліне вучыліся. Сяброўству! І якасці маральныя гадавалі, і дзяржаве дапамагалі, і час на карысць бавілі, — а потым стала казаць яшчэ гучней, азірнуўшыся на знаёмых прахожых: — Як жа добра, што наш камсамол, ці той БРСМ, гэтыя традыцыі працягвае! Унука майго, Уладзя, у студэнцкі атрад запісалі! Ён жа выдатнік у нас, актывіст! Лепш за ўсіх у тэхнікуме навучаецца! Сабралі, во, дзетак, на плошчы ды пуцёўкі выдалі. Хто на завод, хто на будоўлю, а хто на мора ў Расію паехаў. Бясплатна! Бач ты! Во як пашчасціла! Яшчэ і грошай сабе на камп’ютары заробяць!

Праз пару дзён я сустрэла ў ліфце Уладзя:

— Ну, расказвай, актывіст, куды адправішся, як табе пашчасціла? Ці многа плаціць абяцаюць?

— Бабуля пахвалілася? — паскроб шыю Уладзь.

— А хто ж.

— Ну… Такое сабе. Не ведаю, як я ў той атрад патрапіў. Расфарміравалі неяк… Сам і не пісаў нічога…

— Ад БРСМ-у?

— Мабыць, — кіўнуў хлопец.

— Дык мо і ў БРСМ не ведаеш, як патрапіў?

Уладзь засмяяўся:

— Як усе патрапіў. Прыходзілі дзядзькі, пра бонусы распавядалі. У кінатэатры і басейны бясплатна хадзіць можна, сэканды і кафэшкі са зніжкай. Квіткі на хакей і канцэрты. Ад вучобы вызваляюць, калі на мерапрыемства якое…

— А ад вас што патрабуецца?

— Узносы раз на паўгода. Некалькі рублёў, дробязь.

Мы выйшлі з ліфта, але я не адчаплялася:

— Дык а сэнс які? Навошта ў той саюз уступаць?

— Я ж толькі што патлумачыў! — вытарашчыў бляклыя вочы Уладзь і бегам паспяшаўся да сяброў, якія чакалі яго на турніках у двары.

Шчыра кажучы, я чакала ад падлетка (актывіста і выдатніка) будзь-якіх слоў пра «ствараць будучыню», «поўніцца энтузіязмам» і «фантанаваць новымі ідэямі», але, падобна, акрамя тоўстых пасівелых камсамольцаў, гэтыя заклікі нікому ў арганізацыі не знаёмыя.

Абыякавыя да сваёй краіны і будучыні падлеткі ідуць у БРСМ па танную каву, дармавыя квіткі і апраўданыя прагулы. Беспрынцыповыя і бязвольныя — яны ўступяць куды заўгодна, каб прасцей жылося. Ім не трэба думаць — усё прыдумаюць за іх.

Сёння іх прымушаюць уступаць у БРСМ, заўтра — у камсамол, потым прымусяць адно аднаго раскулачваць і канцэнтрацыйныя лагеры будаваць.

А выйсці з гэтай арганізацыі, якая не мае ні мэты, ні сэнсу, ні нацыянальнай ці ўвогуле якой-небудзь ідэі (акрамя саўковай ідэалогіі КПСС), бывае ох як цяжка…

А што тычыцца студэнцкіх і будаўнічых атрадаў — з часам спатрэбіцца нямала рашучых, мэтанакіраваных, крэатыўных і сумленных дабравольцаў — тых, каму не трэба дармавыя квіткі і піражкі, тых, хто будзе будаваць новую, вольную Беларусь і займаць у ёй сваё месца.