Двухмоўя не існуе

Міжнародны семінар па моўнай сітуацыі правялі ў Мінску АБСЕ і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў. Прадстаўнікі 15 міністэрстваў і іншых дзяржаўных ведамстваў абмеркавалі праблему забеспячэння роўнасці моў у Беларусі.

Адзінай грамадскай арганізацыяй, запрошанай на гэта мерапрыемства, стала Таварыства беларускай мовы. Яно адбылося 18 лістапада, і праходзіла пад назвай “Прававое рэгуляванне ўжывання дзяржаўных моў у краінах з некалькімі дзяржаўнымі мовамі.

Міжнародны семінар па моўнай сітуацыі правялі ў Мінску АБСЕ і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў. Прадстаўнікі 15 міністэрстваў і іншых дзяржаўных ведамстваў абмеркавалі праблему забеспячэння роўнасці моў у Беларусі.
Адзінай грамадскай арганізацыяй, запрошанай на гэта мерапрыемства, стала Таварыства беларускай мовы. Яно адбылося 18 лістапада, і праходзіла пад назвай “Прававое рэгуляванне ўжывання дзяржаўных моў у краінах з некалькімі дзяржаўнымі мовамі.
Намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім адзначыла, што ўпершыню гаворка пра моўную сітуацыю ў Беларусі вялася на такім высокім узроўні.
“І ўпершыню нашы чыноўнікі мусілі прызнаць праблемы, якія існуюць у нашай моўнай палітыцы, — сказала яна. — Юрыдычна дэклараванае двухмоўе насамрэч у нашай краіне не існуе. За 15 гадоў, якія прайшлі пасля рэферэндуму і абвяшчэння двухмоўя, нічога зроблена не было. Не ўведзена ніякіх механізмаў рэалізацыі двухмоўя, не створана ніякай заканадаўчай базы, якая б не проста дэкларавала, але забяспечвала роўнасць моў. Мала таго, мы ўсе мусілі прызнаць відавочны рэгрэс у гэтай справе.
Прадстаўнікі ТБМ засяродзілі ўвагу на скарачэнні колькасці вучняў, якія навучаюцца па-беларуску, і колькасці гадзін на вывучэнне беларускай мовы. “Ну, напрыклад, выкінулі са школьнай праграмы выкладанне гісторыі і геаграфіі па-беларуску. У пачатковых класах на рускую мову адводзіцца шэсць гадзін, а на беларускую — тры. А чаму не шэсць, калі раўнапраўе? — сказаў кіраўнік ТБМ Алег Трусаў.
У семінары ўзялі ўдзел шматлікія дзяржаўныя ўстановы. Гэта і прадстаўнікі міністэрстваў гандлю, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, культуры, інфармацыі, адукацыі, юстыцыі, Дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Дзяржкамітэта па маёмасці, Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў, Мінгарвыканкама, Белдзяржуніверсітэта, Інстытута мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук.
Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў паабяцаў, што з наступнага года будуць рабіць законы на дзвюх мовах. Міністэрства культуры паведаміла, што ўсё справаводства яны вядуць ужо па-беларуску. А зараз пераходзяць на беларускамоўнае справаводства і з іншымі міністэрствамі. Таксама Міністэрства культуры падтрымала зварот ТБМ да прэзідэнта, каб абвясціць 2011 год Годам роднай мовы. Праўда, са свайго боку дадала — годам роднай мовы і культуры. А юрысты распавялі пра працу над беларускамоўнымі юрыдычнымі слоўнікамі.
Досведам забеспячэння роўнасці моў у сваіх краінах падзяліліся прадстаўнікі Ірландыі і Фінляндыі. Раней, у ліпені і верасні, АБСЕ арганізавала паездкі ў гэты краіны беларускіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў ТБМ. Там беларускія ўдзельнікі даведаліся, як забяспечваецца і дзейнічае на практыцы двухмоўе “па еўрапейскім стандарце.
“Безумоўна, нам і не снілася тое, што маюць шведы ў Фінляндыі, — падкрэсліла Алена Анісім, якая наведала гэту краіну. —  Там, напрыклад, дзейнічае дзяржаўны тэлеканал з вяшчаннем на шведскай мове па ўсёй краіне, дзе шведы складаюць усяго толькі каля 6 працэнтаў. А ў нас 53 працэнты людзей, якія назвалі беларускую мову роднай, не маюць ніводнага дзяржаўнага тэлеканала па-беларуску. У Фінляндыі 16 універсітэтаў, з іх тры — на шведскай мове, шэсць — двухмоўныя. А ў Беларусі няма ніводнай беларускамоўнай ВНУ. Таму сітуацыя непараўнальная з нашай. 
На семінары ўзгадалі і пра юрыдычныя нюансы двухмоўя ў Беларусі. Канстытуцыйны суд прызнаў, што Закон аб мовах не адпавядае Канстытуцыі. У ёй запісана, што дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца беларуская і руская мовы. А Закон аб мовах дазваляе ігнараваць адну з гэтых моў. Ён не забяспечвае абавязковае ўжыванне беларускай мовы. А прадугледжвае выбар — можна карыстацца беларускай ці рускай мовай. Такім чынам, на заканадаўчым узроўні роўнасць моў не замацоўваецца. Але вырашэнне гэтага пытання — унясенне неабходных паправак у Закон аб мовах  — на парадку дня ў Палаце прадстаўнікоў не значыцца.
“З іншага боку, грамадства мусіць таксама не заспакойвацца і не чакаць, пакуль ім ўсё паднясуць на талерачцы. Асабліва зважаючы на тое, што ніхто і не збіраецца гэтага рабіць. Трэба варушыцца і турбаваць і таварыства, і розныя службы, і органы ўлады, — мяркуе Алена Анісім. Паводле яе меркавання, толькі намаганнямі грамадскіх аб’яднанняў апошнія гады ўтрымлівалася пазіцыя беларускай мовы ў грамадстве. А з боку чыноўнікаў не было рэальных крокаў, якія б сведчылі пра забеспячэнне ў дзяржаве роўнасці моў. “Мы бачым толькі нейкія кропкавыя знакі, — сказала намеснік старшыні ТБМ.
Яна лічыць асабліва важным, каб самі людзі карысталіся беларускай мовай. І тады чыноўнікі і іншыя службоўцы будуць на гэта зважаць. “Я прывяду адзін прыклад, — зазначыла Алена Анісім. — Да нас прыходзіла жанчына, якая распавяла, што па яе просьбе ёй аформілі на беларускай мове паперы і на спадчыну дома ў Мінскім раёне, і на кватэру ў Мінску, і даверанасць на валоданне машынай. Прычым без вялікіх праблем. Дзівіліся, казалі, што ўпершыню з гэтым сутыкаюцца, але зрабілі.
Алег Трусаў прапанаваў прысутным выкарыстаць вопыт Ірландыі і Фінляндыі па забеспячэнні роўнасці дзяржаўных моў. Стварыць у Беларусі дзяржаўны камітэт ці міністэрства па справах беларускай мовы, а таксама адпаведныя структуры ва ўсіх міністэрствах і ведамствах. І праводзіць штогадовыя парламенцкія слуханні па пытаннях аб стане беларускай мовы і перспектывах яе развіцця.
Старшыня ТБМ мяркуе, што “нешта будзе рабіцца дзяржаўнымі структурамі. Ён звярнуў увагу на іх разнастайнае прадстаўніцтва на гэтым мерапрыемстве, і на тое, што яны пайшлі на абмеркаванне нязручнага пытання. “Так што я лічу, што гэта чарговы крок, хай і невялікі, але крок наперад, — рэзюмаваў Алег Трусаў.