Ды-джэі адраджэння адзначылі выпускны

У Мінску ў дзясяты раз абвесцілі пераможцаў курсаў «Ды-джэі адраджэння». За плячыма ўдзельнікаў засталіся тысячы кіламетраў вандровак па краіне і сотні мерапрыемстваў на карысць беларушчыны.



paviel_sieviaryniec_vinshuje_pieramozcu_paula_dziusiekava_logo.jpg

Павел Севярынец віншуе пераможцу Паўла Дзюсекава

Самай напружанай апынулася схватка за першае месца, на якое прэтэндавалі 2 чалавекі. У выніку пераможцам стаў ужо вядомы чытачам «Новага часу» экскурсавод Павел Дзюсекаў.

dzus2402_logo.jpg

Выступае пераможца курсаў Павел Дзюсекаў.Фота: Арцём Лява.

Аднак, сам маладзён сцвярджае, што без свайго галоўнага канкурэнта — грамадскага культурніцкага актывіста Алеся Мазаніка, ён не здолеў бы дасягнуць такіх поспехаў. У выніку барацьбы абодва набралі больш за 2 тысячы балаў. За кожным балам — як мінімум адзін чалавек, якога зацікавіла беларушчына. Павел здолеў абыйсці калегу ўсяго на 150 балаў. Найбольшых поспехаў ён дасягнуў у беларускіх школах.

«Я прыходзіў у незнаёмую школу, — распавядае пераможца, — казаў, што, вось, я экскурсавод, па адукацыі настаўнік, хачу правесці вашым дзецям шоў-віктарыну, звязаную з беларускай мовай, літаратурай культурай і гісторыяй. 92 урокі — гэты быў цэлы марафон з сярэдзіны студзеня да сярэдзіны лютага, гэта было крута. Адначасова мне крышачку сумна таму, што новыя мадэлі айфонаў выходзяць, але дзеці ў школах робяцца слабейшымі, і мяне гэта вельмі турбуе».

Мерапрыемствы сярод удзельнікаў курсаў прынята называць гучным словаспалучэннем «шоў беларушчыны». Заснавальнік курсаў Павел Севярынец тлумачыць гэта проста: «Беларускасць сама па сабе прадстаўляецца нечым сціпленькім, нябачным. Падаецца, якое тут можа быць шоў? Але ды-джэі праходзяць такую падрыхтоўку, што калі яны робяць віктарыну, дзеці вітаюць іх воплескамі, а настаўніцы запрашаюць яшчэ і яшчэ».

Каб дасягнуць гэтакага прафесіяналізму, будучым ды-джэям спатрэбілася 4 месяцы.

adz_n_z_vipuskn_ko_kursa_di_dzheja_adradzhennja_lean_d_skarabagati_zav_ta_na_vipuskni_logo.jpg

Адзін з выпускнікоў курсаў ды-джэяў адраджэння Леанід Скарабагаты завітаў на выпускны

«У лістападзе мінулага году мы набралі каля трыццаці чалавек, якія прайшлі тэст і каля дваццаці з іх пайшлі на навучанне, — працягвае Павел Севярынец, — Кожны аўторак у нас было 12 заняткаў, і яны навучаліся, як правільна выступаць, як працаваць са сродкамі масавай інфармацыі, як арганізоўваць кампаніі і акцыі. Яны атрымлівалі ўсебаковую адукацыю, і ўжо апошнія заняткі былі практычныя: трэба было выязджаць кудысьці ў школу ці ў беларускае мястэчка, праводзіць мерапрыемства (шоў, вечарыну, акцыю і так далей) беларускае па форме хрысціянскае па змесце».

Хрысціянскі складнік —  яшчэ адна адметная рыса курсаў.

«Тысячу гадоў Беларусь жыла менавіта як хрысціянская дзяржава, —  тлумачыць Севярынец, —  беларускасць —  неадрыўная ад хрысціянства, і таму быць беларусам — гэта як мінімум ведаць хрысціянства. Беларусь без Бога, без Бібліі, без царквы, на мой погляд, гэта пустое. Таму курсы нясуць і беларускую форму і хрысціянскі змест. У курсаў асветніцкая задача ў першую чаргу, але калі людзі прыходзяць да Бога, то мы гэта толькі вітаем».

pa_lu_sevjarincu_josc_k_m_ganaricca_logo.jpg

Паўлу Севярынцу ёсць кім ганарыцца

А хай не падасца дзіўным тое, што другі пераможца курсаў Алесь Мазанік лічыць сябе паганцам.

«Гэта вера маіх продкаў, —  кажа Алесь, —  я не збіраюся хрысціцца, аднак курсы дазволілі мне паглядзець на жыццё праз тое, што калі я хачу, каб хрысціяне мяне чулі, то мне трэба да іх звяртацца як хрысціянін. Я на сваім прыкладзе вучу, як можа будучы прадстаўніком іншай рэлігіі рабіць вартыя хрысціянскія рэчы».

Дарэчы, для Алеся Мазаніка культурніцкія праекты — правядзенне імпрэзаў, канцэртаў, выданне кружэлак — гэта штодзённая праца вось ужо 10 гадоў. Але ён сцвярджае, што курсы дазволілі яму перайсці ў сваёй дзейнасці на новы ўзровень.

«Я сапраўды вынес для сябе нейкія новыя шляхі развіцця, але разам з тым, я разумею, што трэба вельмі шмат змагацца. А самае галоўнае, каб як мага больш людзей да гэтага далучалася, бо, колькі б не было нас ды-джэяў, мы толькі адны з прадстаўнікоў. Кожны чалавек мусіць задумацца, калі ён хоча, каб Беларусь была беларускай, ён павінен да гэтага імкнуцца, нешта рабіць, штодня рухацца ў гэтым накірунку».

Але ж самая драматычная гісторыя адбылася з уладальніцай трэцяга месца —  Кацярынай Парыжаскай. Адна з самых маладых удзельніц курсаў ды-джэяў адраджэння, студэнтка гістфаку БДУ і журналістка напярэдадні курсаў перажывала моцны крызіс веры ў беларушчыну.

kacjarina_parizhaskaja_logo.jpg

Кацярына Парыжаская

«Я расчаравалася ў самой нацыянальнай ідэі, — прызналася дзяўчына, — стала задавацца пытаннем, ці існуе ўвогуле беларуская нацыя? Я згубіла каляровасць гэтага жыцця, усё стала такое шэрае і непрыгожае, я не бачыла сваёй далейшай будучыні без беларушчыны. І вось я трапіла на курсы, дзе мяне ўсё ж такі змаглі пераканаць у адваротным, за што вялізарны дзякуй спадару Паўлу Севярынцу. Беларусь будзе жыць толькі калі ёй дапамагаць».

Цяпер Кацярына плануе рабіць культурніцкія акцыі для дзяцей. «Я не хачу прапаведаваць сярод дарослых, але я бачу наколькі гэта важна для беларускіх дзяцей. Яны самыя ўдзячныя слухачы, а кінутае сярод іх зярнятка можа вырасці, калі мы ім дапаможам».

lepshija_z_lepshih_logo.jpg

Лепшыя з лепшых

Ну, а прыз, які абяцаў пераможцы Зміцер Дашкевіч, не дастаўся аніводнаму з сёлетніх выпускнікоў. «Кацяня прыручылі дзяўчаты з «Нашай нівы», таму датэрмінова гэты прыз сышоў. Кацяня ў добрых руках», — сказаў Павел Севярынец. Можа, яно і да лепшага?

Фота Ганна Мызенка