Дыктоўкі на роднай мове адбудуцца ў розных беларускіх гарадах 21 лютага

«Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» рыхтуе беларускія дыктоўкі да Дня роднай мовы.

vitebskij_kurer_razmery_sobytiya2_1.jpg

21 лютага ў Гродне ў «Цэнтры гарадскога жыцця» адбудзецца традыцыйная беларуская дыктоўка, паведамляе racyja.com. Пра яе цяперашнія асаблівасці распавядае кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ Вітаўт Парфёненка:
— Да нашай вячэрняй праграмы далучаюцца прадстаўнікі «Саюза беларускіх пісьменнікаў», якія ў пачатку мерапрыемства павінны ўручыць ганаровы дыплом першаму рэгіянальнаму лаўрэату ў пісьменніцкім беларускім асяроддзі рэгіёну — Антаніне Хатэнка, якая прыедзе з Мінску. Таксама мы папросім яе як лаўрэата прачытаць дыктоўку. У гэтым годзе мы абралі сярод вялікай колькасці годных людзей такога творцу як Аляксей Карпюк, якому спаўняецца 100 гадоў. Будзе зачытаны ў якасці тэксту для дыктоўкі фрагмент яго вядомага твора «Данута».
На думку Вітаўта Парфёненку, акрамя самой дыктоўкі на мерапрыемстве чакаюцца і іншыя культурныя сюрпрызы:
— Будзе яшчэ і музычная частка. Мы ўпэўненыя, што будзе ў чымсьці па-хатняму прыемна ўбачыць знаёмых людзей, але ў іншым амплуа. Створаны гурт NZ, у які ўваходзяць гродзенскія літаратары, выканае некаторыя свае творы, якія яны адмыслова для гэтай дыктоўкі рыхтавалі. Вянком нашага мерапрыемства стане выступ Аляксандра Дзянісава. Паабяцаў выканаць некалькі сваіх уласных песень і з вершаў Уладзіміра Караткевіча, якому ў гэтым годзе споўнілася б 90 гадоў.
Гэтая гродзенская дыктоўка стане ўжо 13-й па ліку, які праводзіцца недзяржаўнымі арганізацыямі. Таксама плануецца, што дыктоўкі, у якіх актыўны ўдзел прымуць сябры ТБМ, пройдуць і ў іншых гарадах і вёсках Гарадзеншчыны.
У Магілёве дыктоўка адбудзецца 21 лютага ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К.Маркса сумесна з Магілёўскай гарадской арганізацыяй «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны». Дыктоўка «Прага ды ведаў» прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.
Праверыць пісьменнасць І напісаць дыктоўку па беларускай мове змогуць усе жадаючыя. Дыктоўка пачнецца ў 16.00. Працы ўдзельнікаў праверыць прафесійны філолаг. Арыгінал тэкста і вынікі дыктоўкі будуць размешчаны на сайце бібліятэкі. Папярэдні запіс абавязковы.
Таксама на працягу дня можна: - прыняць удзел у турніры знаўцаў роднай мовы «Такія знаёмыя назвы і словы, такая цудоўная родная мова»;
- пазнаёміцца з выставай «Беларуская кніга: рэпертуар для моднага чытання»; - адказаць на пытанні тэста на пісьменнасць «Пішы па-беларуску» на сайце бібліятэкі. Больш падрабязная інфармацыя па тэлефоне: 22 95 78.