Дыскрымінацыя мовы. Паланізацыя і русіфікацыя — два бакі аднаго медаля

І ў часы ВКЛ, і ў сённяшнія дні беларуская мова выціскаецца мовай каланізатараў. Толькі раней тое рабіла польская, а цяпер — руская. І ў нашы дні ўсё нашмат страшней.

На набярэжнай Брэста. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

На набярэжнай Брэста. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Адмова ад дзяржаўнасці беларускай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVII ст. праходзіла падобным чынам, як цяпер праходзіць у Рэспубліцы Беларусь. У першым выпадку беларускую замяніла польская, у другім замяняе (працэс яшчэ не завяршыўся) расійская. Зразумела, маюцца адрозненні, бо эпохі іншыя і грамадскія працэсы ў найноўшы час ідуць хутчэй, чым у новы. У чым паралелі і адрозненні, і ці ёсць шанец уратаваць беларускую мову ў нашы дні? Піша на «Будзьме»Канстанцін Семяновіч.

У Вялікім Княстве Літоўскім беларуская была рэальнай дзяржаўнай некалькі стагоддзяў: ад ХІІІ да XVI-га. У БССР і Рэспубліцы Беларусь сапраўдны дзяржаўны статус яна мела каля дзесяцігоддзя (з перапынкамі): у 20-я і ў першай палове 90-х гадоў ХХ ст.

Схема страты дзяржаўнасці мовы

Тады, у XVIІ ст., не ўсё было так дрэнна, змена мовы непасрэдна датычыла двух грамадскіх станаў — шляхты і мяшчанства, якія часцей пісьмовай мовай карысталіся. Сялян, г. зн. абсалютную большасць насельніцтва, тое амаль не закранула, яны працягвалі жыць па запаветах бацькоў — са сваёй мовай і жыццёвым ладам. Тым беларускую мову і ўратавалі, данёсшы яе да найноўшага часу, калі ў ХІХ ст. мова стала галоўным крытэрыем нацыянальнай ідэнтыфікацыі і падставай для ідэалогіі нацыяналізму.

У сённяшнія дні страта дзяржаўнага статусу беларускай мовы нашмат больш небяспечная, дакладней, смяротна небяспечная, бо працэс мае татальны характар і закранае ўсе грамадскія cлаі.

І ў новым часе, і ў найноўшым схема праглядаецца даволі падобная: дзяржаўнасць мовы з рэальнай ператвараецца ў фармальную, потым гэты статус здымаецца. У Вялікім Княстве Літоўскім тое заканадаўча замацавалі напрыканцы XVIІ ст., Рэспубліка Беларусь да таго набліжаецца, хоць яшчэ захоўваецца варыятыўнасць — магчымасць больш аптымістычнага сцэнара, бо ў гісторыі ўсякае бывае.

Замена мовы ў XVII стагоддзі

29 жніўня 1696 г. канвакацыйны сойм Рэчы Паспалітай (канвакацыйны — г. зн. першы ў перыяд бескаралеўя, 17 чэрвеня памёр Ян Сабескі) у першы дзень працы прыняў пастанову пра «зраўнанне правоў» (coaequatіo jurium) станаў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага.

Фактычна гэта было чарговым крокам да ўніфікацыі, дапасавання Літвы да Польшчы (цытата з пастановы: «Прыступаем да правоў і звычаяў Польскай Кароны»), праўда, агаворвалася выключэнне адносна Літоўскага статута — ён заставаўся ў сіле. Быў прафесійна зроблены, у Кароне яго перакладалі на польскую і таксама карысталіся, бо, як напісаў вядомы польскі гісторык права Юліуш Бардах: «Карона не змагла стварыць сістэматычную кадыфікацыю права, падобную да літоўскай».


Глядзіце таксама

Пра замену беларускай (паводле тагачаснай тэрміналогіі — рускай) мовы на польскую ў той пастанове згадваецца двойчы. Найперш судовых пісараў абавязалі рабіць выпіскі з рашэнняў судоў па-польску, а не па-руску. Далей «усе рашэнні ад гэтага часу павінны быць выданыя на польскай мове, даўнейшыя акты, запісы, пастановы, паказанні застаюцца ў сіле».

Прычына адмовы ад беларушчыны ў Рэчы Паспалітай

Галоўная прычына адмовы ад беларушчыны — паланізацыя шляхты (пра прычыны — асобная гаворка), якая зайшла так далёка, што польская, прынамсі ў публічным жыцці, цалкам замяніла родную мову, і тая стала ўспрымацца як непатрэбная. Працэс ішоў даволі доўга, некаторыя даследчыкі выводзяць яго пачаткі яшчэ з канца XV ст., і праходзіў ён «па класіцы» з пераходным перыядам беларуска-польскай трасянкі.

Як ілюстрацыю можна прывесці вытрымку з успамінаў пачатку XVІІ ст. шляхціца Хведара Еўлашэўскага, праваслаўнага чалавека, які прыняў пратэстанцтва. Прачытаўшы адзін сказ з пачатку яго мемуараў: «А яко мелом вядомость од родичов, же в рок по уроженю моем премовилэм до отца моего "абба", с чого се они урадовали», так і хочацца ўсклікнуць — дык гэта ж суцэльная пальшчызна! (Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVІІ ст. Мн.: Навука і тэхніка, 1983. С. 32). Навукоўцы назвалі гэта па-свойму, далікатна: «Мова Еўлашоўскага густа насычана паланізмамі». І гэта чалавек, якога «а в пятом року (у 1551 г.К. С.) почато ме бавить наукою рускою, кгды ж в тых часех в тэй нашей строне не было еще инших наук».

Выцясненне беларускай мовы ў сённяшняй Беларусі

У цяперашняй Рэспубліцы Беларусь адмова ад беларушчыны ідзе тым жа шляхам, толькі ўжо закранае не асобныя пласты насельніцтва, а ўсіх грамадзян без выключэнняў.


Глядзіце таксама

Выцясненне беларускай мовы з практыкі як грамадскага, так і прыватнага жыцця — прамая дарога да адмовы ёй у дзяржаўным статусе, які і так ужо чыста фармальны. Наступны прыпынак канцавы — небыццё мовы і поўная асіміляцыя насельніцтва, ператварэнне Беларусі ў расійскі рэгіён кшталту Урала, Кубані і да т. п. з пэўным «мясцовым каларытам».

Праўда, шанец уратавацца яшчэ ёсць: гаворачы мовай палітолагаў, воля кваліфікаванай меншасці вядзе за сабой некваліфікаваную большасць. Вось як ва Украіне за 30 гадоў незалежнасці ўкраінская мова заняла цвёрдыя пазіцыі нават ва ўсходняй частцы краіны, здаўна русіфікаванай. А ўвогуле ўнікальны прыклад нам падала дзяржава Ізраіль, дзе габрэі ажывілі і паднялі да ўзроўню рэальнай дзяржаўнай старажытную мову іўрыт.