«Дыскурс пра пакаранні пранік ва ўсе сферы жыцця»
«Што рабіць, каб выкараніць гендарную няроўнасць? Адна з прапаноў рэспандэнтаў — замацаваць гендарную роўнасць на заканадаўчым узроўні, а за парушэнні ўвесці адміністрацыйную адказнасць».
Фемсуполка Каардынацыйнай рады прадставіла вынікі вялікага даследавання «Уяўленні беларускага грамадства пра гендарную роўнасць». Што беларусы думаюць пра роўнасць правоў і чаму ставяць гендарнае пытанне на апошняе месца ў пераліку актуальных для краіны праблем?
У рамках праекта, які ажыццяўляецца пры падтрымцы «Women in Europe Foundation» і «Tu-Was Foundation of Gemeinsinn», на пытанні пра гендарную роўнасць і дыскрымінацыю адказалі ў траўні-чэрвені 2023 года 402 беларусы і беларускі — жыхары вялікіх гарадоў ва ўзросце 18+.
Такой выбаркі, адзначае адна з аўтараў даследавання, удзельніца Фемсуполкі КР, магістарка сацыялогіі Алена Агарэлышава, недастаткова, каб гаварыць пра ўсіх грамадзян Беларусі, але дастаткова, каб убачыць асноўныя тэндэнцыі.
Рэспандэнтаў спыталі пра найбольш актуальныя для Беларусі праблемы. У топ-3 трапілі пытанні эканомікі: нізкая зарплата (хвалявала 76,6% апытаных), нестабільная эканамічная сітуацыя (45,5%), эканамічны недабрабыт часткі насельніцтва (44,5%). Значна менш востра ўспрымаецца, напрыклад, палітычная сітуацыя (31,6%) або забруджванне навакольнага асяроддзя (17,9%).
А дзе тут гендарная няроўнасць? На апошнім месцы рэйтынгу. Яна хвалюе 2,7% рэспандэнтаў, і тое гэта ў асноўным маладыя людзі ва ўзросце да 35 гадоў, часцей жанчыны, чым мужчыны, піша «Філін».
— Ці здзівіліся мы? Абсалютна дакладна не, — канстатуе Алена Агарэлышава, — паколькі гэтыя лічбы карэлююць з даследаваннямі калег, якія праводзіліся раней.
Напрыклад, як паказала даследаванне PACT, у 2019 годзе больш за 39% беларусаў не лічылі гендарную няроўнасць праблемай для Беларусі, а яшчэ амаль трэць зусім не ведалі, што гэта азначае. Прыкладна гэтак жа беларусы адказвалі на пытанне, якім НДА (пакуль тыя яшчэ існавалі) давяраюць беларусы: жаночыя арганізацыі ў рэйтынгу аказаліся крыху вышэй за культурніцкія, але значна ніжэй за зоаабарончыя.
Падобныя вынікі — знакамітае «цяпер не да гендару» — паказала вялікае даследаванне, праведзенае SATIO на пачатку 2020 года: гендарная роўнасць трапіла ў найменш актуальныя для беларусаў пытанні, у адрозненне ад добрай працы, дабрабыту і эканамічнага росту. І гэта нягледзячы на тое, што гендарная роўнасць, пашырэнне правоў і магчымасцей жанчын і дзяўчынак — адна з Мэтаў устойлівага развіцця (МУР), і чыноўнікі вельмі любяць гаварыць пра поспехі Беларусі ў іх дасягненні.
Ці змянілася сітуацыя за апошнія некалькі гадоў?
— Мы задалі адкрытае пытанне: што, з вашага пункту гледжання, азначае тэрмін «гендарная роўнасць», і заўважылі тры асноўныя тэндэнцыі, — кажа Алена Агарэлышава. — Пэўная частка апытаных адказала, што не ведае. Яшчэ адна, не вельмі вялікая частка рэспандэнтаў, гаварыла мовай праварадыкальнай прапаганды — маўляў, гэта нешта, што павінна ўзвысіць жанчын над мужчынамі, але гэта немагчыма, паколькі наша прырода зусім розная. Але большасць адказвала, што гаворка пра роўнасць правоў мужчын і жанчын і пераадоленне гендарных стэрэатыпаў.
Што цікава: калі даследчыкі прапанавалі ацаніць канкрэтныя моманты, якія маюць гендарныя перадумовы — да прыкладу, гвалт у дачыненні да жанчын з боку партнёраў, дыскрымінацыю пры прыёме на працу, розніцу ў аплаце працы, дыскрымінацыю бацькоў пры разводзе, абавязковы прызыў у войска мужчын да 27 гадоў, — рэспандэнты ў большасці згаджаліся, што гэта сапраўды важныя праблемы.
Але свой уласны негатыўны досвед многія па-ранейшаму не ўвязваюць з гендарнай няроўнасцю і не лічаць яго часткай агульнай карціны дыскрымінацыі па гендары.
Пры гэтым, адзначае Алена Агарэлышава, «сітуацыі, звязаныя з гендарным гвалтам, выклікаюць нулявую або блізкую да нулявой талерантнасць». Гэта значыць, адкрыты фізічны гвалт у дачыненні да жанчын і дзяцей у беларускім грамадстве ацэньваецца як безумоўна непрымальны, — а, скажам, спіс забароненых для жанчын прафесій — як праява дзяржаўнага клопату пра «слабы пол».
Такім чынам, дасведчанасць пра гендарныя праблемы ў беларусаў застаецца не надта высокай — прычым чым старэйшы чалавек, тым большай нормай яму здаюцца многія гендарныя перакосы і стэрэатыпы.
Што рабіць, каб выкараніць гендарную няроўнасць? Адна з прапаноў рэспандэнтаў — замацаваць гендарную роўнасць на заканадаўчым узроўні, а за парушэнні ўвесці адміністрацыйную адказнасць.
Для мяне гэта хутчэй сігнал: дыскурс пра пакаранні настолькі пранік ва ўсе сферы жыцця, што «мяккая сіла» не разглядаецца як варыянт і дамагчыся нейкіх вынікаў у Беларусі можна толькі праз карныя механізмы.
Мне здаецца, важна ў інфармацыйных кампаніях тлумачыць, што гендарная роўнасць — комплексны тэрмін, які ўключае шмат аспектаў, і што перабудова грамадства будзе ісці на карысць і мужчынам у тым ліку.
— Аднак адукацыйныя, асветніцкія ініцыятывы былі магчымыя, пакуль у Беларусі дзейнічала грамадзянская супольнасць і не былі ліквідаваныя практычна ўсе НДА. Але цяпер іх няма, а прапаганда патрыярхальных «традыцыйных каштоўнасцей» гучыць паўсюдна — ці варта чакаць, што беларусам стане яшчэ больш «не да гендару»?
— Пасля гэтых падзей было адчуванне, што ўсё прапала, што мы стаім на папялішчы, і намаганні грамадзянскай супольнасці за столькі гадоў абнуліліся. Але аказваецца, не, тая велізарная праца такі мела свой вынік, не ўсё прапала, інфармацыя засталася дзесьці на падкорцы ў людзей, — кажа Алена Агарэлышава. — На жаль, правы паварот і прапаганда «традыцыйных каштоўнасцей» — тая рэальнасць, у якой мы цяпер жывём.
Дыскрымінуючыя абмежаванні, якія збіраюцца прыняць у Беларусі адносна жанчын-анестэзіёлагаў і хірургаў — сведчанне, што сітуацыя з правамі жанчын пагаршаецца. І паказальная рэакцыя чыноўніцы, якая заявіла, што не трэба, маўляў, гаварыць пра гендарную роўнасць і талерантнасць, у Міністэрства аховы здароўя свая кадравая палітыка.
Сацыяльным інстытуцыям, якія павінны займацца рэчамі, звязанымі з якасцю жыцця беларусаў, цяпер не да гэтага, НДА беларускія ўлады пазакрывалі. Але праз канкрэтныя праблемы і іх рашэнне, мне здаецца, можна прасоўваць гэтую павестку і паказваць, што ўсе гэтыя асабістыя выпадкі таксама звязаныя з гендарнай няроўнасцю.