Сэксізм і дыскрымінацыя — «асаблівы» шлях дзяржавы

Беларускія чыноўнікі ўсё далей адкатваюць краіну ад цывілізаванага свету — рэпрэсіўнымі і дыскрымінацыйнымі законапраектамі і адсутнасцю павагі да Асноўнага закона, які ў цяперашніх умовах даўно не працуе.

Роўнасць у грамадстве гарантаваная беларусам 32-м артыкулам Канстытуцыі. Ілюстрацыйнае фота: pexels.com

Роўнасць у грамадстве гарантаваная беларусам 32-м артыкулам Канстытуцыі. Ілюстрацыйнае фота: pexels.com

Улетку 2023 года адразу два дзяржаўныя ведамствы ў Беларусі выступілі з ініцыятывамі, якія справакавалі скандал у сацсетках і дыскусію аб сэксізме і дыскрымінацыі. Міністэрства аховы здароўя выпусціла загад, які абмежаваў для студэнтак медыцынскіх ВНУ магчымасць стаць хірургамі і анестэзіёлагамі. А Генпракуратура выступіла з ініцыятывай устанавіць адміністрацыйную адказнасць за прапаганду ЛГБТ, змены полу, педафіліі і чайлдфры, паставіўшы гэтыя з'явы ў адзін шэраг.

«Настоящее время» расказвае пра гэтыя ініцыятывы, пра рэакцыю на іх беларусаў і разбірае з гендарнай даследчыцай і сацыялагіняй Аленай Агарэлышавай, чаму грэблівае стаўленне да жанчын і пакаранне за неадпаведнасць «устаноўленым нормам сэксуальнага жыцця» аказаліся актуальнымі для сённяшняга палітычнага рэжыму ў Беларусі – і да чаго гэта можа прывесці.

«Хірургічныя спецыяльнасці — доля мужчын»

Падпісаны 12 чэрвеня 2023 года загад Міністэрства аховы здароўя Беларусі № 879 «Аб арганізацыі навучання ў субардынатуры» трапіў у адкрыты доступ на пачатку ліпеня. Ён загадвае вызначаць колькасць месцаў на пэўныя спецыяльнасці ў субардынатуры «асобна для студэнтаў мужчынскага полу і студэнтаў жаночага полу». (Субардынатура — гэта першасная спецыялізацыя студэнтаў-старшакурснікаў у медыцынскіх ВНУ; студэнты выбіраюць профіль у медыцыне, па якім будуць атрымліваць далейшыя веды і станавіцца лекарамі-спецыялістамі.) На практыцы аказалася, што загад увёў дыскрымінуючыя гендарныя квоты для жанчын. Напрыклад, у Гомельскім медыцынскім універсітэце на анестэзіялогію і рэаніматалогію ў субардынатуры дзяўчатам выдзелілі 5 месцаў з 45, на хірургію – 13 месцаў з 70. У Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце з 60 месцаў на анестэзіялогію «асобам жаночага полу» выдзелена 20, на хірургію – 31 месца з 70. У Віцебскім медвузе на анестэзіялогію дзяўчатам выдзелена 10 месцаў з 50, на хірургію – 30 месцаў з 80.

Некаторыя студэнткі пракаментавалі новаўвядзенні беларускім СМІ: «Атрымаю дыплом — і адразу ж паеду з краіны. Люблю вучыцца, люблю неадкладную дапамогу, інтэнсіўную тэрапію, але гэты сэксісцкі загад проста з ног зваліў». З'явілася петыцыя, якая заклікае Міністэрства аховы здароўя адмяніць загад, які супярэчыць Канстытуцыі Беларусі — а менавіта артыкулу 32, які гарантуе роўныя магчымасці для мужчын і жанчын у атрыманні адукацыі і ў працы.


Глядзіце таксама

Аніякіх афіцыйных тлумачэнняў, навошта спатрэбіўся такі загад, Міністэрства аховы здароўя пакуль не выпусціла. Але ёсць неафіцыйны каментар начальніцы ўпраўлення кадравай палітыкі ведамства Вольгі Калюпанавай, што яна дала па тэлефоне журналістцы «Еўрарадыё», якая прадставілася звычайнай неабыякавай беларускай. Чыноўніца сказала: «Хірургічныя спецыяльнасці — гэта доля мужчын, анестэзіялогія і рэанімацыя ў тым ліку».

Калі журналістка паспрабавала запярэчыць, што ўвесь свет кажа пра роўнасць, чыноўніца Міністэрства аховы здароўя адказала: «Не трэба мне пра гендарную роўнасць, калі ласка! Увесь свет, прабачце, ідзе па іншым шляху — талерантнасці. Гэта дрэнна! Таму што мужчына павінен быць мужчынам, а жанчына — жанчынай. А не сям'я — адзін бацька, адзін... Не трэба мне свет прыводзіць у прыклад. Мы ажыццяўляем сваю кадравую палітыку».

Вядома, што цяпер у беларускай медыцыне істотны дэфіцыт кадраў: паводле даных агульнарэспубліканскага банка вакансій, не хапае больш за 6,5 тысячы ўрачоў-спецыялістаў і больш за 4 тысячы медсясцёр.

У размове чыноўніца Міністэрства аховы здароўя не прывяла аніякіх навуковых звестак, якія пацвярджаюць, што хірургі-мужчыны ці рэаніматолагі-мужчыны лепш спраўляюцца са сваёй справай. Хоць даследаванні пра ўплыў гендару лекараў на паспяховасць лячэння вядуцца. Так, аўтары праведзенага ў 2017 годзе даследавання прыйшлі да высновы, што ў пацыентаў, якіх лячылі жанчыны-хірургі, назіралася невялікае, але статыстычна значнае зніжэнне 30-дзённай смяротнасці, ускладненняў, паўторнай шпіталізацыі ў параўнанні з пацыентамі, якіх лячылі хірургі-мужчыны. У гэтым даследаванні, апублікаваным навукоўцамі з Канады і ЗША, былі прааналізаваны даныя больш за 104 тысяч пацыентаў, якія праходзілі лячэнне ў 3314 хірургаў, з якіх 774 былі жанчынамі і 2540 — мужчынамі. Іншае даследаванне, праведзенае ў 2021 годзе, прадэманстравала карэляцыю паміж гендарам лекара і пацыента: пацыенткі жанчын-хірургаў радзей сутыкаліся з ускладненнямі і негатыўнымі наступствамі аперацый, чым пацыенткі хірургаў-мужчын. У выпадку пацыентаў-мужчын гендар хірурга на вынік не ўплываў. У гэтым даследаванні аналізаваліся даныя 1,3 млн пацыентаў, якія лячыліся ў 3 тысяч лекараў.

Увядзенне гендарных квот у Беларусі актыўна абмяркоўвалі ў прафесійным чаце «Анестэзіёлагі-рэаніматолагі РБ», дзе знаходзяцца больш за 1400 удзельнікаў і ўдзельніц. Дыскусія пра логіку гэтага загаду звялася галоўным чынам да тэмы доўгага дэкрэта, які «пагаршае кадравы дэфіцыт» у інтэнсіўнай тэрапіі. Вось адзін з дыялогаў:

«Гэтая дыскрымінацыя жанчын беларускімі працадаўцамі зыходзіць большай часткай з закона аб дэкрэце. Уявіце работніцу, якая адразу сыходзіць у дэкрэт, потым адразу ў другі дэкрэт, потым у трэці. Агулам 9 гадоў у вас няма работніка. Вельмі класна». «І гэта адбываецца пад маскай раўнапраўя полаў. А потым выліваецца ў тое, што хірургію прызнаюць не жаночай спецыяльнасцю. Як быццам апераваць можна толькі членам».


Глядзіце таксама

Сацыялагіня і даследчыца ў галіне гендару Алена Агарэлышава тлумачыць сітуацыю з медыцынскімі гендарнымі квотамі уплывам стэрэатыпаў, якія не даюць рацыянальна глядзець на рэчы:

«Паводле аповедаў сябровак з лечфака Белдзяржмедуніверсітэта, жанчынам і раней настойліва рэкамендавалі не выбіраць спецыялізацыі "Хірургія" і "Анестэзіялогія", таму што гэта цяжка, маўляў, шматгадзінная аперацыя, трэба доўга стаяць на нагах, пашырэнне вен, непрыгожыя ногі... Але вельмі шмат жанчын-прадаўцоў працуюць стоячы, і нікога не хвалюе варыкознае пашырэнне вен у іх. Сярод жанчын шмат участковых лекараў, якія ў любое надвор'е ходзяць па дамах, якія адказныя за пастаноўку дакладнага дыягназу тысячам пацыентаў. Чаму гэтая спецыяльнасць нікога не бянтэжыць, а за хірургаў і анестэзіёлагаў хвалююцца? Гэта стэрэатыпы».

«У Беларусі дагэтуль захоўваецца спіс забароненых прафесій для жанчын (сёння гэта 88 пазіцый), — працягвае даследчыца. — Там ёсць цяжкія, але высокааплатныя прафесіі. Пры гэтым у нас шмат цяжкіх прафесій, але іх складанасць як бы не ўсведамляюць, таму што яны нізкааплатныя і нізкапрэстыжныя. Забарону пэўных прафесій тлумачаць клопатам, маўляў, яны цяжкія для жаночага арганізму, маюць высокую рызыку хранічных захворванняў. Але ці значыць гэта, што мужчынскі арганізм несмяротны, што мужчынскімі целамі і арганізмамі мы можам ахвяраваць? Дзіўная логіка. Можа, лепш зрабіць умовы працы добрымі для ўсіх? Якраз калі жанчыны прыходзяць на небяспечныя вытворчасці, гэта робіць умовы працы лепш для ўсіх».

«Усе гэтыя плыні — праявы новай дэмакратыі»

У чэрвені Генпракуратура Беларусі дала справаздачу, што ў краіне з яе дапамогай падрыхтаваныя змены ў Крымінальны кодэкс аб прымусовым лячэнні асоб, якія пакутуюць на педафілію, распрацаваны і зацверджаны клінічны пратакол прымянення хімічнай кастрацыі, а таксама пра тое, што Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву аб увядзенні адміністрацыйнай адказнасці за прапаганду "нетрадыцыйных сэксуальных адносінаў", змены полу, педафіліі і чайлдфры.

Начальніца ўпраўлення інфармацыі Генпракуратуры Анжаліка Курчак патлумачыла гэта так: «Усе гэтыя плыні чайлдфры — гэта праявы новай дэмакратыі. Мы разумеем, што ідзе актыўная прапаганда каштоўнасцей, якія перашкаджаюць развіццю сямейных адносінаў, накіраваныя на аднаполыя шлюбы. Усё гэта ўяўляе пагрозу нашай нацыянальнай бяспецы, дэмаграфічнай палітыцы. Таму мы павінны процідзейнічаць».


Глядзіце таксама

Дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі сапраўды пагаршаецца, пра гэта сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта. У 2022 годзе колькасць народжаных знізілася на 20% у параўнанні з 2019 годам. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці за гэтыя гады ўпаў з 1,73 да 1,38 дзіцяці на адну жанчыну фертыльнага ўзросту. Колькасць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2023 года складала 9 200 617 чалавек. Тры гады таму, на 1 студзеня 2020 года, – больш за 9 349 600.

«З пункту гледжання папулізму выгадна абвінаваціць прадстаўнікоў ЛГБТК+ і чайлдфры ва ўсіх грахах. Але галоўны стрымліваючы фактар нараджальнасці не гэтыя людзі, — кажа сацыялагіня і даследчыца гендару Алена Агарэлышава. — Самы галоўны стрымліваючы фактар — эканамічны. А пасля 2020 года да гэтага фактару дадаўся яшчэ адзін — палітычнае і сацыяльнае становішча ў краіне. Так, ёсць тыя, хто свядома адмаўляецца мець дзяцей, але велізарная колькасць гатовыя нараджаць. Але сёння людзі не адчуваюць сябе ў бяспецы ў Беларусі, масава з'язджаюць з краіны. Асобная тэма — сістэма дзяржадукацыі. Дзяцей ужо з дзіцячага садка водзяць паказваць зброю на "Лінію Сталіна", да іх прыходзіць АМАП паказваць свае трукі. Гвалт настолькі пранік ва ўсе сферы жыцця, што мы з малога ўзросту рыхтуем дзяцей да таго, што яны жывуць у вайсковай дыктатуры. Як у такой сітуацыі людзі могуць наважыцца на дзіця, нават калі і хочуць?».

Рознымі міжнароднымі даследаваннямі даказана, што нараджальнасці спрыяе рэальная стабільнасць у краіне, эканамічная падтрымка сем'яў і жанчын, сацыяльная падтрымка дзяцей і даступныя яслі і сады, пералічвае экспертка.

Алена Агарэлышава не згодная, што сэксізм, гамафобія, проціпастаўленне «нашых» і «заходніх» каштоўнасцей сталі актуальнымі ў Беларусі менавіта цяпер:

«Некалькі гадоў таму з тых жа самых падстаў, што "надыходзіць агрэсіўны Захад", у Беларусі быў заблакаваны законапраект аб хатнім гвалце. Сённяшняя актуалізацыя — гэта вынік таго, што Беларусь становіцца ў ідэалагічным плане моцна залежнай ад Расійскай Федэрацыі, дзе бачныя такія ж тэндэнцыі».

«Складана сказаць, што гэтыя тэндэнцыі — самае небяспечнае ў Беларусі, – працягвае экспертка. — Наш галоўны боль — гэта бесперапынныя рэпрэсіі ўсяго грамадства, уцягнутасць Беларусі ў вайну. У параўнанні з гэтым здаецца не такім страшным, што хтосьці не стане анестэзіёлагам праз гендарныя квоты. На вялікі жаль, мы практычна не можам паўплываць на рэжым у пытанні гендарнай роўнасці і правоў чалавека. Экспертам застаецца толькі збіраць інфармацыю і апублікоўваць яе. Хочацца верыць, што гэта будзе адлюстравана ў міжнародных справаздачах аб правах жанчын і данесена да структур, якія падтрымліваюць гендарную роўнасць у Беларусі».

«Калі адну групу зрабілі "ненармальнымі" і гэта пракаціла — значыць, з любым можна зрабіць гэтак жа»

Гаворачы аб забароне «прапаганды» чайлдфры і ЛГБТК+, Алена Агарэлышава адсылае да адной з работ пісьменніка і філосафа Умберта Эка: у тэксце «Аб вечным фашызме» ён выдзяляе сярод рыс фашызму ксенафобію, культ мужнасці і маскуліннасці, грэблівае стаўленне да жанчын, адмаўленне ўсяго, што не адпавядае ўстаноўленым нормам сэксуальнага жыцця.

«Небяспека ў тым, што для канкрэтнай супольнасці становіцца нармальным дзяліць людзей на розныя катэгорыі і надзяляць іх рознымі правамі. У музеі Дахаў, створаным на месцы аднаго з першых канцэнтрацыйных лагераў у Германіі, ёсць выстава, як гэта ўсё пачыналася: з шаржаў на яўрэяў з доўгімі насамі, з лістоў у рэдакцыю ад абураных грамадзян, што ЛГБТК-людзі — самае горшае, што ёсць у выдатнай арыйскай Германіі. А побач — газавая камера, у якую ты можаш зайсці і на свае вочы ўбачыць апошні шлях людзей. Гэта не значыць, што кпіны і дыскрымінацыя пэўных груп абавязкова прыводзяць да газавых камер. Але хутчэй не ад нежадання рэжымаў, а проста таму, што на такое патрэбныя значныя рэсурсы».


Глядзіце таксама

Дыскрымінуемая група пры гэтым становіцца свайго роду «эксперыментальнай» — калі можна абмяжоўваць у правах адных, атрымаецца і з іншымі, працягвае даследчыца:

«Калі мы прытрымліваемся дэмакратычных поглядаў, то абмяжоўваць правы адной групы ў дачыненні да іншай немагчыма. Непрынцыпова, якая гэта група. Прынцыпова, што [у выпадку такіх абмежаванняў] для грамадства становіцца нармальным нешта забараняць людзям, таму што яны "не такія", "няхай сабе жывуць і не выстаўляюць гэта напаказ". Гэта значыць, мы згаджаемся, што забараняем камусьці быць сабой, згаджаемся з тым, што гэты механізм нармальны. Гэта значыць, што патэнцыйна калісьці могуць прыйсці і па цябе. Не трэба надзяваць ружовыя акуляры. Сапраўды, гэтак жа, як адну групу зрабілі "ненармальнымі" і гэта пракаціла, любога чалавека і іншыя групы могуць зрабіць "ненармальнымі", таму што ў грамадстве ўжо існуе механізм».