Хронікі рэпрэсій за 25 жніўня
Агляд навін знутры Беларусі: затрыманні, суды і новыя палітвязні.
***
Суд Полацкага раёна арыштаваў затрыманага экс-кіраўніка Іркуцкай супольнасці беларускай культуры Алега Рудакова і яго жонку Вольгу на 30 дзён за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11 КаАП), піша «Позірк».
Выданне паведамляе, што прычынай арышту сталі каментары Алега Рудакова і яго жонкі ў інтэрнэце.
Рудаковых затрымалі ў іх доме ў вёсцы Бяздзедавічы 24 жніўня. «Міліцыя сказала, што іх адвязуць у горад "на гутарку" гадзіны на тры, таму яны не бралі з сабой зменных рэчаў і сродкаў гігіены. У выніку — 30 дзён кожнаму», — цытуе свае крыніцы «Позірк».
У 1996 годзе Алег Рудакоў стварыў і 17 гадоў кіраваў Іркуцкай супольнасцю беларускай культуры — найбуйнейшым з чатырох дзясяткаў нацыянальна-культурных утварэнняў у Расіі і адной з самых актыўных беларускіх супольнасцей у Расіі.
***
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 23 жніўня па фотаздымку з акцыі пратэсту ў Дзяржынску асудзілі мужа і жонку Сяргея і Таццяну Дзешчыц. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і прысудзілі па два з паловай гады «хатняй хіміі», піша «Вясна».
Сяргей Дзешчыц быў затрыманы падчас «хапуна» ў Дзяржынску на пачатку красавіка і змешчаны пад варту. Да суду ён утрымліваўся ў жодзінскай турме.
***
Праваабаронцы з «Гомельскай Вясны» паведамілі «Медыязоне», што сілавікі затрымалі мужчыну па імені Міхаіл Лапуноў 9 жніўня. Гэтак жа клічуць бацьку асуджанага за «масавыя беспарадкі» 18-гадовага Мікіты Залатарова.
Суд арыштаваў мужчыну на 15 сутак. Лапуноў павінен быў выйсці на волю ўчора, але гэтага не здарылася. За што судзілі мужчыну першы раз і які вынік другога суду — невядома.
14 ліпеня 2021 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля прысудзіў Залатарова да 1,5 гадоў пазбаўлення волі за «напад на супрацоўнікаў СІЗА» (артыкул 364 КК). Паводле матэрыялаў справы, ён зрабіў падножку супрацоўніку СІЗА Лучкіну. Калі той падняўся, то прыціснуў Залатарова да сцяны, але падлетак схапіў супрацоўніка за валасы і шыю, а таксама нібыта пагражаў прымяніць гвалт на адрас супрацоўніцы Хаўбок і яе блізкіх.
22 лютага 2021 года падлетка прысудзілі да 5 гадоў выхаваўчай калоніі за «ўдзел у масавых бепарадках» (арт. 293 КК), «незаконны выраб выбуховых рэчываў» (арт. 295-3 КК) і «гвалт у дачыненні да міліцыянта» (арт. 364 КК).
Пасля накладання двух прысудаў агульны прызначаны тэрмін зняволення склаў 4,5 гады.
У жніўні 2022 года Мікіту Залатарова перавялі з Магілёўскай папраўчай калоніі № 15 у жодзінскую турму № 8.
***
У Гомельскім абласным судзе 25 жніўня пачаўся разгляд крымінальнай справы палітзняволенай прадпрымальніцы Вікторыі Гаўрылінай. Яе праз ахвяраванні абвінавачваюць у «фінансаванні "экстрэмісцкай" дзейнасці» (арт. 361-2 КК), а таксама ў «незаконным зборы і распаўсюдзе інфармацыі аб прыватным жыцці» (ч. 1 арт. 179, выключаная з КК 26 мая 2021 года) і «незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных» (ч. 3 арт. 203-1). Пра гэта паведамляе «Вясна».
Вікторыя Гаўрыліна — прадпрымальніца, танцорка, маці дваіх дзяцей. Яе разам з мужам Дзмітрыем затрымалі 27 студзеня 2023 года, яна знаходзіцца ў гомельскім СІЗА. Мужа пасля 30 сутак адміністрацыйнага арышту адпусцілі.
На тэлеканале АНТ жанчыну абвінавацілі ў «нявыплаце падаткаў», «"зліве" даных сілавікоў», «удзеле ў плане "Перамога"» і «фінансаванні "экстрэмісцкай" дзейнасці».
Муж Вікторыі Дзмітрый — дырэктар Гомельскага маторарамонтнага завода, вакаліст этна-гурта «Бан-Жвірба».
***
Сілавікі затрымалі мужчыну, які вярнуўся з Польшчы ў Беларусь, пра гэта паведаміў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.
На відэа сілавікоў мужчына кажа, што вярнуўся ў Беларусь чатыры месяцы таму. І быў затрыманы за «дэструктыўныя каментары ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі». Мужчына пакінуў больш за сотню каментароў у розных чатах пад сваім сапраўдным імем і прозвішчам.
Аўтары канала пішуць, што мужчыну пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі за «распальванне варожасці» (арт.130 КК). «Наша Ніва» даведалася, што затрыманы — 30-гадовы Дзмітрый Кавалеўскі.
***
ГУБАЗіК затрымаў дырэктара кавярні «Лаўка» і яго знаёмага, піша «Вясна». Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што затрыманыя «наведвалі акцыі пратэсту, а ў сацсетках публікавалі фотаздымкі пратэснага характару».
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», затрыманыя Дзмітрый Гвай і Максім Анціп.
***
Праваабаронцы паведамляюць, што вядомага эколага Ганну Скрыган 23 жніўня прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Яе абвінавацілі ў «распальванні варожасці». Падрабязнасці працэсу і крымінальнай справы невядомыя, паколькі суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Ганна Скрыган — кандыдатка геаграфічных навук, былая кіраўніца магілёўскага аддзялення міжнароднага аб'яднання «Экапраект». Удзельнічала ў навуковых канферэнцыях, звязаных з экалогіяй і урбаністыкай, выступала экспертам падчас ток-шоу «Цэнтра гарадскіх ініцыятыў». У Беларуска-расійскім універсітэце ў розны час была дацэнтам кафедры бяспекі жыццядзейнасці, а таксама загадчыцай кафедры аўтамабільных дарог.
***
Суддзя суда Браслаўскага раёна Вольга Пракопчык 5 ліпеня пастанавіла арыштаваць на 10 сутак жыхара Мінска Андрэя Круглова, якому паставілі ў віну распаўсюд у сацыяльных сетках «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
У судзе быў агучаны пратакол адміністрацыйнага правапарушэння, з якога вынікала, што Андрэй быў падпісаны на шэраг YouTube-каналаў з назвамі «NEXTA» і «Zerkalo.iо», якія ў розны час былі ўключаны ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Згодна з рапартам супрацоўніка мясцовай міліцыі, правапарушэнне было знойдзена «падчас нясення службы па ахове грамадскага парадку шляхам візуальнага агляду тэлефона правапарушальніка», піша «Віцебская Вясна».
***
Паводле інфармацыі ініцыятывы прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях АПК Вольгі Гарбуновай@klopat_by, пра некаторых самых вядомых палітзняволеных няма аніякіх звестак ужо з паўгода. Напрыклад, 192 дні нічога не вядома пра Марыю Калеснікаву, пра Максіма Знака — 197 дзён, Мікалая Статкевіча — 198 дзён, Ігара Лосіка — 187 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 169 дзён, Віктара Бабарыку — 120 дзён.
***
Сёння праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ восем чалавек.
Гэта Яўген Каваленка, Сяргей Еўдакіменка, Антон Дэйнэка, Павел Абозны, Алена Яфрэменка, Уладзіслаў Пудзяк, Руслан Захарчанка, Уладзіслаў Беладзед.
Усяго ж у спісах «Вясны»1489 прозвішчаў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1738 чалавек. Сярод іх — 193 жанчыны і 8 непаўнагадовых. 18 палітвязняў былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.