Дзе ўзяць грошы?

У Аляксандра Лукашэнкі пачаўся час падвядзення вынікаў года. Звычайна ў такі час ён збірае прэс-тур замежных журналістаў, сустракаецца з айчыннымі кіраўнікамі СМІ, звяртаецца да народа. Але гэтым разам, здаецца, прэс-тураў не будзе. Аляксандр Лукашэнка вырашыў распавесці ўсё кожнаму паасобку.



24397_1261756938_5705x565245_s575x600.jpg


На тыдні Лукашэнка даў маштабныя інтэрв’ю тэлекампаніі «Мір» і брытанскім СМІ — газеце «The Independent» і тэлеканалу BBC.
Аднак навошта гэта, ніхто не зразумеў, бо нічога новага Лукашэнка не сказаў. Еўропа па-ранейшаму высоўвае Беларусі падвойныя стандарты. «На роўным месцы нам прад’яўляюць нейкія прэтэнзіі зыходзячы з двайных стандартаў, — сказаў афіцыйны лідар. — Няўжо наш беларускі рэжым больш жорсткі, чым, напрыклад, расійскі, і тэндэнцыі ў Беларусі горшыя, чым у Расіі? Але тым не менш яны Расію так, торкаюць, дзяўбаюць, як на ПАСЕ апошняй, але крануць баяцца, таму што засаўка ў руках расійскага кіраўніцтва: заўтра застануцца без прыроднага газу і нафты, і што тады?»
Аднак Еўропа, па словах Лукашэнкі, пайшла нават далей. «Нашы ўзаемаадносіны, Беларусі з Еўрапейскім саюзам, — гэта суцэльны, безупынны прыклад таго, як Еўрапейскі саюз хоча перавярнуць не толькі гісторыю, але і нашу краіну», — заявіў Лукашэнка.
Карацей, Еўропа сама вінаватая. Мы да іх з усёй ласкай — а яны да нас падвойныя стандарты.
Але з якой ласкай мы да Еўропы? З адной: «Дайце грошай». І на гэта кінутыя немалыя сілы. Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў узначаліў беларускую дэлегацыю, якая возьме ўдзел у штогадовым восеньскім пасяджэнні саветаў кіраўнікоў МВФ і Сусветнага банка ў Токіа з 12 па 14 кастрычніка. На штогадовых пасяджэннях дэлегацыі краін праводзяць сустрэчы і перамовы па шырокім коле эканамічных і фінансавых пытанняў з кіраўніцтвам міжнародных арганізацый і прадстаўнікамі замежных дзяржаў, а беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі аб намеры атрымаць новы крэдыт ад МВФ.
Што тычыцца Расіі, то Лукашэнка таксама не бачыць прарываў. «Мы гатовы пакет акцый нейкі прадаць, а можа, цалкам завод, калі нам дадуць нармальную цану», — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлекампаніі «Мір», кажучы пра сітуацыю вакол беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. «Пакуль па цане мы не дамовіліся, але працуюць яны ў інтарэсах нашых дзяржаў», — сказаў ён.
У той жа час, праблемы з нафтай абвастраюцца. Беларусь працягвае перамовы з Расіяй аб умовах пастаўкі нафты на 4 квартал 2012 года. Перамовы па нафце, па ўмовах яе пастаўкі ў 4 квартале гэтага года, паміж беларускім і расійскім бокам яшчэ працягваюцца», — сказаў «Інтэрфаксу» прадстаўнік «Белнафтахіма» і адзначыў, што ў канцэрне «падтрымліваюць прапановы расійскага боку», не ўдакладніўшы пры гэтым, пра якія менавіта прапановы ідзе гаворка.
То бок, тут таксама з грашыма праблема.
Не ўсё ў парадку з уступленнем Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Некаторыя эксперты вельмі занепакоеныя гэтым працэсам. Уступленне Расіі ў СГА пагражае спусташэннем адразу некалькіх ключавых галінаў беларускай эканомікі — ад лёгкай прамысловасці да вытворчасці алкаголю і індустрыяльнага сектара. У першую чаргу «эфект СГА» адчуе беларускае грузавое аўтамабілебудаванне. У агляднай перспектыве — вытворцы фармацэўтычнай прадукцыі, халадзільнікаў, тэлевізараў і г.д.
Пошліны на сельскагаспадарчую тэхніку знізяцца ў сярэднім на 5–10%, у выніку Беларусь можа страціць расійскі рынак сельгастэхнікі. Бо цяпер Расія не мае права перашкаджаць пастаўкам такой тэхнікі з іншых краін, адсюль — падзенне экспартнай выручкі. Гэта можа прывесці да банкруцтва вытворцаў сельгастэхнікі Беларусі.
Ужо з 22 жніўня беларускі Мінгандаль спыніў выдачу разавых ліцэнзій на імпарт алкагольнай прадукцыі — цяпер увозіць расійскую гарэлку ў краіну будзе значна прасцей. У Мінгандлі не хаваюць, што выдача разавых ліцэнзій адменена менавіта ў сувязі з уступленнем Расіі ў СГА і рашэннем Камісіі Мытнага саюза. Натуральна, у бліжэйшы час можна чакаць рэзкага росту імпарту алкагольнай прадукцыі.
Да працы ў новых умовах павінна рыхтавацца і мяса-малочная галіна. Расія ўзяла на сябе абавязацельствы па абмежаванні дзяржпадтрымкі сельскай гаспадаркі, і ў рамках АЭП яна будзе дамагацца аналагічных абмежаванняў і для саюзніка. У адваротным выпадку, ёй давядзецца абараняць свой рынак ад беларускай прадукцыі шляхам кватавання паставак.
Але наконт гэтага Лукашэнка нічога не кажа. Ён проста канстатаваў, што вострая неабходнасць уступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю адпала пасля ўваходжання туды Расіі. «Мы фактычна працаваць будзем у межах Сусветнай гандлёвай арганізацыі, асабліва маю на ўвазе, што Расія — наш асноўны партнёр. Таму, можа, нават і лепш, што мы паступова, паступова прывыкнем да гэтых норм Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Ад гэтага нікуды нам не дзецца. Мы не можам адгарадзіцца ад усяго свету, маючы такую эканоміку экспартна арыентаваную, і мы залежныя ад усяго свету, таму нам рана ці позна прыйдзецца ўступіць у СГА», — сказаў беларускі кіраўнік.
Што ж застаецца Беларусі? Грошай не даюць, пошліны ўводзяць, экспарту пазбаўляюць... Але ёсць эфектыўнае выйсце з гэтай сітуацыі!
Некаторыя эксперты не выключаюць, што ў чацвёртым квартале гэтага года сапраўды будуць выпушчаныя палітвязні, асабліва ў выпадку працягу эканамічнага ціску Масквы. Без гэтага, кажуць, Еўропа не пойдзе на змякчэнне падыходу да беларускіх уладаў, а іншыя малапрыкметныя крокі насустрач Захаду будуць мала каціравацца.
Не трэба нам выпускаць палітвязняў! Ні ў якім разе! Хай працуюць за кратамі, толькі ім для гэтага стварыць умовы трэба! Хай больш пішуць на Захад, хай працуюць над сабою! Вось, прыкладам, Алесь Бяляцкі. 28 верасня ён стаў лаўрэатам прэміі Леха Валенсы, а 9 кастрычніка ўвайшоў у шорт-ліст кандыдатаў на атрыманне прэміі Еўрапарламента імя Сахарава «За свабоду думкі».
Не ведаю, колькі там была прэмія Валенсы, але прэмія Еўрапарламента — 50 тысяч еўра. Улічым, што Бяляцкі намінаваны і на Нобелеўскую прэмію міра. Калі ён ім стане — гэта яшчэ крыху больш за мільён долараў. Неслабы прыток валютных паступленняў у краіну!
І гэта — толькі адзін Бяляцкі. А калі стварыць такія ўмовы кожнаму беларускаму палітвязню? Дык тады ніякія крэдыты нам проста не спатрэбяцца. Палітвязні будуць асноўным рухавіком беларускай эканомікі.