Дзень у пікеце: Што кажуць пра Таццяну Караткевіч і як яе троляць

Еўрарадыё правяло дзень з прэтэндэнткай на пасаду ў прэзідэнты і паназірала, як яна збірае подпісы каля ЦУМа і ў Парку высокіх тэхналогій.



main2.jpg

"Колькі ёй, усяго 38? Маладая!" ― безапеляцыйна заяўляюць жанчыны з дзецьмі, падышоўшы да пікета Таццяны Караткевіч ля мінскага ўніверсама "Сталічны". Сябры ініцыятыўнай групы нагадваюць кабетам, што Аляксандру Лукашэнку 20 гадоў таму было 39, маўляў, усяго на год старэйшы за Таццяну."Дык гэта ж мужчына!" ― настойваюць на сваім жанчыны і сыходзяць.

4.jpg

Спёка. +32 у цяньку. Уздоўж ЦУМа і ўніверсама “Сталічны” расцягваюцца пікеты за дзеючага прэзідэнта, Анатоля Лябедзьку і Таццяну Караткевіч. Прыстройваемся да маладых людзей з групы Караткевіч, студэнтаў, абсалютна ненавязлівых і ціхіх. Кажуць, што на вакацыях усё адно няма чаго рабіць, а так, хоць досведу набяруцца ў стасунках з людзьмі. Людзі да іх падыходзяць розныя і па розных прычынах. Нехта ― паставіць подпіс, нехта ― проста пагаварыць (асабліва гэта любяць бабулі на Камароўцы), нехта ― “наехаць” ці нават патроліць. Але, заўважаюць юнакі, больш за Таццяну падпісваюцца менавіта тыя, хто па ідэі ў свой час галасаваў за Лукашэнку, людзі сталага веку, 1927, 30, 40, 50-га года нараджэння, якія рэальна жадаюць пераменаў. Моладзь жа выглядае збольшага пасіўнай і часцей ігнаруе прапанову падтрымаць магчымага кандыдата.

“Моладзь любіць, калі Таццяна прыязджае ― яна ж часта наведвае нашы пікеты, ― распавядаюць юнакі. ― І яны такія: "О, кандыдат у прэзідэнты!". Прыходзяць, размаўляюць. Гэта фішка, што можна жыўцом пагаварыць. Яны бачаць, што яна звычайны чалавек, ездзіць на ровары, цікавіцца, пачым ягады на тым жа рынку. Яны бачаць, што яна абсалютна простая. Многія фатаграфуюцца з ёй. Яна заўсёды ідзе насустрач”.

1_0.jpg

Пакуль мы чакаем Таццяну (яна таксама мусіць з’явіцца ля ЦУМа), за яе падпісваюцца каля 10-ці жанчын. І ўсе як адна кажуць, што робяць гэта, па-першае, у знак салідарнасці, па-другое — у свеце ёсць безліч прыкладаў, калі жанчына выдатна кіруе краінай, і па-трэцяе, толькі жанчына можна навесці парадак у Беларусі, бо мужчыны ўжо сябе паказалі. Да таго ж, там, дзе гаспадарыць жанчына, не можа быць вайны.

"У Таццяны годная біяграфія, ― кажа Лідзія, пенсіянерка. ― Натуральна, ніхто не думае, што жанчына будзе кіраваць нашай краінай, і што тут увогуле можна нешта змяніць. На выбарах пераможа вось хто (жанчына паказвае ў бок пікета за Лукашэнку). Але аддаць свой голас за тое, каб хоць калі-небудзь нешта змянілася, лічу сваім абавязкам".

10.jpg

Мужчыны за 60 таксама не абыходзяць пікет Караткевіч:

“Я буду галасаваць толькі за Таццяну! Яна мне падабаецца, унушае давер, як псіхолаг. Хіба, мала прэзідэнтаў-жанчын? Тэтчар была якім добрым прэм'ерам! Якая жанчына!”

9.jpg

Да пікета Караткевіч падыходзяць і тыя, хто гатовы падпісацца за ўсіх, апроч аднаго кандыдата.

“Не буду казаць, за якога не падпішуся, мне не патрэбныя непрыемнасці”, ― “адразае” адчайная бабуля ў капелюшы, а калі дастае пашпарт, з яго вылятае“пасмешышча ― 2 мільёны 600, якія толькі атрымала за 40 гадоў стажу”. Хлопец побач кажа, што ён патрыёт Беларусі і Расіі, і што лічыць нас рускімі беларусамі, але ўпэўнены, што кіраваць краінай мусіць чалавек разумны, як яго сястра, напрыклад, і патрыёт: “А тое, што ля руля не той чалавек, даўно зразумела, і ўсе гэта ведаюць. І нават баяцца пра гэта казаць. Вось я цяпер гавару, а мяне могуць павязаць”.

2_0.jpg

Аднак не ўсе прыходзяць на пікет мэтанакіравана і ведаюць увогуле, што цяпер адбываецца і навошта стаяць пікетчыкі.

“Гэта ж так прыгожа, жанчына-прэзідэнт. Пра гэта ж увесь свет даведаецца!” ― летуценна разважае яшчэ адна жанчына. Яна тут жа збіраецца падпісацца за Караткевіч, аднак не мае з сабой пашпарта. Ды і ўвогуле, пытаецца пра тое, навошта патрэбныя гэтыя подпісы і нават здзіўляецца, што гэта пакуль не выбары прэзідэнта.

11.jpg

З’яўляецца Таццяна. Яна стаіць ля стэнда са сваёй выявай. Жанчыны, якія праходзяць міма і звяртаюць увагу на пікет, прабягаюць па магчымым кандыдаце ацэньваючым позіркам. Жанчына з клункамі спыняецца, параўноўвае Караткевіч з фота, маўляў, ці яна, а потым кажа, што не давярае жанчынам:

“Жанчына мусіць займацца сям’ёй, што б там ні казалі!” ― і сыходзіць, жадаючы, тым не менш, поспеху. А маладая дзяўчына з радасцю цісне руку Караткевіч, робіць сэлфі і кажа, што калі Таццяна стане прэзідэнтам, яна будзе ўсім паказваць фота.

8.jpg

Сядаем з Таццянай і кіраўніком яе перадвыбарчага штаба Андрэем Дзмітрыевым у бус. Накіроўваемся у Парк высокіх тэхналогій. Па дарозе Андрэй разважае, чаму моладзь, якая выгадавалася за час праўлення Лукашэнкі, настолькі пасіўная ў палітычным плане. А Таццяна распавядае, як неяк на пікеце да яе падышла жанчына і спытала, ці сустракалася яна ўжо з Лукашэнкам. Дзмітрыеў жартуе, маўляў, кажы, што ён шле смс-кі, але ў цябе няма часу. Але Таццяне жарт не падабаецца ― “гэта ж мой выбаршчык, я не магу так жартаваць”. І кажа, што гэтая жанчына параіла пагаджацца на працу, калі Лукашэнка прапануе пасаду.

13.jpg

І вось мы ля беларускай Сіліконавай даліны ― Парка высокіх тэхналогій. Ля пікета Караткевіч як з-пад зямлі тут жа вырастае пікет Лукашэнкі. З будынку адзін за адным выходзяць маладыя людзі ― у іх абед! Але прайсці міма пікета прэтэндэнта ад апазіцыі мала каму ўдаецца, бо ў ролі “зазывалы” сёння цяжкая артылерыя ― сам Сяргей Вазняк з памочнікам. Айцішнікі актыўна спыняюцца, знаёмяцца з Таццянай, робяць сэлфі. Ёсць такія, хто хутка ставіць подпіс і збягае, ёсць тыя, хто праходзіць міма, хто адмыслова ідзе па пашпарт, і тыя, хто задае шмат пытанняў Таццяне, скажам, намацваюць глебу.

15.jpg

Пытаюцца пра досвед ва ўпраўленчай дзейнасці, пра тое, як яна збіраецца з гуманітарнай адукацыяй кіраваць краінай, якім чынам плануе павялічыць заробкі медыкам і настаўнікам, пра будучыню IT-сферы, пра яе біяграфію, чым займаецца цяпер і ці не сваячка яна Уладзіміра Караткевіча. Размовы цягнуцца па некалькі хвілін. Але, бывае, перарастаюць у дэбаты.

Малады чалавек: Як вы ацэньваеце свой шанец перамогі ў прэзідэнцкай гонцы?

Караткевіч: 50Х50!

Малады чалавек: Выдатныя шанцы (смяецца)! Вы ўдзельнічаеце ў цырку! Усё зразумела, што будзе! Патрэбныя статысты. І вы адна з іх.

Вазняк: Гэта не цырк! Статыст вы. Вы хочаце, каб кандыдат быў адзін Лукашэнка!

Малады чалавек: Я не люблю Лукашэнку!

Вазняк: Але вы яму дапамагаеце. Таму што Таццяна робіць яму альтэрнатыву, а вы хочаце, каб быў адзін кандыдат.

Малады чалавек: З чаго вы ўзялі!?

Вазняк: Вы гэтаму спрыяеце. Калі вы не хочаце падпісвацца за альтэрнатыўнага кандыдата і прыйшлі яго троліць.

Малады чалавек: Я не магу падпісацца, бо ў мяне няма пашпарта, гэта раз. Другое, я ўдзельнічаў ў папярэдніх прэзідэнцкіх кампаніях, хадзіў на мітынгі, пляскаў у далоні, размаўляў з нашым электаратам. Дык вось, айцішнікам змены патрэбныя. Але іх так мала. Яны на агульным фоне гэтага статку проста губляюцца. А вы ўдзельнічаеце ў цырку. Я ж не ведаю, хто вас туды запрасіў. Нам жа патрэбныя легітымныя выбары і нам жа патрэбныя кандыдаты. Дай бог, каб вы набралі адзін працэнт, калі вам яго адсыплюць, ці як там яны размяркоўваюць.

Вазняк: Яны нам могуць адсыпаць і нуль, але набяром мы больш за 10.

Малады чалавек: Ну, ладна, набераце вы 1,5 адсотка. 10 адсоткаў вы ў жыцці не набераце.

Вазняк: Ну, першыя апытанні сведчаць, што мы набярэм 25%.

Караткевіч: Я вельмі сур'ёзна стаўлюся да таго, што я раблю. Я не збіраюся нікуды з'язджаць, я збіраюся тут далей жыць. Перада мной стаіць пытанне: я буду ўплываць на сітуацыю ў сваёй краіне, ці не.

Малады чалавек: Не, не будзеце.

Караткевіч: А я веру, што буду, і гэтага дасягну. Мая мэта цяпер — не прэзідэнцкае крэсла. Мая мэта зрабіць так, каб мы, людзі, уплывалі на палітыку дзяржавы…

Малады чалавек: Нешта ваша кампанія такая ціхая. На мінулых выбарах быў Някляеў, Казулін, іх было чуваць. Іх рух быў актыўны і сур'ёзны.

Караткевіч: Цяпер іншыя ўмовы.

Малады чалавек: Я пагляджу вашу праграму. Калі яна будзе апублікаваная?

Вазняк: Праграма будзе, калі будзе 100 тысяч подпісаў.

Аднак падобныя спрэчкі ― хутчэй, выключэнне. Большасць маладых людзей кажуць, што Таццяна ім унушае давер, што яна адзіны сімпатычны кандыдат, і што яны чакаюць другога тура і задаюць пытанне, як палескія бабулі: “А за каго яшчэ?”. Іпамаўскія “дзяўчаты” таксама слухаюць Таццяну, некаторыя кажуць, што падпішуцца, але не факт, што будуць за яе галасаваць, а некаторыя шчыра здзіўляюцца: “Як вы на гэта вырашыліся?! Вы не баіцеся? Вы — смелая жанчына”. Таццяна прызнаецца, што баіцца, але страх яе мабілізуе.

14.jpg

У нейкі момант да пікета пад’язджае міліцэйская машына. Стражы парадку кажуць, што паступіла паведамленне пра незарэгістраваную сімволіку (сцяг “Гавары праўду”). Але Сяргей Вазняк іх запэўнівае, што цяпер усё дазволена. А Таццяна знаёміцца і прапаноўвае падпісацца за яе вылучэнне ў кандыдаты. Міліцыянты, на дзіва, пагаджаюцца. Але пашпарты яны з сабой не носяць.

Абед заканчваецца, спёка робіцца невыноснай. За гадзіну пікет Караткевіч збірае больш за 100 подпісаў. Бус з Таццянай з’язджае, пакідаючы адзінокі пікет Лукашэнкі. За “пладавітую” для Караткевіч гадзіну, пікет дзеючага прэзідэнта ніхто не наведаў. Але ініцыятыўная група Лукашэнкі ўжо і так сабрала не тое, каб сто, а пяцьсот тысяч подпісаў, таму цяпер можа і адпачыць. Адзінае, што стаяць пад такім сонцам не вельмі камфортна.

16.jpg


euroradio.fm