Дзяніс Урбановіч: мяне падтрымлівае вера ў Бога

Адзiн з лiдараў Маладога Фронту Дзянiс Урбановiч, якога часта можна сустрэць на варце хрысцiянскiх дэмакратаў у штосераду, распавёў прэс-службе БХД, чаму бароніць Курапаты і што зрабіў бы, каб стаў прэзідэнтам.

Дзяніс Урбановіч. Фота Алены Ляшкевіч

Дзяніс Урбановіч. Фота Алены Ляшкевіч

— Хто такi Дзянiс Урбановiч, Беларусь даведалася падчас Курапацкай варты. Скажыце, чаму вы стаiце там чацвёрты месяц?

— Пра Курапаты я даведаўся ад свайго настаўніка Уладзiмiра Палупанава, ён жа мне i распавёў, што там расстраляны мой сваяк Казімір Гладкі. З часам я даведаўся пра ўсё, і пра абарону Курапатаў у 2001–2002 гадах. На гэты момант я лічу, што бараніць гэтае святое месца — мой абавязак. Як беларус, я павінен быць там у небяспечную хвіліну. У 2017 годзе я не змог прыняць удзел у абароне Курапатаў, бо адбываў пакаранне, і моцна перажываў, што і як будзе далей. Зараз я буду стаяць столькі, колькі прыйдзецца, я поўнасцю гатовы ахвяраваць сабой дзеля гэтай святой справы.

— Многіх уразілі вашы ахвярныя акцыі "Кабак НКУС зачынены", "Байкот Гранд Кушавелю", "За вольныя выбары". Распавядаюць, што нават падчас адсідак вы змагаецеся з сістэмай прамовамі ды галадоўкамі. Адкуль такі характар?

— З такой сістэмай, якая зараз у нашай краіне, змагацца можна толькі з цвёрдым характарам. Мяне падтрымлівае вера ў Бога. Я веру ў будучыню Беларусі, у адраджэнне беларушчыны. Таму пры кожным моманце, дзе б я не знаходзіўся, я спрабую хоць нешта зрабіць, змагацца рознымі шляхамі, якімі толькі магчыма.

— Распавядзіце, калі ласка, пра сябе.

— Нарадзіўся і жыву я ў Лагойскім раёне, у вёсцы Мiхалкавiчы, у хаце сваіх сваякоў Язэпа, Казiмiра Гладкiх, беларускіх асветнікаў. Вучыўся у беларускай школе ў вёсцы Корань. Скончыў 11 класаў, потым пайшоў вучыцца у МДПТУ у Мінску. Заўсёды цікавіўся гісторыяй свайго краю і Беларусі. У жыцці я вельмі ўдзячны свайму бацьку Iосіфу Iосiфавiчу, а таксама настаўніку Уладзіміру Васiльевiчу Палупанаву, які мяне заўсёды вучыў любіць сваю Радзiму, мову i бараніць пры небяспецы. Прымаў удзел у акцыях апазіцыі, у партыях я не быў. У 2015 годзе мяне і майго сярэдняга брата асудзілі па артыкулах 370 i ч. 2 арт. 339. за нашу акцыю супраць фальсіфікацыі выбараў, мне далі 2 гады спецкамендатуры, а брату — 1,6 гады. Пасля выхаду я зноў прымаў удзел у акцыях.

1538373128_41325043_1870599876343128_6417503441777590272_o.jpg


— Вы ўжо зараз — адзiн з лiдараў Маладога Фронту — руху, заснаванага на хрысцiянскiх каштоўнасцях. Чаму далучыліся менавіта да МФ?

— Мяне заўсёды цікавіла нацыянальная iдэя, i як прыцягнуць моладзь да беларускага руху — каб не згубіць нашы нацыянальныя каштоўнасці, мову, культуру. Моладзь нясе адказнасць за лёс сваёй краіны. Зрабіць моцнае нацыянальнае пакаленне. Таму Малады Фронт мне найбольш блізкі па духу, па мэтах. Таму я абраў Малады Фронт.

— Як вы лiчыце, чаго зараз не хапае беларускаму народу? Апазiцыi?

— Народу не хапае смеласцi i адказнасцi за сваю краiну. Сiстэма знiшчыла ўсё, таму свае жыццё наш народ абраў сам сабе. Апазiцыя: на гэты момант большая частка людзей не падтрымлівае апазіцыю, таму што кожная партыя цягне на сябе коўдру. Толькi калi аб'яднаемся, зробiм адзiны кулак, тады можна выступiць. Можна будзе вылучыць адзiнага кандыдата. Вось, можа, тады будзе сапраўдным крокам, i народ зразумее i падтрымае.

— Якія тры першыя пастановы вы б прынялi, калi б вас абралi прэзiдэнтам Беларусi?

— Па-першае — гэта аднаўленне нашай нацыянальнай сiмволiкi, гiмна. Па-другое, узмацнiць мяжу з Расіяй. Па-трэцяе, ператварыць у Беларусь у парламенцкую рэспублiку.

— У вас ёсць магчымасць звярнуцца да чытачоў. Што б вы хацелі ім сказаць?

— Па-першае, трэба паважаць адзiн аднаго. Падтрымлiваць, i паспрабаваць яшчэ раз аб'яднацца. Свабода, перамога сама не прыйдзе, яе трэба здабыць, наколькi магчыма мiрна, але калi спатрэбiцца — то i ўступiць у бой. Усiм дзякуй! Жыве Беларусь!

bchd.info